Лінкі ўнівэрсальнага доступу

New York Times: Славутаму Касьцюшку нарэшце аддалі належнае на Бацькаўшчыне


На ўрачыстым адкрыцьці помніка Тадэвушу Касьцюшку ў Марачоўшчыне каля Косава. 12 траўня 2018 году
На ўрачыстым адкрыцьці помніка Тадэвушу Касьцюшку ў Марачоўшчыне каля Косава. 12 траўня 2018 году

Чаму герою амэрыканскай Вайны за незалежнасьць, аднаму з правадыроў польскага паўстаньня супраць Расейскай імпэрыі Тадэвушу Касьцюшку раптам паставілі помнік у Беларусі — саюзьніцы Расеі, якою ўжо 25 гадоў кіруе аўтакратычны лідэр? На гэта пытаньне шукае адказу журналіст New York Times.

Томас Джэфэрсан вітаў яго як «найчысьцейшага сына свабоды, якога ён толькі ведаў». У Нью Ёрку яго імем названы мост, вуліца і басэйн — на знак пашаны за ягоную ролю ў амэрыканскай Вайне за незалежнасьць. Польшча ўшаноўвае яго як правадыра паўстаньня супраць Расейскай імпэрыі канца XVIII стагодзьдзя, піша Эндру Хігінс у New York Times.

А што ж Андрэй Тадэвуш Касьцюшка, які ўсё сваё жыцьцё быў зацятым ворагам аўтакратыі, робіць у цэнтры дзяржаўнага мэмарыяльнага комплексу ў Беларусі — блізкай саюзьніцы Расеі, кіраванай ужо 25 гадоў тым самым аўтакратычным лідэрам?

Адказ вельмі просты: Касьцюшка нарадзіўся і вырас у ідылічнай сельскай мясцовасьці каля Косава, беларускага мястэчка за паўтары сотні кілямэтраў на паўднёвы захад ад беларускай сталіцы Менску.

Стаміўшыся ад таго, што яе ўспрымаюць як прыдатак Расеі і называюць «апошняй дыктатурай Эўропы», або — што яшчэ горш — проста ігнаруюць, Беларусь цяпер усхваляе свайго самага славутага героя.

«Ён — нацыянальны герой Амэрыкі, нацыянальны герой Польшчы, але ён і наш герой, — кажа Ірына Семянюк, намесьніца дырэктара мэмарыяльмага комплексу, — Дзякуючы яму, пра нас ведаюць».

Многія іншыя масьціны сёньняшняй Беларусі могуць прэтэндаваць на славу, напрыклад, Мір, дзе нарадзіўся Луіс Мэер, кінапрадзюсэр і сузаснавальнік кампаніі Metro-Goldwyn-Mayer, або Наваградак, адкуль паходзяць продкі зяця прэзыдэнта Трампа Джарэда Кушнэра.

Але ніводная мясьціна не зраўнаецца з Косавам, дзякуючы сусьветнай славе яе сына, чыім імем названая найвышэйшая гара ў Аўстраліі і які стаіць на п’едэстале ў Амэрыканскай вайсковай акадэміі ў Вэст-Пойнце.

Беларускі гісторык Леанід Несьцярчук, які ўзначальвае Фонд Касьцюшкі, кажа: «Палякі кажуць, што ён належыць ім. Тое самае кажуць літоўцы і ўкраінцы. І амэрыканцы таксама. Але я заўсёды кажу, што Касьцюшка не належыць нікому. Ён належыць усяму сьвету як сапраўдны дэмакрат і змагар за свабоду».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG