20 гадоў таму, 9 жніўня 1999 году тагачасны прэзыдэнт Расеі Барыс Ельцын прызначыў выканаўцам абавязкаў старшыні ўраду РФ Уладзіміра Пуціна. У той жа дзень у сваім тэлезвароце Ельцын назваў Пуціна сваім пераемнікам. Пачалася пуцінская эпоха ў гісторыі Расеі.
Як мянялася за гэтыя гады стаўленьне беларусаў да лідэра суседняй краіны? Паспрабуем даць адказ на гэтае пытаньне, грунтуючыся на дадзеных сацыялягічных апытаньняў двух дасьледных цэнтраў — НІСЭПД і Беларускай аналітычнай майстэрні (БАМ).
Сьцісла:
- Пікам гатоўнасьць беларусаў прагаласаваць за Пуціна, як за прэзыдэнта саюзу, быў 2002 год
- Невыпадкова менавіта ў 2002 годам Пуцін прапанаваў Беларусі далучыцца да Расеі ў якасьці 6 губэрняў
- Рэйтынг Пуціна сярод іншых замежных лідэраў — самы высокі, на ўзроўні 60%
- Са станоўчых ацэнак Пуціна не вынікаюць станоўчыя ацэнкі паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі
- Ацэнкі расейцамі Лукашэнкі падобныя на ацэнкі беларусамі Пуціна: добры прэзыдэнт, але для свайго народу
Лукашэнка і Пуцін на «выбарах» прэзыдэнта саюзу
Яшчэ ў сярэдзіне 90-х НІСЭПД стаў задаваць рэспандэнтам пытаньне, каго б яны хацелі бачыць на пасадзе кіраўніка саюзу Беларусі і Расеі, калі б такая пасада была ўведзеная.
Гіпатэтычнае пытаньне задавала агульную рамку, якая дазваляла адначасова ацэньваць беларускіх і расейскіх палітыкаў.
Графік 1.
Да 1999 году ў адказах на гэтае пытаньне Аляксандар Лукашэнка пераўзыходзіў у шмат разоў усіх без выключэньня расейскі палітыкаў — Ельцына, Прымакова, Жырыноўскага, Лужкова, Яўлінскага. Але ўжо з лістапада 1999 году карціна пачала мяняцца, прычым выбухападобным чынам. У красавіку 2000 году Пуцін абагнаў Лукашэнку, у красавіку 2001 году разрыў стаў двухразовым, у красавіку 2002 году кожны другі апытаны беларус быў гатовы бачыць Пуціна прэзыдэнтам гіпатэтычнай аб’яднанай дзяржавы.
І наўрад ці выпадкова ўжо ў чэрвені 2002 году Пуцін зрабіў сваю заяву аб «аддзяленьні мух ад катлет», а ў жніўні агучыў ультыматум, прапанаваўшы Беларусі банальна далучыцца да РФ у выглядзе шасьці губэрняў. Праўда, і тады, як і 16 гадоў пазьней, у 2018 годзе, ультыматум фармуляваўся як дылема — альбо паўнавартаснае абʼяднаньне ў адну дзяржаву, альбо захаваньне існых саюзных адносінаў, але без залішняй шчодрасьці з боку Расеі.
У адказ на прапанову Пуціна Беларусі стаць фактычна часткай Расеі беларуская эліта прадэманстравала рэдкую салідарнасьць — адказ быў адмоўны.
Той інтэграцыйны крызіс 2002 года прадэманстраваў, што ўжо тады за гады незалежнасьці адносна яе каштоўнасьці, па меншай меры ў эліце, усталяваўся кансэнсус.
Аднак вышэй прыведзены графік паказвае, што рэч ня толькі ў настроях эліты, гэтыя настроі адлюстроўвалі дынаміку настрояў усяго грамадзтва.
Газавыя, нафтавыя, харчовыя і інфармацыйныя «войны»
З канца 2002 году «саюзны» рэйтынг Пуціна плаўна, але няўхільна пакаціўся ўніз. А рэйтынг Лукашэнкі, хоць і ня гэтак манатонна, рос. У 2004 годзе адбыўся першы на постсавецкай прасторы крызіс з адключэньнем паставак расейскага газу. Потым быў крызіс пачатку 2007 году, калі ўжо Беларусь прыпыніла на некалькі дзён расейскі нафтавы транзыт, далей — малочная «вайна» 2009 году, у 2010 годзе «Газпром» зноў прыпыніў пастаўкі, а НТВ распачало інфармацыйную атаку на Лукашэнку, паказаўшы сэрыял «Хросны бацька».
Напэўна, для Расеі, для расейскай грамадзкай думкі, гэта выглядала такім чынам, што Расея ахвяруе свае рэсурсы саюзьніку, аддачу атрымлівае недастатковую і таму спрабуе паставіць Менск на месца.
Але беларуская грамадзкая думка ўспрымала гэта ня так, успрымала як ціск, як несправядлівасьць. І ўскосна, але вельмі пераканаўча пра гэта сьведчыць няўхільнае падзеньне «саюзнага» рэйтынгу Пуціна. Не да нуля, але пік 2002 году застаўся ў незваротным мінулым.
Цяжка сказаць, як мяняўся «саюзны» рэйтынг Лукашэнкі і Пуціна пасьля чэрвеня 2014 году, якім сканчаецца вышэй прыведзены графік. Праз 2 гады НІСЭПД быў разгромлены, а іншыя сацыялягічныя службы асьцярожнічаюць і такіх пытаньняў не задаюць.
