Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькасьць пацярпелых падчас штурму рэзыдэнцыі экс-прэзыдэнта Кіргізстану ўзрасла да 45


Прыхільнікі Атамбаева перакрываюць дарогу ў Кой-Таш, 7 жніўня 2019 году
Прыхільнікі Атамбаева перакрываюць дарогу ў Кой-Таш, 7 жніўня 2019 году

У выніку сутыкненьняў пры спробе затрыманьня былога прэзыдэнта Кіргізстану Алмазьбека Атамбаева 7 жніўня з траўмамі шпіталізаваныя 45 чалавек. Раней паведамлялі пра аднаго загінулага паліцыянта і 15 пацярпелых.

Паводле дадзеных Міністэрства па ахове здароўя Кіргізстану, сярод параненых — 15 паліцыянтаў.

Атамбаеў выступіў са зваротам у эфіры мясцовага тэлеканала і сказаў, што спроба яго затрыманьня была незаконнай і неканстытуцыйнай. Ён заявіў, што гатовы быў даць пісьмовыя паказаньні, «але ўлада не прыслухалася» да яго заклікаў «дзейнічаць у рамках закону».

У Кіргізстане праходзіць закрытае паседжаньне Рады бясьпекі

У Кіргізстане раніцай 8 жніўня пад старшынствам прэзыдэнта Сааранбая Джээнбекава пачалося пасяджэньне Рады бясьпекі краіны.

Як паведамляе прэс-служба прэзыдэнта, на парадку дня пасяджэньня, якое праходзіць без удзелу прэсы, разглядаецца пытаньне «Аб гарантаваньні бясьпекі і правапарадку ў сувязі з сытуацыяй 7 жніўня 2019 годк». Гаворка ідзе пра супрацьстаяньне паміж сілавікамі, якія прыбылі ў рэзыдэнцыю Атамбаева з намерам яго затрымаць, і прыхільнікамі апошняга.

Раней апарат прэзыдэнта паведамляў, што Сааранбай Джээнбекаў 7 жніўня, перапыніўшы адпачынак, выехаў у Бішкек.

Што адбылося

7 жніўня спэцназ пачаў апэрацыю, штурмуючы дом экс-прэзыдэнта Алмазьбека Атамбаева ў яго доме ў вёсцы Кой-Таш недалёка ад Бішкеку, побач з якім знаходзіліся некалькі сотняў яго прыхільнікаў. Адзін зь іх вёў жывую трансьляцыю зь месца падзеі. На кадрах відаць узброеныя людзі ў масках і форме спэцназу, чутныя гукі, падобныя на стрэлы. Паводле Дзяржкамітэту нацыянальнай бясьпекі Кіргізстану, спэцназ не ўжываў агнястрэльнай зброі.

Байцам спэцназу не ўдалося затрымаць. Паводле апошняй вэрсіі, былому прэзыдэнту ўдалося забарыкадавацца ў адным з пакояў, і спэцназ так і ня здолеў яго захапіць. У той жа час прыхільнікі Атамбаева павалілі частку плота вакол рэзыдэнцыі і прарваліся ўнутр. Яны захапілі некалькіх спэцназаўцаў, якія спрабавалі захапіць прэзыдэнта, адабралі ў іх зброю і моцна зьбілі.

Сілавікі пакінулі вёску пасьля перамоваў з прыхільнікамі Атамбаева, якія пагадзіліся адпусьціць захопленых у закладнікі шасьцярых паліцыянтаў.

У канцы чэрвеня парлямэнт Кіргізстану пазбавіў Атамбаева статусу экс-прэзыдэнта, чым зьняў зь яго недатыкальнасьць. Пасьля гэтага былы кіраўнік Кіргізстану тройчы атрымліваў выклікі на допыты ад сьледчых МУС, але на іх не зьявіўся. Асноўныя абвінавачваньні зьвязаныя з карупцыяй і незаконным узбагачэньнем. Атамбаеў абвінавачваньні катэгарычна адмаўляе.

Алмазьбек Атамбаеў узначальваў Кіргізстан з 2011 па 2017 год. Ён не вылучаўся на чарговы тэрмін, вырашыўшы падтрымаць кандыдата Сааранбая Джээнбекава. Але пасьля зьмены ўлады паміж палітыкамі ўзьнік канфлікт. У выніку сябры Сацыял-дэмакратычнай партыі Кіргізстану, да якой адносяцца і Атамбаеў, і Джээнбекаў, падзяліліся на прыхільнікаў былога і дзейнага прэзыдэнтаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG