17 лістапада 2019 году адбудуцца чарговыя выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Свабода высьветліла, ці будуць удзельнічаць у гэтай кампаніі прадстаўнікі дэмакратычных грамадзкіх арганізацый.
У адрозьненьне ад палітычных партый, яны ня маюць права вылучаць кандыдатаў на сваіх форумах, у іх актывістаў адзіны спосаб зарэгістравацца — толькі зьбіраючы подпісы выбарнікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі 20 гадоў не рэгістравалі новыя партыі. Апазыцыя прапанавала спрасьціць працэдуру
«Гавары праўду»: парлямэнцкая кампанія — прамежкавая перад прэзыдэнцкай
Сяргей Вазьняк, кіраўнік выбарчага штабу грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду», кажа, што ў выбарах-2019 зьбіраюцца ўдзельнічаць каля 30 актывістаў:
«Паколькі да пачатку збору подпісаў яшчэ месяц, то сьпіс можа крышачку зьмяніцца: магчыма, нехта перадумае, а нехта, наадварот, дадасца. У нас няма нейкіх «ударных» рэгіёнаў, прэтэндэнты раўнамерна расклаліся па абласьцях. Наша мэта — электаральная перамога. То бок мы будзем зыходзіць ня з тых фэйкавых лічбаў, якія традыцыйна агучваюць выбарчыя камісіі, а будзем рабіць усё, каб за нашых кандыдатаў прагаласавала як мага болей людзей.
Што тычыцца нашых лідэраў, то Андрэй Дзьмітрыеў, як і ў 2016 годзе, зьбіраецца балятавацца ў Дзяржынску. Тацяна Караткевіч пакуль ня вызначылася са сваім удзелам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каляндар парлямэнцкіх выбараў у 2019 годзеАгулам мы разглядаем гэтую кампанію як этап перад прэзыдэнцкай, што адбудзецца ў 2020 годзе. Усе нашыя цяперашнія кандыдаты плюс найбольш актыўныя ўдзельнікі кампаніі-2019 стануць даверанымі асобамі нашага кандыдата на прэзыдэнта. Для нас выбары ў Палату прадстаўнікоў скончацца не 17-га лістапада, а 30-га. У гэты дзень мы хочам правесьці ў Менску вялікі форум новых ідэяў і новых людзей. На ім мы і абвесьцім імя кандыдата на прэзыдэнта ад «Гавары праўду».
Незалежныя прафсаюзы: удзел у выбарчай кампаніі абмежаваны
Аляксандар Ярашук, старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў, спасылаецца на тое, што грамадзкія арганізацыі ня маюць права вылучаць сваіх кандыдатаў у дэпутаты:
«Таму я назваў бы наш удзел у выбарчай кампаніі абмежаваным і стратэгічна простым. Мы ня супраць, калі нашы актывісты будуць вылучацца кандыдатамі. Так, сумленных і справядлівых выбараў у Беларусі ўжо даўно няма. Але мы лічым, што нават і такія „выбары“ нельга абмінаць сваёй увагай. Для нас кампанія-2019 — гэта найперш мабілізацыйнае мерапрыемства. Гэта рэкляма для незалежных прафсаюзаў, расповед пра нашу працу, магчымасьць прыцягнуць да нас новых людзей».
Рух «За свабоду»: маем супольнае пасланьне правацэнтрыстаў
Юрась Губарэвіч, старшыня руху, адзначае, што ягоная грамадзкая арганізацыя будзе актыўна ўдзельнічаць у кампаніі:
«Мы падтрымаем тых сяброў руху, якія хутка пачнуць зьбіраць подпісы. Акцэнт будзем рабіць на супольнае пасланьне правацэнтрысцкай кааліцыі, у якую ўваходзім разам з Аб’яднанай грамадзянскай партыяй і аргкамітэтам у справе стварэньня партыі Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі. У нас будзе адзіны сьпіс кандыдатаў на ўсе 110 акругаў. Мы пакажам выбарнікам шэраг законапраектаў, якія кааліцыя падрыхтавала за апошнія пару-тройку гадоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З чым 7 апазыцыйных партый пойдуць на выбарчую кампаніюБальшыня нашых кандыдатаў ужо ня першы год працуюць у сваіх выбарчых акругах. Таму яны ведаюць, што сказаць непасрэдным выбарнікам. Яны ўжо маюць досьвед вырашэньня лякальных побытавых праблем кшталту ўшчыльненьня тэрыторый, экалёгіі ды іншых. Той жа Віктар Янчурэвіч займаецца экалягічнымі пытаньнямі, зьвязанымі зь „ліцейкай“ Менскага трактарнага заводу. Вольга Дамаскіна шмат чаго добрага зрабіла ў Полацку і Наваполацку.
