Першы намесьнік старшыні прэзыдыюму Акадэміі навук Беларусі Сяргей Чыжык патлумачыў, чаму Тадэвуша Касьцюшку нельга лічыць нацыянальным героем Беларусі.
Што адбылося?
- Сёлета ўвесну 90 чалавек прапанавалі надаць адной з вуліц Менску імя Тадэвуша Касьцюшкі. Менгарвыканкам адмовіў спаслаўшыся на заключэньне Акадэміі навук, зьмест якога не раскрываўся.
- Мянчук Дзьмітры Плашчынскі папрасіў Акадэмію навук паказаць тэкст заключэньня і абгрунтаваць, чаму яны так лічаць. Плашчынскі перадаў Свабодзе адказ Акадэміі навук, падпісаны Чыжыкам.
Што думаюць пра Касьцюшку ў Акадэміі навук?
Паводле адказу Акадэміі навук, называць Касьцюшку нацыянальным героем Беларусі «абсалютна неправамерна», бо:
- Касьцюшка разглядаў Рэч Паспалітую як польскую дзяржаву;
- Адстойваў канстытуцыі Рэчы Паспалітай 1791 году, паводле якой назву дзяржавы «Рэч Паспалітая абодвух народаў» замянілі на «Рэч Паспалітая польская»;
- «Выступаў за палянізацыю народнасьцяў Рэчы Паспалітай, у тым ліку і беларусаў».
У 2018 годзе ва ўрочышчы Марачоўшчына ля Косава адкрылі помнік Касьцюшку. Збор сродкаў на яго падтрымалі 690 чалавек, агулам сабралі 22 075 рублёў. Вылепіў скульптуру Гэнік Лойка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: New York Times: Славутаму Касьцюшку нарэшце аддалі належнае на Бацькаўшчыне