Што рабіць, калі чалавеку забараняюць вучыцца на рэжысэра, бо ён ці яна на інвалідным вазку? Майстэрня сацыяльнага кіно зладзіла #ART_INCLUSION — буйны інклюзіўны курс аб дакумэнтальным кіно, сацыяльнай рэкляме, YouTube-блогінгу і сцэнарным майстэрстве.
«Чалавек з інваліднасьцю на здымачнай пляцоўцы можа працаваць кім заўгодна, — упэўнены Канстанцін Варабей, намесьнік дырэктара Майстэрні сацыяльнага кіно і кінапрадусар. — У Амэрыцы ёсьць студыя, у якой на мантажы працуюць людзі з аўтызмам. Шмат якім кіношнікам не падабаецца працаваць з мантажом: гэта вельмі манатонны і працяглы працэс. Для людзей з аўтызмам наадварот: яны канцэнтруюцца на дэталях, ім гэта падабаецца. І гэта камэрцыйная мадэль, калі добра і бізнэсу, і чалавеку з інваліднасьцю».
«Я падумала: „Блін, дык гэта ж праца лайтовая“»
Студэнтка майстэрні Аляксандра Гароднікава мае адукацыю правазнаўцы, скончыла юрыдычны каледж БДУ. Чэмпіёнка Беларусі і бронзавая прызэрка чэмпіянату сьвету па танцах на вазках.
«Дзякуючы танцам я трапіла ў кіно. Нас запрасілі станцаваць на заднім фоне ў фільме „Моц любві“ (расейскі міні-сэрыял 2013 году пра танцорку, якая трапіла ў аварыю і апынулася ў інвалідным вазку. — РС). Я трапіла на здымачную пляцоўку, і гэта была любоў зь першага погляду — мне так спадабаўся працэс! Я пабачыла, што рэжысэр сядзіць проста за кампутарным сталом, усе вакол бегаюць, ён дае ўказаньні. Я падумала: „Блін, дык гэта ж праца лайтовая!“ (сьмяецца)».
Так Саша прыйшла спачатку ў «Эгалітэ» (мэдыямайстэрню пры сацыяльна-рэабілітацыйнай установе «Эгалітэ цэнтар». — РС) на кароткатэрміновы курс аб ілюстраваным інтэрвію, далей — на першыя інклюзіўныя курсы Майстэрні сацыяльнага кіно «Новы погляд». А пасьля вырашыла паступаць на дзённае аддзяленьне ў Акадэмію мастацтваў на рэжысэра.
«Я здала ЦТ, і мне б гэтага хапіла. Я ўжо рыхтавалася з Палупанавым (Андрэй Палупанаў, рэжысэр, прадусар, сцэнарыст, дырэктар Майстэрні сацыяльнага кіно, заснавальнік уласнай кінашколы-студыі. — РС) да ўступных іспытаў. Адзіная загваздка — мне як інваліду трэба было прайсьці МРЭК. І МРЭК адмовілі мне. Сказалі, што праз маю параплегіі ніжніх канцавін я не магу вучыцца. Я кажу: „Як гэта так? Я ж вось тут знаходжуся, я магу здымаць!“ Я спрачалася, спрабавала пераканаць, а яны ўсё роўна сказалі „не“».
МРЭК была катэгарычная: паводле заканадаўства, Саша мусіць працаваць пэўную колькасьць гадзін і мець пэўнае працоўнае месца. А прафэсія рэжысэра такога не прадугледжвае.
«Калі людзі выбіраюць рэжысуру, я іх у першую чаргу таксама спрабую адгаварыць, таму што гэта складана. — кажа Андрэй Палупанаў. — Але гэта не траўматычна — хіба што псыхалягічна. А Саша ж вельмі моцная. На якой падставе ёй адмовілі? Яны праводзілі псыхалягічную экспэртызу? Хутчэй за ўсё, ёй адмовілі таму, што яна на вазку».
«На адным полюсе — змрочныя цётачкі з ТЦСАНаў, на другім — Аўдзевіч»
«Адзіная магчымасьць атрымаць рэсурсы і нешта данесьці — гэта журналістыка і дакумэнталістыка, — запэўнівае яшчэ адзін з удзельнікаў курсу #ART_INCLUSION Аляксандар Ергулевіч. — Ёсьць сьмешная цытата, якую прыпісваюць Леніну: „Пакуль пралетарыят непісьменны, кіно застаецца самым галоўным з мастацтваў“».
