Супрацоўнікі праваахоўных органаў Кіргізстану затрымалі былога прэзыдэнта краіны Алмазбека Атамбаева ў яго доме ў сяле Кой-Таш непадалёк ад Бішкеку.
Спэцназ Кіргізстану здолеў з другога разу ўзяць штурмам ягоную рэзідэнцыю, перадае "Інтэрфакс". Паводле агенцтва, у апэрацыі прымалі ўдзел каля 2 тысяч супрацоўнікаў МУС, у тым ліку атрад СОБР. Апэрацыяй кіраваў кіраўнік МУС Кашкар Джунушаліеў.
ТАСС, спасылаючыся на штаб Атамбаева, перадае, што былы прэзыдэнт сам выйшаў з дому і здаўся сілавікам. «Атамбаеў вывезены з тэрыторыі сваёй рэзыдэнцыі супрацоўнікамі праваахоўных органаў», — сказаў суразмоўца агенцтва.
Партал 24.kg перадае, што яго пасадзілі ў машыну і паспрабавалі вывезьці з Кой-Таша ў МУС Кыргызстана, і што зь ім у машыне знаходзяцца намесьнік старшыні Сацыял-дэмакратычнай партыі Кундуз Жалдубаева і дарадца Фарыд Ніязаў. Яны таксама затрыманыя.
Сілавікі выкарыстоўвалі сьлезацечны газ для разгону прыхільнікаў экс-прэзыдэнта. Да рэзыдэнцыі таксама прыбыла спэцтэхніка МУС, вадамёты і таран- машыны, адна зь якіх пратараніла брамы будынку.
Цяпер частка прыхільнікаў экс-прэзыдэнта адціснутая зь яго рэзыдэнцыі. Ва ўсім Кой-Ташы адключаная мабільная сувязь, дарогі ў пасёлак перакрытыя паліцыяй.
Папярэдняя спроба былі адбітая яго прыхільнікамі, у перастрэлцы загінуў супрацоўнік спэцназу, былі параненыя 52 чалавекі. На месцы знаходзіцца карэспандэнт Кіргіскай службы Радыё Свабода — Радио Азаттык.
Атамбаеў выкліканы сьведкам па крымінальнай справе аб незаконным вызваленьні з турмы крымінальнага аўтарытэта ў 2013 годзе. Перад гэтым ён быў пазбаўлены недатыкальнасьці, супраць яго завялі крымінальную справу аб карупцыі. Увечары 7 жніўня ў сяло Кой-Таш, дзе разьмешчаны дом палітыка, прыбыў спэцназ для яго затрыманьня. У ходзе апэрацыі былі ўжытыя спэцыяльныя сродкі, аднак штурм быў правалены.
Хто такі Атамбаеў і чаму яго затрымалі?
Трэцяга прэзыдэнта Кіргізстану Алмазьбека Атамбаева затрымалі 8 жніўня ў выніку 2-дзённай спэцапэрацыі. Прыхільнікі былога прэзыдэнта супраціўляліся спэцназаўцам. У выніку сутычак пацярпелі больш 80 чалавек, адзін з байцоў спэцназу загінуў.
- У 2017 годзе пасьля сыходу Атамбаева ў адстаўку на некалькіх бліжэйшых паплечнікаў Атамбаева былі заведзены крымінальныя справы, у асноўным па абвінавачваньнях у карупцыі. Атамбаеў пасьля гэтага адкрыта перайшоў у апазыцыю да цяперашняй улады.
- У чэрвені 2019 году Атамбаева пазбавілі недатыкальнасьці і статусу экс-прэзыдэнта. Генпракуратура падазрае яго ў карупцыі і ўжо тройчы выклікала былога прэзыдэнта на допыт у якасьці сьведкі. Але Атамбаеў на допыты не зьяўляўся, лічачы, што яго пазбавілі недатыкальнасьці незаконна.
Што стала зь іншымі прэзыдэнтамі Кіргізстану?
- Другі прэзыдэнт Кіргізстану Курманбек Бакіеў уцёк з краіны ў Беларусь падчас пратэстаў 2010 году.
- Першы прэзыдэнт Аскар Акаеў у 2005 годзе склаў зь сябе паўнамоцтвы ў выніку «цюльпанавай рэвалюцыі». Пры дапамозе спэцслужбаў Акаеву ўдалося выехаць з тэрыторыі Кіргізстану. Каля 14 гадоў ён жыве ў Расеі, займаецца навуковай дзейнасьцю.