У 5 жніўня на Уол-стрыт адбылося самае вялікае ў 2019 годзе падзеньне курсаў акцый. На фоне абвастрэньня, гандлёвага канфлікту з Кітаем індэкс S&P 500, у які ўваходзяць 500 найбуйнейшых амэрыканскіх кампаній упаў на 3%, індэкс Dow Jones — на 2,9%, Nasdaq — на 3,5%.
Падзеньне на Ўол-стрыт адбылося пасьля таго, як Кітай дазволіў сваёй валюце (юаню) упасьці да ўзроўню больш за 7 юаняў за 1 даляр. Гэта было самае значнае патаньненьне юаня ў рамках аднаго дня за 10 гадоў. Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп адразу ж абвінаваціў Кітай у «маніпуляцыі валютай», а міністар фінансаў ЗША Стывен Мнучын заявіў, што Вашынгтон будзе супрацоўнічаць зь Міжнародным валютным фондам для ліквідацыі нядобрасумленнай канкурэнцыі з боку Пэкіну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар абароны ЗША рэзка раскрытыкаваў Кітай за агрэсіўныя паводзіныРаспродаж акцый пачаўся памяркоўнымі тэмпамі 5 жніўня на біржах у Азіі, аднак узмацніўся з адкрыцьцём рынкаў у Эўропе і дасягнуў піку на амэрыканскіх фінансавых біржах у канцы дня. У пошуках бясьпекі інвэстары скуплялі дзяржаблігацыі ЗША, што, са свайго боку, прывяло да падзеньня іх даходнасьці да самага нізкага ўзроўню за апошнія тры гады.
Многія інвэстары асьцерагаюцца ўзмацненьня жорсткасьці гандлёвай вайны паміж дзьвюма краінамі, паколькі гэты канфлікт аказвае вырашальны ўплыў на глябальны эканамічны клімат. На мінулым тыдні Дональд Трамп прыгразіў увесьці дадатковыя мыты на кітайскі імпарт у ЗША на суму каля 300 мільярдаў даляраў, што закранула б практычна ўсе тавары з Кітаю, якія імпартуюцца ў ЗША. 5 жніўня стала вядома, што Кітай прыпыніў закупкі сельскагаспадарчай прадукцыі ЗША.