57 чалавек загінулі ад сьпёкі ў Японіі за тыдзень, пачынаючы з 29 ліпеня, паведамляе японскае выданьне Mainichi са спасылкай на заяву японскага ўраду, прычым колькасьць дастаўленых у лякарні за тыдзень павялічылася больш чым утрая — з 5664 да 18347 чалавек.
Паводле Агенцтва барацьбы з пажарамі і стыхійнымі бедзтвамі, штотыднёвы паказьнік колькасьці тых, хто трапіў у шпіталі, быў другім па велічыні з моманту пачатку вядзеньня такой статыстыкі ў 2008 годзе.
З 18 347 чалавек, дастаўленых у шпіталі, 729 мелі цяжкія сымптомы, якія патрабуюць лячэньня ў стацыянары больш за тры тыдні, 6548 чалавек мелі менш сур’ёзныя праблемы. 54,3 % ад агульнай колькасьці шпіталізаваных — людзі ва ўзросьце 65 гадоў і старэйшыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Больш за 42 градусы: сьпёка ў Заходняй Эўропе пабіла ўсе рэкордыУ першай палове лета ў Японіі было халодна і дажджліва, а зь сярэдзіны ліпеня тэмпэратура пачала рэзка павышацца. Цяпер слупкі тэрмомэтраў даходзяць да +39 градусаў.
Летась ад анамальнай сьпёкі ў Японіі загінулі больш за 150 чалавек, дзясяткам тысяч спатрэбілася дапамога мэдыкаў.
Гэтым летам анамальная сьпёка закранула ня толькі Японію — тэмпэратурныя рэкорды былі пабітыя і ў шэрагу краінаў Эўропы. У той час як у Беларусі апошнімі днямі, наадварот, зафіксавана рэзкае пахаладаньне: напрыклад, у Брагіне (Гомельская вобласьць) быў пабіты рэкорд холаду 75-гадовай даўнасьці — слупок тэрмомэтра ўночы 5 жніўня апусьціўся да +2,9°С.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Больш чым на 10 метэастанцыях абнавіліся абсалютныя мінімумы тэмпэратур