«Атрымае максымум 10 гадоў». Рэпартаж са Стоўпцаў напярэдадні суду ў справе аб двайным забойстве

Родныя загінулых хочуць, каб працэс у справе аб двайным забойстве ў школе № 2 праходзіў у Стоўпцах і быў адкрытым.

5 жніўня стала вядома, што справу аб двайным забойстве ў стаўпецкай школе, якое здарылася 11 лютага 2019 году, пачнуць разглядаць праз два тыдні — 19 жніўня. Працэс будзе закрытым і пройдзе ў Менскім абласным судзе. У залю змогуць трапіць толькі зацікаўленыя бакі. Гэта пацярпелыя, родныя абвінавачанага, пракурор, судзьдзя і сьведкі. Журналістаў на працэс не дапусьцяць.

Школа №2 у Стоўпцах

«Нашае жыцьцё падзялілася на да 11 лютага і пасьля»

Ля будынку школы № 2 ў Стоўпцах на пачатку жніўня нешматлюдна. У дзяцей вакацыі, настаўнікі пераважна ў адпачынку. Дырэктарка Аксана Лось афіцыйна таксама яшчэ не павінна быць на працы, але мы засталі яе ў школе. Жанчына кажа, што ўжо ведае пра дзень пачатку працэсу. Пагутарыць з журналістамі не адмаўляецца, але просіць узгадніць размову ў райвыканкаме.

«Паверыце вы ці не, але нам дагэтуль усё цяжка перажываць, — гаворыць дырэктарка. — Кожны дзень пра гэта думаю: пра Марыну Міхайлаўну, пра Сашу. Гэтая трагедыя з намі будзе ўжо да канца, заўсёды. Ведаеце, жыцьцё папраўдзе падзялілася на тое, што было да 11 лютага, і пазьней. Цяжка мне пра гэта вам расказваць, вельмі цяжка».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Марынка выйшла не на свой урок», — сваячка забітай у Стоўпцах настаўніцы 

Па словах Аксаны Лось, настаўнікі пакуль не атрымлівалі позваў у суд. Яна таксама навіны пра пачатак працэсу даведалася з інтэрнэту. Жанчына думае, што яе павінны выклікаць у якасьці сьведкі. Напэўна, у працэсе будуць удзельнічаць вучні і іншыя настаўнікі.

«З намі шмат працавалі ў першыя дні пасьля трагедыі, — працягвае жанчына. — Асабліва з вучнямі. Прыяжджалі спэцыялісты зь Менску, псыхолягі. Зразумейце, гэта сапраўдны шок быў. Настаўнікам прасьцей было перажыць, а вось вучням... І Сашу, і Марыну Міхайлаўну мы заўсёды будзем памятаць».

Ля будынку школы праз некалькі гадзін пасьля трагедыі

Пасьля лютаўскай трагедыі ў многіх школах Беларусі ўзмацнілі кантроль на ўваходзе. Трапіць у будынак навучальнай установы стала складаней нават бацькам. Аксана Лось гаворыць, што яны ня ўводзілі нейкіх новых жорсткіх захадаў.

«У нас невялікая школа, — кажа жанчына. — Вы ж самі бачылі, адразу ў фае вас спынілі, перапісалі зьвесткі. Сюды ніхто чужы проста так ня трапіць. Супрацоўнікі бацькоў вучняў ведаюць у твар, мы тут усе побач жывём, ведаем адно аднаго. А тое, што здарылася... Гэта ж быў наш вучань. Як яго можна было спыніць? Ён прыйшоў у школу, як усе іншыя дзеці. Як гэтага можна было пазьбегнуць?»

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падрабязнасьці нападу ў Стоўпцах: «Зайшоў у клясу, напаў на настаўніцу і вучня, які за яе заступіўся»

Першага верасьня ў стаўпецкай школе № 2 пачнецца новы навучальны год. Напэўна, суд не завершыцца да пачатку навучальнага году і частка вучняў і супрацоўнікаў школы будуць вымушаныя замест урокаў езьдзіць у Менск для ўдзелу ў паседжаньнях. У тым ліку 11-клясьнікі Уладзіслаў Цьвірко і Руслан Шуцько, якія спрабавалі спыніць злачынцу і самі атрымалі раны. Абодва засталіся вучыцца ў гэтай школе.


