10 жніўня 2019 году, калі на акцыю пратэсту ў Маскве выйшлі больш за 50 тысяч чалавек (паводле ацэнак «Белага лічыльніка»), прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін прыняў удзел у мотапрабегу з байкерамі з «Начных ваўкоў». Яны праехаліся па анэксаваным Крыме.
Уладзімір Пуцін кіраваў матацыклам «Урал» з расейскім сьцягам і каляскай, у якой сядзеў кіраўнік расейскай адміністрацыі Крыму Сяргей Аксёнаў. Побач з Пуціным на іншым матацыкле ехаў байкер Аляксандр Залдастанаў, вядомы як Хірург. На сьцягу у Залдастанова, як адзначае BBC, можна было бачыць дзіўны знак, які становіць сабою гібрыд гербаў СССР і Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пратэсты ў Маскве: «хапун» безь перакладу зь беларускайМіністэрства замежных справаў Украіны ўжо выказала пратэст у сувязі з паездкай Пуціна ў Крым, назваўшы яе «грубым парушэньнем расейскім бокам» сувэрэнітэту Ўкраіны.
Падчас буйной акцыі пратэсту 27 ліпеня 2019 году ў Маскве Пуцін апускаўся ў батыскафе на дно Фінскае затокі. Дзе ён быў падчас пратэстаў 3 жніўня, невядома.
Акцыі пратэсту ў Маскве з патрабаваньнем дапусьціць да ўдзелу ў выбарах у Маскоўскую думу незалежных кандыдатаў працягваюцца з 14 ліпеня. 27 ліпеня і 3 жніўня пратэстоўцаў зьбівалі і затрымлівалі супрацоўнікі Расгвардыі і АМАП, а некалькіх з сотняў затрыманых абвінавацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Цяпер абвінавачанымі ў крымінальнай справе аб «масавых беспарадках» і «гвалце ў дачыненьні да прадстаўнікоў улады» ёсьць 13 чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пратэсты ў Расеі: праваабаронцы паведамляюць пра 325 затрыманыхМітынг 10 жніўня быў узгоднены з уладамі, але пасьля яго заканчэньня людзей затрымлівалі ў цэнтры Масквы. Паводле праваабаронцаў, на акцыях ў Маскве, Санкт-Пецярбургу, Растове-на-Доне і Бранску затрыманыя агулам 325 чалавек.