Аляксандар Лукашэнка 9 жніўня наведаў адзін з аб’ектаў урадавай сувязі КДБ. Паводле ягонай прэс-службы, яму паказалі айчынныя ўзоры тэхнікі спэцыяльнай сувязі і апаратуры шыфраваньня, у тым ліку абароненай мабільнай тэлефоннай сувязі. Паведамляецца, што ад старога аналягавага перайшлі да лічбавага абсталяваньня.
Што яшчэ паказалі Лукашэнку:
- рухомы вузел урадавай радыёсувязі зь дзьвюх машын і з экіпажам зь сямі чалавек. На ўзбраеньне ў 2020 годзе будзе прыняты вузел сувязі новага пакаленьня на базе мікрааўтобуса з экіпажам з трох чалавек.
- рухомы комплекс тэхнічнага кіраваньня контратэрарыстычнай апэрацыяй, які можа запускаць дроны, выяўляць і нэўтралізоўваць бесьпілётнікі. Цяпер ён праходзіць выпрабаваньні.
«На гэта грошай шкадаваць ня трэба», — сказаў Лукашэнка начальніку Апэратыўна-аналітычнага цэнтру Андрэю Паўлючэнку. — Тут нам трэба дасканаласьць, каб не было разбою: захацеў нейкі начальнік некага праслухаць — праслухаў, потым прадаў інфармацыю або некаму распавёў. Гэтага быць не павінна», — удакладніў кіраўнік краіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: КДБ прадставіў беларускі тэлефон для ўрадавай сувязі. Што зь ім ня такЗвычайных людзей праслухоўваць няма складанасьці
«Найперш гаворка вялася пра абароненасьць урадавай, вайсковай сувязі», — пракамэнтаваў паказанае БелТА вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін.
Паводле яго, праслухаць звычайных людзей, якія карыстаюцца неабароненай, некадаванай сувязьзю, няма вялікай цяжкасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму КДБ можа легальна слухаць любыя размовы і што з гэтым рабіць«Усе мабільныя апэратары падпісваюць адпаведныя абавязаньні зь сілавымі органамі, для таго каб даваць ім магчымасьць праслухоўваць цікавых ім абанэнтаў ці запісы іх размоў і СМС за пэўны пэрыяд. У выключных выпадках, калі ідзе агентурная праца, сачэньне за агентамі ці тэрарыстамі, прымяняюцца спэцсродкі, якія дазваляюць здымаць гук з вокнаў праз шкло», — кажа Алесін.
«Працэдура не заўсёды працуе так, як яна прапісаная ў законе»
Праслухоўваньне грамадзян Беларусі рэгулюецца законам аб апэратыўна-вышуковай дзейнасьці і Крымінальна-працэсуальным кодэксам. Дазвол на праслухоўваньне выдаецца пракурорам, старшынём Сьледчага камітэту альбо старшынём КДБ.
Юрыст і сузаснавальнік праваабарончай арганізацыі Human Constanta Аляксей Казьлюк кажа, што ў Беларусі здараюцца парушэньні заканадаўства. У прыклад ён прывёў нядаўнюю «справу БелТА», калі праслухоўваліся тэлефонныя размовы журналістаў парталу Tut.by.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праслухоўваньне тэлефонаў, ананімкі і роля кіраўніка БТ. Загадкі «справы БелТА», пра якія мы даведаліся ў судзе«Справа пачалася адной датай, але ў ёй фігураваў запіс размовы паміж журналістамі, зроблены больш як за месяц, — згадвае ён. — Там не было згадак пра санкцыю пракурора ці іншыя законныя падставы для такога праслухоўваньня. Прынамсі, гэтага не прагучала ў залі суду, хоць і было прамое пытаньне адваката.
Гэта можа сьведчыць пра тое, што працэдура не заўсёды працуе так, як яна прапісаная ў законе. Яна сьведчыць пра непразрыстасьць сыстэмы і пра парушэньне права на асабістую недатыкальнасьць».
Паводле Казьлюка, сама працэдура дазволу на праслухоўваньне не адпавядае стандартам правоў чалавека:
«Гэтая працэдура магла б праходзіць пра суд, калі судзьдзя вырашае, ці варта ў такой сытуацыі праслухоўваць тэлефонныя размовы. І, адпаведна, гэта робіцца да таго, як гэтыя размовы праслухоўваюцца. Калі ў нас няма судовай санкцыі на гэта, то можа быць такая сытуацыя, калі спачатку праслухоўваюць, а потым атрымліваюць санкцыю ў сваім жа ведамстве. Таму сама працэдура патрабуе перагляду».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Лукашэнка знаёміўся з IT: ад «сьметніцы» і «мацерных словаў» да «пляфонаў» і «лічбавізацыі»