Аляксандар мае дзьве магістарскія ступені: у касацыйным праве і сацыяльнай псыхалёгіі. У майстэрні вучыцца з 2015 году.
«Людзей з інваліднасьцю, якія займаюцца творчасьцю, даволі шмат. Але ад таго, што ў нас такая культурная праблема — ты павінен быць альбо пры сьмерці, альбо ўвогуле не казаць, што ў цябе інваліднасьць, каб ня трапіць пад жорны дыскрымінацыі, — атрымліваецца, што шматлікія творцы ня хочуць аб праблеме інваліднасьці гаварыць увогуле».
Сам Аляксандар працуе над трыма фільмамі. Першы — пра экафітнэс, другі — у суаўтарстве — пра вязьня Бухэнвальду, інваліда па ўзросьце. Трэці — „Скрыжаваньне шляхоў“ — пра хлопчыка з ДЦП, які выйшаў з інтэрната і апынуўся адзін на адзін зь беларускай рэальнасьцю.
«Я хачу данесьці да людзей усе гэтыя праблемы людзей з інваліднасьцю. Ня ў спрошчаным, прымітызаваным гераічным варыянце: мы можам усё! Не ў прымітызаваным дзяржаўным варыянце, калі бедненькія інваліды ня могуць зусім нічога, але добрая беларуская дзяржава пра іх клапоціцца. Гэта дзьве крайнасьці. На адным полюсе — змрочныя цётачкі з ТЦСАНаў (Тэрытарыяльны цэнтар сацыяльнага абслугоўваньня насельніцтва. — РС), якія займаюцца загонным паляваньнем на людзей з інваліднасьцю, каб іх там прымацаваць і атрымліваць фінансаваньне, на другім — спадар Аўдзевіч (кіраўнік Лідскай міжраённай грамадскай арганізацыі «РАІВ», блогер. — РС)».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як людзі бяз зроку і на інвалідных вазках становяцца барыстамі. ВІДЭА«Звычайны чалавек ня будзе нічога глядзець толькі таму, што гэта зрабіў чалавек з інваліднасьцю»
«Ёсьць розныя фарматы працы, — разважае Канстанцін Варабей. — Камусьці падабаецца ТНТ, камусьці НТВ, хтосьці глядзіць «Белсат», а хтосьці БТ. Гэта розныя людзі з рознымі зацікаўленьнямі, і на іх працуюць розныя сродкі масавай камунікацыі. Тое, што робяць Аляксандар Аўдзевіч і Аляксандар Ергулевіч, вельмі адрозьніваецца, але кожнаму сваё.
Тут варта ацэньваць усё, як у звычайным жыцьці. Я, напрыклад, пагляджу таго блогера з інваліднасьцю, які робіць якасны, цікавы мне кантэнт, але ж я працую ў сацыяльнай сфэры. А возьмем звычайнага чалавека, які жыве ў рэжыме „хата-праца-хата“, ён ня будзе нічога глядзець толькі таму, што гэта зрабіў чалавек з інваліднасьцю».
«Каб пашырыць аўдыторыю, каб кіно пра чалавека на вазку глядзеў ня толькі чалавек на вазку, трэба браць у цэнтар гісторыі агульначалавечыя тэмы, якія кранаюць усіх: сяброўства, каханьне, сям’я, стасункі, — тлумачыць Андрэй Палупанаў. — І пасьля дадатковай тэмай, падтэкстам браць сацыяльныя аспэкты, пра якія хочам расказаць. І тады гэта будзе закранаць усіх».
Амаль гадавы курс аб дакумэнтальным кіно вялі выдатныя беларускія рэжысэры Вольга Дашук і Віктар Аслюк.
«Мы разумелі, што Віктар Аслюк і Вольга Дашук — гэта ўжо буйныя кінэматаграфісты, якія маюць прызнаньне ў Эўропе, — тлумачыць Канстанцін. — І, калі мы паставілі іх выкладчыкамі курсу, дзе большасьць людзей здымалі ўпершыню, гэта было дзіўна, таму што іхны ўзровень ня вельмі супадаў. Але мы адразу вырашылі, што будзем даносіць вучням усё з пазыцыі прафэсійнага мастацтва».