«Я маю свой погляд на гэтую справу»

«Суд пачынаецца? Я яшчэ нічога ня ведаю, а калі дакладна і дзе? — бацька загінуўлага Аляксандра Раманава, Сяргей, даведваецца пра пачатак працэсу ў справе аб гібелі сына ад Свабоды. — У Менску ўсё ж такі, працэс закрыты? Зразумела».

Сяргей кажа, што не прасіў рабіць працэс закрытым. На ягоную думку, у залю суду можна было б дапусьціць усіх ахвотных сачыць за разглядам справы. У словах мужчыны шмат скептыцызму. Сяргей гаворыць, што ні сьледзтва, ні суд сына яму ня вернуць. Да таго, паводле якіх артыкулаў будуць судзіць абвінавачванага, у бацькі забітага 11-клясьніка таксама ёсьць пытаньні.

Аляксандра Раманава пахавалі на новых могілках, побач са Стоўпцамі. На магіле пакуль няма помніка.

«Чаму працэс пройдзе ў закрытым рэжыме? Цяжка сказаць, — кажа Сяргей. — Я думаю, што лепш бы працэс быў адкрыты. У мяне засталіся пытаньні да таго, як вялося сьледзтва. Толькі што ад гэтага цяпер, які сэнс? Суд, сьледзтва, — цяпер гэта ўжо фармальнасьці. Мая думка такая, што тут хутчэй псыхалягічны фактар, з гэтым злачынствам».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ён добры хлопец, заўсёды вітаецца». Рэпартаж са Стоўпцаў, дзе падлетак забіў настаўніцу на ўроку гісторыі

Мужчына зьбіраецца наведваць судовыя паседжаньні асабіста. Кажа, што будзе езьдзіць са Стоўпцаў у Менск.

«У мяне ёсьць свае думкі пра гэтую справу, — кажа Сяргей. — Але, магчыма, я ня маю рацыі. Не хачу публікаваць іх. Надакучыла мне гэта ўсё, ня варта. Каб мне зноў камэнтары ўсякія пісалі ў інтэрнэце? Сьледчыя сустракаліся са мной. Я бачыў відэа, зьнятае ў школе. Дзе абвінавачваны паказваў сьледчым, што адбывалася ў той дзень. Хадзіў з бацькам па школе. А так я падрабязнасьцяў са справы ня ведаю».

З бацькамі абвінавачванага Сяргей таксама больш не сустракаўся. Толькі ў першыя дні аднойчы да яго прыходзіў бацька Вадзіма М. Пасьля спробаў сустрэцца не было.

Месца пахаваньня Марыны Пархімовіч у роднай вёсцы.


«Як улада захоча, так і зробіць»

Загінулую настаўніцу Марыну Пархімовіч пахавалі за 20 кілямэтраў ад Стоўпцаў, у родных Шашках. Першая сустрэтая там жанчына адразу тлумачыць, як знайсьці магілу. У Шашках жыве маці Марыны. Цяпер ёй апякуецца сястра загінулай Алена. Яна пагаджаецца паразмаўляць, але просіць прыехаць да яе пад Стоўпцы, бо ня хоча нагадваць старой маці пра трагедыю.

«Хацелася б, каб працэс быў адкрытым, — гаворыць Алена. — Я б вельмі хацела трапіць на паседжаньні. Калі не для ўсіх адкрыць яго, то хаця б для сваякоў. А так атрымліваецца, што я не змагу прыйсьці, іншыя блізкія Марыны ня змогуць таксама. Пацярпелым прызналі толькі мужа Марыны, нават дзяцей не».

Сястра загінуўшай настаўніцы Алена просіць не фатаграфаваць яе. Ёй дагэтуль цяжка ўзгадваць пра падзеі 11 лютага.