Тым не менш варта зьвярнуць увагу на апошняе значэньне на графіку — чэрвень 2014 году, пік «крымнашавых» настрояў у Расеі. У Расеі рэйтынг Пуціна рэкордна высокі. У Беларусі, як бачым, «саюзны» рэйтынг Пуціна таксама трохі падвысіўся ў параўнаньні з 2006-м ці 2010-м гадамі, але нязначна.
І гэта пры тым, што грамадзкая думка Беларусі вялікай большасьцю ухваліла далучэньне Крыму да РФ і гэтая большасьць заставалася нязьменнай і ў наступныя гады. Іншымі словамі, «Крымваш», а вось Пуцін — ня наш. Дакладней, не зусім наш.
Пуцін — найлепшы сярод замежных лідэраў
Яшчэ адно апытаньне НІСЭПД 2015 году паказала стаўленьне рэспандэнтаў да Пуціна ў параўнаньні зь лідэрамі іншых замежных дзяржаў. У гэтым апытаньні дзейнасьць Пуціна ацанілі станоўча 60% рэспандэнтаў, адмоўна — кожны пяты. Наступным за расейскім лідэрам па станоўчых ацэнках апынуўся тагачасны прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў (44%), за ім старшыня КНР Сі Цзіньпін і канцлерка Нямеччыны Ангела Меркель (па 35%).
Паводле апытаньня, праведзенага ў красавіку 2017 году Беларускай аналітычнай майстэрняй, Пуціна ацэньвалі станоўча 66% апытаных і адмоўна толькі 11% рэспандэнтаў. Наступным па папулярнасьці за расейскім лідэрам быў прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп, якога станоўча ацэньвалі толькі 14%, а адмоўна — 29%.
Пуцін сярод замежных лідэраў — найлепшы, але менавіта як замежны.
Гэтае стаўленьне да Пуціна варта супаставіць са стаўленьнем беларусаў да розных варыянтаў двухбаковых адносінаў Беларусі і Расеі.
Графік 2.
На графіку 2 вельмі выразна бачная тая ж кропка пералому — 2002 год, а таксама тэндэнцыя — зьніжэньне долі рэспандэнтаў, якія выступаюць за паўнавартаснае абʼяднаньне дзьвюх дзяржаваў у адзіную. Пра тое, што доля прыхільнікаў такіх узаемаадносін у другой палове дзясятых была невялікая, сьведчаць і пазьнейшыя дадзеныя Беларускай аналітычнай майстэрні.
Графік 3.
Графік 3 паказвае, што разьмеркаваньне перавагаў вельмі ўстойлівае: толькі пара адсоткаў выступаюць за ўваходжаньне Беларусі ў РФ, прыкладна каля 15% — за паглыбленьне інтэграцыі ў той ці іншай форме. Гэта ў цэлым адпавядае колькасьці прыхільнікаў паўнавартаснага абʼяднаньня ў апытаньнях НІСЭПД.
Пуцін сам па сабе, як лідэр сяброўскай саюзнай Расеі, добры для больш чым 60% беларусаў. Істотна большае, чым цяпер, збліжэньне зь кіраванай ім краінай падтрымліваюць прыкладна ў чатыры разы меней беларусаў.
Варта зазначыць, што гэтая прырода адносінаў да суседзкага лідэра ўласьцівая і расейцам. Экспэрт «Фонда «Общественное мнение» Грыгоры Кертман казаў пра стаўленьне да Аляксандра Лукашэнкі расейскіх рэспандэнтаў, зафіксаванае на фокус-групах: «Гэты прэзыдэнт вельмі добры для Беларусі, але для Расеі ён быў бы ня надта добры. Сымпатыя да яго — гэта сымпатыя як да кіраўніка дружалюбнай краіны. І гэтая сымпатыя не экстрапалявалася на Расею, ня тое, што мы хацелі б такога лідэра для Расеі. Ёсьць уяўленьне, што яго падтрымлівае пераважная большасьць беларусаў і гэта адзін з матываў сымпатыяў да яго. Калі братэрскі народ яго любіць, значыць, ён добры прэзыдэнт менавіта для гэтага народу».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ты яшчэ жывы? Камароў ня дужа баісься? Калі не, прыяжджай». Як запрашалі ў Беларусь экс-прэзыдэнта КіргізстануПадводзячы вынікі, можна сказаць, што Ўладзімір Пуцін быў і застаецца для беларусаў вельмі паважаным і аўтарытэтным палітыкам. Але як свайго, беларускага лідэра яны яго ў большасьці не ўспрымаюць. І ў гэтым — істотнае адрозьненьне ад сытуацыі пачатку нулявых гадоў.
Адпаведна і прапановы аб паглыбленьні інтэграцыі нават ад такога паважанага палітыка знаходзяць падтрымку толькі ў невялікай частцы беларускага грамадзтва.
Аднак зразумела, што аўтарытарная ўлада што ў Беларусі, што ў Расеі можа праігнараваць меркаваньне большасьці беларусаў: наогул кажучы, Лукашэнка можа пагадзіцца на прапановы Крамля пад ціскам абставінаў, а Расея ў прынцыпе можа паспрабаваць «паглыбіць інтэграцыю» сілай.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.