Рух лічыць, што гэтая выбарчая кампанія будзе праводзіцца ў больш жорсткіх умовах, чым папярэдняя ў 2016 годзе. Сёлета ўладам няма чаго паказаць насельніцтву, заробкі не растуць, жыць цяпер цяжэй, чым тры гады таму. Выбарчае заканадаўства не зьмянілася. Таму мы нават мяркуем, што фальсыфікацыі павялічацца».
ТБМ: беларуская мова — гарантыя нацыянальнай бясьпекі
Алена Анісім, старшыня Таварыства беларускай мовы, для пачатку згадвае свой зварот да кіраўніка дзяржавы падчас ягонага выступу ў Нацыянальным сходзе наконт наданьня грамадзкім арганізацыям права вылучаць кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў на сваіх форумах:
«Я тады казала: чаму б ня даць такое права буйным грамадзкім арганізацыям, якія маюць 3000 сябраў? Лукашэнку гэта не спадабалася. Ён адказаў, што не прыхільнік гэтага. Запытаўся: а чаму не 5 тысяч ці болей? Карацей, такога права мы не атрымалі. Ну, значыць, будзем працаваць паводле старых правілаў.
Нашы кандыдаты абавязкова будуць казаць пра пашырэньне сфэры ўжываньня беларускай мовы. Больш за тое, будзем падкрэсьліваць, што толькі беларуская мова — аснова нацыянальнай бясьпекі краіны. І яна павінна ўжывацца ва ўсіх сфэрах жыцьця. Гэта наш асноўны пасыл на выбарчую кампанію.
Два словы пра сябе. Зноў хачу балятавацца ў сваёй акрузе. Нам жа дэпутацкі тэрмін скарацілі фактычна на год. А хочацца давесьці да канца некалькі цікавых праектаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ярмошыну спалохала цішыня вакол выбараўПарлямэнцкія выбары-2019 у Беларусі. Што варта ведаць
Асноўны дзень галасаваньня на выбарах у Палату прадстаўнікоў сёмага скліканьня — ніжнюю палату Нацыянальнага сходу — 17 лістапада. Датэрміновае галасаваньне праходзіла ад 12 да 16 лістапада. Папярэднія вынікі сталі вядомыя 18 лістапада, ніводзін апазыцыянэр ня трапіў у Нацыянальны сход.
- За 5 дзён датэрміновага галасаваньня на парлямэнцкіх выбарах у Беларусі, паводле ЦВК, прагаласавала 35,77% выбарнікаў. Незалежныя назіральнікі заяўляюць пра завышэньне яўкі больш чым у 2 разы.
- Агулам у Палату прадстаўнікоў трапляе 110 дэпутатаў. Дэпутаты ніжняй палаты выбіраюцца паводле выбарчых акругаў, а не партыйных сьпісаў. Праўладная «Белая Русь» прапаноўвала выбіраць прынамсі палову дэпутатаў паводле партыйных сьпісаў (як, напрыклад, ва Ўкраіне), але ўлады гэтую ідэю адхілілі.
- Галасаваць на выбарах у Палату маюць права усе паўналетнія грамадзяне Беларусі. Галасаваньне добраахвотнае і ня можа быць прымусовым. Скардзіцца на прымус да галасаваньня можна ў пракуратуру ці ў райвыканкамы.
- Цяперашнія выбары адбыліся датэрмінова, хоць фармальна датэрміновымі ня лічацца. Тэрмін паўнамоцтваў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў — 4 гады. Але калі паміж выбарамі 2012 і 2016 гадоў прайшло 1449 дзён (3 гады, 11 месяцаў і 19 дзён), то паміж выбарамі 2016 і 2019-га пройдзе ўсяго 1162 дні (3 гады, 2 месяцы і 6 дзён).
- Лукашэнка першапачаткова прапаноўваў правесьці выбары ў Палату на 7 лістапада — Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына тлумачыла, што гэтак ня варта рабіць. Урэшце на гэты дзень прызначылі выбары ў Савет Рэспублікі.