Алене цяжка расказваць пра тое, як яе сям’я жыла пасьля трагедыі. Жанчына кажа, што бацькі абвінавачанага некалькі разоў спрабавалі сустрэцца зь імі, але яна адмаўлялася. Таксама цяжка было чытаць некаторыя публікацыі ў інтэрнэце. Асабліва тыя, дзе сьцьвярджалася пра магчымыя канфлікты паміж вучнямі і загінулай настаўніцай.

«Вельмі непрыемна было гэта бачыць, камэнтары чытаць, — расказвае Алена. — Адкуль людзі ведаюць, як там было на самой справе, што там здарылася? Ведаеце, мы ж усе тут адно аднаго ведалі раней. Усе з адных і тых жа вёсак. Гэта тым больш цяжка перажываць нанова. Усё жыцьцё разам праходзіла, дзеці гадаваліся побач».

Марына Пархімовіч з роднымі.

Алена прызнаецца, што не разумее, чаму ў дачыненьні да абвінавачанага ў двайным забойстве ў Стоўпцах будзе прымяняцца правіла аб максымальна магчымым пакараньні для непаўналетніх. На думку жанчыны, да гэтага выпадку варта было б падыходзіць асабліва.

«Ён можа атрымаць максымум 10 гадоў, — гаворыць Алена. — Празь пяць гадоў ужо можа выйсьці на свабоду. Падлеткаў судзяць за наркотыкі, даюць большыя тэрміны. А тут двайное забойства. Гэта як такое магчыма?»

Адзіным з родных загінулай Марыны Пархімовіч, хто зможа трапіць на судовыя паседжаньні, будзе яе муж Уладзіслаў. Ён расказвае, што да апошняга часу ў Стоўпцах спадзяваліся на разгляд справы на месцы. Хадзілі чуткі, што Менскі абласны суд будзе разглядаць яго ў выязным рэжыме.

«На суд я хачу трапіць, вядома, — кажа Уладзіслаў. — Увогуле я б хацеў, каб суд быў адкрытым і каб праходзіў у Стоўпцах. Шмат хто тут хоча на яго трапіць. А так толькі я змагу, нават нашых з Марынай дзяцей ня пусьцяць. Мне сьледчы адразу пра гэта сказаў, на другі ці трэці дзень пасьля забойства. Маўляў, я адзін пацярпелым буду, больш ніхто. Ніяк гэта не патлумачылі... Мы ўсё адно нічога ня зьменім, — кажа Уладзіслаў. — Як улада захоча, так яны і будуць рабіць. А так, вядома, я хацеў бы, каб суд праходзіў у Стоўпцах. Каб усе даведаліся, як гэта было».

Афіцыйна працэс у справе аб двайным забойстве ў Стоўпцах закрылі таму, што абвінавачаны не дасягнуў на момант злачынства 16-гадовага ўзросту. А ў матэрыялах справы маюцца зьвесткі пра стан ягонага здароўя, якія не павінны абвяшчацца публічна. Яго абвінавачваюць паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу — за забойства дзьвюх асобаў з асаблівай жорсткасьцю з хуліганскіх памкненьняў, спробу забойства дзьвюх асобаў з асаблівай жорсткасьцю з хуліганскіх памкненьняў і асабліва злоснае хуліганства. Сваю віну Вадзім М. прызнае часткова.

Забойства ў стаўпецкай школе. Асноўнае

  • Паводле сьледзтва 11 лютага ў стаўпецкай сярэдняй школе № 2 вучань 10 клясы напаў з нажом на настаўніцу і трох вучняў.
  • 50-гадовая настаўніца гісторыі і грамадазнаўства і вучань 11 клясы загінулі, двух аднаклясьнікаў нападніка шпіталізавалі з раненьнямі.
  • Сьледчы камітэт завёў крымінальныя справы за забойства двух і больш чалавек і спробу забойства. Паводле ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусі нападніку могуць прысудзіць ад 8 да 12 гадоў турмы.