Алякcандар Лукашэнка 6 жніўня прыняў у менскім Палацы незалежнасьці былога прэзыдэнта Кіргізстану Курманбека Бакіева, які ўцёк са сваёй краіны, і павіншаваў яго з 70-годзьдзем, паведамляе прэс-служба Лукашэнкі. Бакіеў адзначаў дзень народзінаў 1 жніўня.
Лукашэнка падарыў Бакіеву карціну «Паляваньне качэўнікаў зь беркутам», корцік і букет кветак.
На карціне Бакіеў пазнаў радзіму, якую пакінуў у 2010 годзе пасьля рэвалюцыі. Цяпер у Кіргізстане яго чакае турма, яго нават пазбавілі статусу экс-прэзыдэнта.
«Мы ўсе і прыйдзем да цябе на дзень народзінаў, — паабяцаў Лукашэнка. — Ты можаш нам прыгатаваць кіргіскі плоў? Плоў зь цябе, віно з нас!»
Бакіеў пагадзіўся. Каго Лукашэнка меў на ўвазе пад «намі», не ўдакладняецца. На апублікаваных фота вакол яго толькі маладыя жанчыны — верагодна, са «службы пратаколу».
Асобна Лукашэнка пахваліўся Бакіеву галяграмамі дзяржаўных сьцягоў Беларусі і Кіргізстану — маўляў, «гэта нашы айцішнікі зрабілі».
Па завяршэньні «сьвяточнай» часткі сустрэчы Бакіеў і Лукашэнка «правялі рабочую сустрэчу, абмеркаваўшы актуальныя пытаньні». У якасьці каго выступіў Бакіеў, невядома: ён цяпер не займае афіцыйных пасадаў ні на радзіме, ні ў Беларусі.
Хто такі Бакіеў?
Бакіеў быў прэзыдэнтам Кіргізстану з 2005 па 2010 год. Ён прыйшоў да ўлады на хвалі так званай «Тульпанавай рэвалюцыі» супраць ураду Аскара Акаева. У 2010 годзе апазыцыя адхіліла Бакіева ад улады. Разам зь сямʼёй ён прыбыў у Менск на асабістае запрашэньне Аляксандра Лукашэнкі. Тады сьцьвярджалася, што на загад Лукашэнкі сам кіраўнік службы ягонай бясьпекі займаўся дастаўкай Бакіева ў Менск.
Цяпер ён грамадзянін Беларусі і лічыць сваю экстрадыцыю ў Бішкек немагчымай. Бакіеву і яго сям’і выдзелілі ўчастак у 15 сотак недалёка ад «Мінск-Арэны». На працягу 5 гадоў ён будаваў там дом, а да гэтага жыў у рэзыдэнцыі Аляксандра Лукашэнкі ў Драздах і плаціў за камунальныя паслугі.
У Беларусі знаходзяцца і жонка Курманбека Бакіева, і брат — экс-старшыня Службы дзяржаўнай аховы Жаныш Бакіеў, асуджаны кіргіскім судом на пажыцьцёвае зьняволеньне. Таксама ў Беларусі ёсьць нехта вельмі падобны да былога прэм’ера Даніяра Ўсенава — ён пад імем Данііл Урыцкі ўзначальвае ЗАТ «Беларуская нацыянальная біятэхналягічная карпарацыя», пятай часткай якога валодае пляменьнік Бакіева (гэта там дэкляравалі сярэдні заробак у 26 тысячаў даляраў, але потым назвалі гэта памылкай).