Кіраўніка беларускай дыпляматычнай місіі ў Бішкеку Сяргея Іванова выклікалі ў МЗС Кіргізстану пасьля сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з былым кіргіскім прэзыдэнтам Курманбекам Бакіевым, завочна асуджаным кіргіскім судом на 30 гадоў пазбаўленьня волі праз абвінавачаньне ў саўдзеле ў масавым забойстве.
У сувязі з публікацыяй на афіцыйным сайце кіраўніка Беларусі аб сустрэчы з Курманбекам Бакіевым 7 жніўня часовага паверанага ў справах амбасады Беларусі ў Бішкеку Сяргея Іванова выклікалі ў МЗС Кіргізстану, паведамілі «Інтэрфаксу» ў прэс-службе ведамства. Беларускаму дыплямату ўручылі ноту МЗС, у якой выказаны пратэст кіргіскага боку ў сувязі з працягам афіцыйных публічных кантактаў з асуджанай у Кіргізстане асобай.
«Кіргіскі бок лічыць катэгарычна не дапушчальным выкарыстаньне ў ходзе гэтай сустрэчы дзяржаўнай сымболікі Кіргізстану і згадваньне кіргіска-беларускай дружбы, што ў корані не адпавядае прынцыпам дружбы і супрацоўніцтва паміж дзьвюма дзяржавамі», — падкрэсьлілі ў МЗС Кіргізстану.
МЗС Кіргізстану заклікае афіцыйныя ўлады Беларусі «зьмяніць свой падыход да гэтай сытуацыі і засяродзіцца на пазытыўным парадку дня двухбаковага супрацоўніцтва», адзначылі ў міністэрстве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бакіеў пра сяброўства з Лукашэнкам, страчаную маёмасьць, прысуды і вайсковыя базы7 красавіка 2010 году ў цэнтры Бішкека адбыліся сутыкненьні паміж уладай і апазыцыяй, падчас якіх больш за 80 чалавек былі забітыя, больш за 300 пацярпелі. У выніку гэтых падзей у Кіргізстане зьмянілася ўлада. Прэзыдэнт Бакіеў, ягоныя сваякі і найбліжэйшыя паплечнікі ўцяклі з краіны. Цяпер Бакіеў жыве ў Беларусі.
Бакіеў завочна прызнаны вінаватым у саўдзеле ў арганізацыі масавага забойства 7 красавіку 2010 году. У 2016 годзе суд у Кіргізстане зьмяніў яму ранейшы прысуд да пажыцьцёвага пазбаўленьня волі на 30-гадовы турэмны тэрмін. Кіргізстан дамагаецца ад Беларусі выдачы Бакіева на працягу апошніх гадоў, беларускі бок адмаўляе ў выдачы з прычыны пагрозы палітычнага перасьледу на радзіме.
6 жніўня прэс-служба Лукашэнкі паведаміла, што Лукашэнка сустрэўся з Бакіевым. Падставай для сустрэчы стаў 70-гадовы юбілей Бакіева.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка павіншаваў Бакіева зь юбілеем, паказаў яму галяграмы