«Сацыяльнае таксі не працуе па выходных»
Але ж нават калі б МРЭК дазволіў Аляксандры паступіць, бар’ернае асяродзьдзе ўнутры Акадэміі мастацтваў зрабіла б гэтае навучаньне невыносным.
«Там такія жудасныя ўмовы з пункту гледжаньня «безбар’еркі». Там чалавеку без інваліднасьці цяжка вучыцца, стары трухлявы двухпавярховы будынак», — тлумачыць Канстанцін.
Але і сама майстэрня сутыкнулася зь цяжкасьцямі: ужо больш за 4 месяцы яны шукаюць зручнае безбар’ернае памяшканьне. Не, памяшканьні, вядома, ёсьць. Але па цане 30 эўра за квадрат.
Былі праблемы з доступам і падчас сёлетняй адукацыйнай праграмы. На майстар-клясе польскага прадусара Паўла Квасьнеўскага аб працы з YouTube вучыўся Дзмітры Моніч, хлопец з рэгіёну, які мае траўму шыйнага аддзелу хрыбта. У Менску ён жыў у сяброў, але ж і яны былі людзі з інваліднасьцю. Майстэрня знаходзіла валянтэраў, каб кожны дзень дапамагаць хлопцу пераадолець шлях ад хаты да курсаў.
«Безумоўна, гэта атрымалася толькі таму, што ў яго была вялікая матывацыя. Я разумею, што большасьць нават не зьвярнуліся б да нас з асабістай просьбай. На жаль, пакуль інклюзіі ня будзе паўсюль, заўсёды будуць нейкія бар’еры. Напрыклад, ёсьць сацыяльнае таксі. Але мы робім курсы, каб усім зручна было, у выходныя. А ў выходныя яно не працуе. І зразумела, што інтэграваць дзяржаўны мэханізм і недзяржаўны не атрымліваецца. У нас функцыя сацыяльнага таксі — гэта давезьці да лякарні і назад, яно не прадугледжвае, што чалавек паедзе кудысьці вучыцца», — тлумачыць Канстанцін.
У будучыні майстэрня плянуе і далей рабіць акцэнт на рэгіянальныя мерапрыемствы, хоць арганізатары і разумеюць: ва ўмовах паўсюднай беднаты не да відэаблогінгу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аляксандра Чычыкава марыць правесьці Нацыянальны конкурс «Міс Беларусі на інвалідным вазку»«Любое кіно сацыяльнае»
Майстэрня сацыяльнага кіно паўстала ў 2013 годзе як спалучэньне студэнцкага імпэту кінааматараў з БДЭУ і рэжысэра Андрэя Палупанава. Першыя працы майстэрні былі прысьвечаны тром кітам сацыяльных праблем Беларусі: інклюзіі, гендэрнай роўнасьці і хатняму гвалту.
«Мы за кіно ўвогуле, — кажа Андрэй Палупанаў. — Калі казаць пра сацыяльны аспэкт, то, насамрэч, любое кіно сацыяльнае, проста ў большай ці меншай ступені. Калі ў большай, то гэта прапагандысцкае кіно, з чырвонай лініяй і пэўнай ідэалёгіяй. Калі ў меншай, то гэта любое кіно, дзе вельмі тонка, нейкім падтэкстам праходзіць пэўная тэма. Я супраць прапагандысцкага кіно, гэта тоўста, непрыгожа, «у лоб», — глядач такога ня любіць».
Але ж у майстэрні ўпэўнены: інклюзія — гэта ня толькі пра інваліднасьць.
«Мы спрабуем набіраць людзей зь вельмі розным досьведам і пазыцыямі, — пералічвае Канстанцін. — вельмі розных сацыяльных клясаў: людзі з інваліднасьцю ці безь яе, людзі рознага ўзросту (ад 20 да 55 гадоў), людзі розных прафэсій (прафэсійны кіношнік, настаўнік, бізнэсовец). І самае цікавае ў гэтым, што, калі яны абмяркоўваюць працы адно аднаго, мы і бачым акурат рэакцыі розных слаёў грамадзтва».
Фільмы выпускнікоў курсу #ART_INCLUSION Майстэрні сацыяльнага кіно можна будзе пабачыць 1 верасьня: арганізатары абяцаюць спэцыяльны кінапаказ у IBB.