Спэцназ Кіргізстану ўвечары 7 жніўня штурмаваў рэзыдэнцыю былога прэзыдэнта краіны Алмазьбека Атамбаева ў вёсцы Кой-Таш недалёка ад Бішкеку, але апэрацыя скончылася няўдачай.
Паводле апошняй вэрсіі, былому прэзыдэнту ўдалося забарыкадавацца ў адным з пакояў, і спэцназ так і ня здолеў яго захапіць. У той жа час прыхільнікі Атамбаева павалілі частку плота вакол рэзыдэнцыі і прарваліся ўнутр. Яны захапілі некалькіх спэцназаўцаў, якія спрабавалі захапіць прэзыдэнта, адабралі ў іх зброю і моцна зьбілі, паведамляе «Настоящее время».
Зараз былы прэзыдэнт усё яшчэ знаходзіцца ў рэзыдэнцыі ў вёсцы Кой-Таш і мае намер бліжэйшым часам выступіць са зваротам да прыхільнікаў. Відавочцы паведамляюць, што на тэрыторыі рэзыдэнцыі пачаўся пажар.
Кіргізская служба Свабоды вяла жывую відэатрансьляцыю:
Раней Дзяржаўны камітэт нацыянальнай бясьпекі (ДзКНБ) Кіргізстану паведамляў, што «спэцапэрацыю па затрыманьні былога прэзыдэнта Алмазьбека Атамбаева праводзяць сілы спэцыяльнага прызначэньня ДзКНБ КР».
Паводле Міністэрства аховы здароўя Кіргізстану, ў лякарнях знаходзяцца 15 пацярпелых з рознымі траўмамі. Паведамляецца, што адзін баец спэцназу памёр ад атрыманага раненьня. Прыхільнікі Алмазьбека Атамбаева працягваюць знаходзіцца ў яго доме ў вёсцы Кой-Таш.
Раней спэцназ пачаў апэрацыю, штурмуючы дом экс-прэзыдэнта, побач з якім знаходзіліся некалькі сотняў яго прыхільнікаў. Адзін зь іх вёў наўпроставую трансьляцыю зь месца падзеі. На кадрах бачныя ўзброеныя людзі ў масках і форме спэцназу. Чуваць гукі, падобныя на стрэлы.
Паводле папярэдніх дадзеных, каля 10 чалавек, у тым ліку журналісты, былі параненыя, у іх трапілі гумовыя кулі.
*****
Атамбаеў узначальваў Кіргізстан з 2011-га па 2017 год. Ён стаў першым прэзыдэнтам, які добраахвотна пакінуў пасаду пасьля першага тэрміну, а ня быў зрынуты ў выніку рэвалюцыі. Пасьля яго да ўлады ў Кіргізстане прыйшоў Сааранбай Джээнбекаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы прэзыдэнт Кыргызстану вылецеў у Расею з расейскай вайсковай авіябазыНеўзабаве пасьля адстаўкі на некалькіх найбліжэйшых паплечнікаў Атамбаева завялі крымінальныя справы, у асноўным праз абвінавачваньні ў карупцыі. Былы прэзыдэнт пасьля гэтага адкрыта перайшоў у апазыцыю да цяперашняй улады. Тады ў чэрвені 2019 году дэпутаты парлямэнту Кіргізстану пераважнай большасьцю галасоў пазбавілі Атамбаева недатыкальнасьці і статусу экс-прэзыдэнта: гэта азначае, што яго цяпер могуць у любы момант прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былога лідэра Кіргізстану пазбавілі статусу экс-прэзыдэнта і недатыкальнасьціГенпракуратура Кіргізстану сьцьвярджае, што знайшла падставы завесьці крымінальныя справы супраць Атамбаева і ўжо тройчы выклікала былога прэзыдэнта на допыт у якасьці сьведкі. Але Атамбаеў на допыты не зьяўляўся, лічачы, што яго пазбавілі недатыкальнасьці незаконна. Таксама раней ён заяўляў, што гатовы да ўсяго, у тым ліку і да ўзброенага супраціву. «У мяне ёсьць узнагародная зброя, спэцыяльна кажу пра гэта. Я баюся за звычайных хлопчыкаў і дзяўчатак, якія прыйдуць мяне забіраць, выконваючы няправільны загад начальства», — заявіў Атамбаеў і ўспомніў кіргіскую прыказку: «Лепш памерці адстрэльваючыся, чым лежачы».
Ужо некалькі месяцаў у Кой-Таш разам з прэзыдэнтам жывуць яго прыхільнікі. Таксама Атамбаеў некаторы час таму лётаў у Расею і сустракаўся з прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным, але карыстаўся для гэтага не кіргіскай авіяцыяй, а прыватным самалётам, які вылецеў і прыляцеў з расейскай ваеннай базы ў Канце. Экспэрты тлумачылі гэта тым, што былы прэзыдэнт не давярае прадстаўнікам новай улады.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Кіргізстану заявіў пратэст Беларусі пасьля сустрэчы Лукашэнкі з БакіевымЯгоны папярэднік на прэзыдэнцкай пасадзе Курманбек Бакіеў, завочна асуджаным кіргіскім судом на 30 гадоў пазбаўленьня волі праз абвінавачаньне ў саўдзеле ў масавым забойстве, уцёк з краіны і ад 2010 году жыве ў Беларусі.
У красавіку 2005 году ў выніку народнага пратэсту «цюльпанавай рэвалюцыі», прэзыдэнт Аскар Акаеў склаў зь сябе паўнамоцтвы, парлямэнт дэ-юрэ прыняў адстаўку. Пры дапамозе спэцслужбаў Акаеву ўдалося выехаць з тэрыторыі Кіргізстану. Каля 14 гадоў ён жыве ў Расеі, займаецца навуковай дзейнасьцю.