Зь верасьня гэтага году вучні малодшых клясаў расейскіх школаў пачнуць вывучэньне Канстытуцыі Расейскай Фэдэрацыі ў вершах, паведамляе расейскае выданьне «Известия».
Спэцыяльны навучальны дапаможнік выпушчаны з удзелам чальцоў Савету Фэдэрацыі, Асацыяцыі юрыстаў Расеі, Інстытуту разьвіцьця мясцовых супольнасьцяў ды іншых установаў.
Адзін з распрацоўшчыкаў кнігі, віцэ-прэзыдэнт расейскага фонду «Стратэгія будучыні» Антон Сямікін, заявіў, што яе аўтары «акцэнтавалі ўвагу на базавых каштоўнасьцях расейскай дзяржавы і грамадзтва», а таксама «на базавых правах і свабодах, якія апісаныя ў першай і другой частках Канстытуцыі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У расейскім Пяцігорску прайшоў парад «дашкольных войскаў». ФАТАФАКТ«Известия» прыводзяць некалькі цытат з дапаможніка — у прыватнасьці, аб усеагульным ваенным абавязку, хоць кніга прызначана для дзяцей ад 8 да 14 гадоў:
Когда в твоей защите будет
Нуждаться Родина твоя,
Рука агрессора нависнет,
Сгустятся в небе облака,
Ты на её защиту встанешь
И в руку ты ружьё возьмёшь
И будешь защищать Россию,
А может, за неё падёшь.
Пра расейска-украінскі ваенный канфлікт аўтары дапаможніка паведамляюць дзецям наступнае:
Теперь война на Украине,
Где русских тоже много есть,
А им язык их запретили
И разожгли войну и месть.
Адзначаецца, што «базавыя каштоўнасьці расейскай дзяржавы і грамадзтва» праілюстраваныя ня прафэсійнымі мастакамі, а дзецьмі: малюнкі зьбіралі падчас конкурсу «Калі б я быў прэзыдэнтам», які прайшоў у школах Расеі гэтай вясной.
Адказны сакратар Канстытуцыйнай камісіі Расеі і адзін з аўтараў асноўнага закону краіны Алег Румянцаў, азнаёміўшыся з дапаможнікам, ухваліў яго, заявіўшы, што «у ім сабраны асноўныя пастуляты прававой культуры».