Басманны суд Масквы ў панядзелак арыштаваў да 11 кастрычніка чальца расейскай апазыцыйнай партыі «Яблоко» Валерыя Касьцянка. Яго абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках на акцыі пратэсту ў Маскве 27 ліпеня, паведамляе «МБХ медиа».
Паводле прадстаўніка Сьледчага камітэту Расеі, Касьцянок даў паказаньні, прызнаўся ў злачынстве і раскаяўся. Раней на сайце партыі «Яблоко» паведамлялі, што гэтая інфармацыя непраўдзівая. Згодна з пратаколамі допыту абвінавачанага, ён узяў са сьметніцы дзьве плястыкавыя бутэлькі і кінуў іх у расгвардзейцаў. Сьледчыя настойвалі на тым, каб Касьцянка ўзялі пад варту, сьцьвярджаючы, што ён можа схавацца. Пракуратура і адвакат абвінавачанага прасілі пра хатні арышт.
Удзень 11 жніўня да Касьцянка прыйшлі зь ператрусам, а потым даставілі ў Сьледчы камітэт Расеі. На ноч яго пакінулі ў ізалятары часовага ўтрыманьня. Касцянок стаў 14-м абвінавачаным у справе аб «масавых беспарадках» на пратэсьце ў Маскве 27 ліпеня. Праваабаронцы і юрысты зьвяртаюць увагу на тое, што ніякіх «беспарадкаў» у Маскве не было, ня кажучы ўжо пра «масавыя».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрыманы на пратэсьце ў Маскве рэжысэр трапіў у рэанімацыю