Міліцыя не пусьціла шматразовую мэдалістку чэмпіянатаў сьвету ў мастацкай гімнастыцы Меліціну Станюту на вуліцу ў Менску, якая носіць імя яе прабабулі, акторкі Стэфаніі Станюты. Гэтая вуліца знаходзіцца на тэрыторыі катэджнага пасёлку, які належыць Dana Holdings.
Што адбылося?
Паводле Станюты, на ўваходзе на агароджаную вуліцу міліцыянтка не пусьціла спартоўку без дазволу, спасылаючыся, што на вуліцы ідзе будоўля. У кантакт-цэнтры Dana Holdings Станюту накіравалі ў аддзел продажаў кампаніі, дзе «пайшлі падумаць і паклалі слухаўку».
Апэратыўна зьвязацца з прадстаўнікамі Dana Holdings Свабодзе не ўдалося.
Чаму вуліца закрытая?
Вуліца Стэфаніі Станюты зьявілася ў Менску ў 2014 годзе. Разам з часткай вуліцы Кальцова яна перакрытая плотам, побач зь якім знаходзіцца шлягбаўм і кантрольна-прапускны пункт. За плотам — катэджны пасёлак.
Як пісала «Наша ніва», у 2016 годзе Менгарвыканкам адвёў участак зямлі забудоўніку Dana Holdings. Тут кампанія пабудавала 14 катэджаў, якія ў свабодны продаж не паступалі.
Dana Holdings — кампанія-забудоўнік, падкантрольная сэрбскім бізнэсоўцам братам Багалюбу і Драгаміру Карычам, асабіста знаёмым з Лукашэнкам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Самі вінаватыя. Ці могуць людзі нешта зрабіць, калі новабудоўля закрывае ім белы сьвет?