- Выбары ў Савет Рэспублікі — верхнюю палату Нацыянальнага сходу — прайшлі 7 лістапада без удзелу звычайных беларусаў. Па 8 дэпутатаў ад вобласьці і яшчэ 8 ад Менску выбралі на абласных сходах дэпутаты гарадзкіх і раённых саветаў, яшчэ 8 дэпутатаў мае права прызначаць (але звычайна прызначае ня ўсіх) асабіста Аляксандар Лукашэнка. Ніводную кандыдатуру не адхілілі.
- Фракцый у Палаце прадстаўнікоў няма. Апазыцыя амаль не трапляе ў Нацыянальны сход. Так, у Палаце прадстаўнікоў шостага скліканьня толькі 2 са 110 дэпутатаў — не прыхільнікі Лукашэнкі: Ганна Канапацкая ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі і беспартыйная Алена Анісім, старшыня Таварыства беларускай мовы. У Савеце Рэспублікі апазыцыі няма.
- Нацыянальны сход дзейнічае з 1996 году — пасьля таго як Лукашэнка распусьціў Вярхоўны Савет XIII скліканьня. Выбары дэпутатаў Нацыянальнага сходу першага скліканьня не праводзіліся, Лукашэнка проста прызначыў туды ляяльных яму дэпутатаў Вярхоўнага Савету.
- Нацыянальны сход амаль не распрацоўвае законапраектаў (часьцей гэта робяць міністэрствы і ведамствы) і амаль ніколі не галасуе супраць. Рэкорд шостага скліканьня Палаты прадстаўнікоў — 10 галасоў (9%) супраць звужэньня паўнамоцтваў сваёй палаты.
- Краіны Заходняй Эўропы і ЗША не прызнавалі свабоднымі і дэмакратычнымі ніякія выбары і рэфэрэндумы ў Беларусі пасьля 1994 году. На ўсіх выбарах назіральнікі адзначалі шматлікія парушэньні, пасьля давалі рэкамэндацыі, але Лукашэнка прасіў яго «не павучаць».
- На выбары 17 лістапада выстаўлялі кандыдатаў прынамсі 7 апазыцыйных партыяў і шэраг рухаў. На ранейшых выбарах далёка ня ўсіх апазыцыянэраў рэгістравалі кандыдатамі або чальцамі выбарчых камісій.
- На пачатак датэрміновага галасаваньня з 560 зарэгістраваных засталося 516 кандыдатаў. 33 самі зьнялі свае кандыдатуры, яшчэ адносна 13 скасавалі рэгістрацыю за парушэньні (6 зь іх — ад апазыцыйнай «Эўрапейскай Беларусі»). Ніводнай безальтэрнатыўнай акругі няма
- Выбары каштавалі бюджэту каля 23 млн беларускіх рублёў. Лукашэнка кажа, што выбары «павінны прайсьці як сьвята», а Нацыянальны сход мае стаць «дыскусійнай пляцоўкай для дыялёгу дэпутатаў з рознымі поглядамі». Старшыню ЦВК Лідзію Ярмошыну «палохала цішыня» вакол выбараў, а 99% беларусаў лічаць, што ня могуць паўплываць на органы ўлады.
- Як сьцьвярджае ЦВК, яўка на выбары склала 77,22%. На трох мінулых выбарах у Палату называлася яўка каля 74%, а рэкорд быў у 2004 годзе, калі называлася яўка 89,84%.
- Паводле папярэдніх вынікаў, у Палату прадстаўнікоў прайшлі 66 мужчын і 44 жанчыны; 30 дзейных дэпутатаў, 2 чалавекі ва ўзросьце да 30 гадоў, ніводнага апазыцыянэра.
- Сярод вядомых беларусаў, якія трапляюць у Палату прадстаўнікоў, былая міністарка інфармацыі Лілія Ананіч, «Міс Беларусь-2018» Марыя Васілевіч, кіраўнік «Белай Русі» Генадзь Давыдзька, старшыня ЛДПБ Алег Гайдукевіч.
- Незалежныя беларускія назіральнікі фіксавалі парушэньні на датэрміновым галасаваньні і ў асноўны дзень выбараў (731 парушэньне і 622 скаргі, у тым ліку 341 — толькі за 17 лістапада), кожнага трэцяга незалежнага назіральніка выдалілі з участка. Асноўным парушэньнем называецца адсутнасьць адкрытага падліку бюлетэняў і забарона на капіяваньне выніковага пратаколу ўчастковай камісіі. Назіральнікі АБСЭ назвалі выбары неадпаведнымі важным міжнародным дэмакратычным стандартам. Місіі СНД і ШАС назвалі выбары «празрыстымі і дэмакратычнымі».