Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім атрымала адказ ад Міністэрства юстыцыі Беларусі на пытаньне аб прыпыненьні ўжываньня сьмяротнага пакараньня. Ліст яна разьмясьціла 9 жніўня на Facebook.
Алена Анісім накіроўвала законапраект «Аб прыпыненьні ўжываньня пакараньня ў выглядзе сьмяротнай кары» ў міністэрствы юстыцыі і ўнутраных справаў 18 ліпеня. Адказу з МУС яна пакуль не атрымала. У законапраекце прапануецца не выконваць сьмяротныя прысуды да поўнай адмены такога пакараньня, а асуджаных на іх накіроўваць у тыя ж умовы, у якіх утрымліваюцца асуджаныя на пажыцьцёвае зьняволеньне.
Міністэрства юстыцыі ня выказала пярэчаньняў адносна законапраекту, але назвала пытаньне «дыскусійным» і нагадала, што ў Нацыянальным сходзе ўжо створана працоўная група ў праблематыцы сьмяротнага пакараньня.
Першы намесьнік міністра юстыцыі Сяргкй Задзіран у адказе Анісім таксама адзначыў, што законы ў Беларусі распрацоўваюцца згодна каляндарнаму пляну, які звычайна накіроўваюць Аляксандру Лукашэнку на ўхваленьне не пазьней за 1 верасьня.
Сьмяротнае пакараньне ў Беларусі
- Беларусь застаецца апошняй краінай Эўропы, дзе караюць сьмерцю.
- Усяго за гады незалежнасьці ў Беларусі вынесьлі каля 350 сьмяротных прысудаў (дакладная лічба невядомая).
- Улады Беларусі не паведамляюць пра выкананьне сьмяротных прысудаў. Пра гэта ўдаецца даведацца з паказаньняў іншых сьмяротнікаў або ад праваабаронцаў, якія кантактуюць з роднымі асуджаных.
- Эўразьвяз пэрыядычна заклікае Беларусь адмовіцца ад сьмяротнага пакараньня.
- Нягледзячы на ўсе просьбы міжнароднай супольнасьці, рэжым Лукашэнкі працягвае выносіць сьмяротныя прысуды. 19 кастрычніка 2023 вынесены чарговы зь іх — Аляксандру Таратуту са Слуцку, які забіў 3-гадовае дзіця.
- Дакладная колькасьць памілаваных таксама не вядомая. Раней беларускім праваабаронцам было вядома толькі пра два выпадкі памілаваньня асуджаных на сьмяротнае пакараньне за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. У канцы ліпеня 2024 году Лукашэнка памілаваў асуджанага на сьмяротнае пакараньне грамадзяніна Нямеччыны Рыка Крыгера, пасьля гэтага яго вызвалілі ў рамках вялікага абмену вязьнямі паміж Расеяй і краінамі Захаду.
- Лукашэнка ў 2012 годзе казаў, што за ўсю гісторыю свайго прэзыдэнцтва памілаваў толькі аднаго чалавека (пасьля гэтага, у 2021 годзе, ён памілаваў асуджаных да сьмяротнага пакараньня братоў Косьцевых). Разам з тым МУС Беларусі яшчэ ў 2012-м сьцьвярджала, што за 13 гадоў было памілавана 156 сьмяротнікаў (замена сьмяротнага прысуду на пажыцьцёвае зьняволеньне).