Спыталі ў людзей, чые імёны ўжо бачылі ў розных выбарчых сьпісах, як ім дата 30 жніўня 2020 году для выбараў новага прэзыдэнта Беларусі.
Раней старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына заявіла, што выбары прэзыдэнта Беларусі могуць прайсьці 30 жніўня 2020 году.
«Праблемная пара году» — Алена Анісім, дэпутатка Палаты прадстаўнікоў і старшыня Таварыства беларускай мовы
Сказала, што яе намер балятавацца на выбарах «час ад часу ўзмацняецца».
«Мой палітычны досьвед паказвае: калі ты ўдзельнічаеш, заяўляеш пра сябе, пра свае намеры, цябе людзі чуюць і да цябе падцягваюцца аднадумцы і паплечнікі. І такім чынам сёе-тое ты можаш рэалізаваць».
Паводле Алены Анісім, у нас «вельмі праблемнае пытаньне незалежнасьці краіны».
«Сур’ёзна на палітычнай арэне пра гэта ня так шмат хто сур’ёзна гаворыць. Таму павінна быць асоба, якая будзе гуртаваць патрыятычныя сілы».
Алена Анісім лічыць, што 30 жніўня — гэта ня самы лепшы час для выбараў. З аднаго боку, пад восень усе вяртаюцца, але цягам лета прэтэндэнтам будзе складаней праводзіць сваю кампанію. «Лета — гэта дастаткова праблемная ў гэтым сэнсе пара году».
«Летні пэрыяд больш спрыяльны» — Юрась Губарэвіч, прадстаўнік правацэнтрысцкай кааліцыі
У кааліцыю ўваходзяць Аб’яднаная грамадзянская партыя, аргкамітэт дзеля стварэньня партыі Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі і рух «За свабоду». Яны вызначаць адзінага кандыдата на прэзыдэнта шляхам праймэрыз.
Старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч сказаў, што асабіста будзе ўдзельнічаць у праймэрыз, якія пройдуць пасьля завяршэньня парлямэнцкай кампаніі. (Апроч яго, пра свой удзел заявілі Мікалай Казлоў і Павал Севярынец.)
«Ужо ёсьць згода, што гэта павінен быць адзіны кандыдат ад кааліцыі. І, можа, ад шырэйшых дэмакратычных сілаў, калі мы здолеем пераканаць калегаў зь іншых структураў у важнасьці працэсу яднаньня».
Губарэвіч кажа, што сыстэма фальсыфікацый працуе незалежна ад датаў ці надвор’я.
«Напісаць патрэбныя вынікі ў пратаколах улады могуць хоць на Новы год, хоць на Купальле. А што да вулічнай актыўнасьці, якая суправаджае любыя вулічныя кампаніі, то якраз летні пэрыяд больш спрыяльны».
«Нармальна», — Аляксей Янукевіч, намесьнік старшыні партыі БНФ
Аляксей Янукевіч (і ягоны дублёр Юрась Зяньковіч) — абодва вылучаныя зьездам БНФ на ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах. Паводле Аляксея Янукевіча, ужо пачалася падрыхтоўка, ідзе фармаваньне ініцыятыўнай групы.
«Але яшчэ больш як год да гэтай даты. Мы рыхтуемся да розных варыянтаў. Не выключаем, што прэзыдэнцкія выбары будуць праведзеныя раней, што яны могуць быць сумешчаныя з рэфэрэндумам».
Што да даты, то, на думку Янукевіча, праблема ня ў ёй.
«Асноўная праблема, каб выбары былі празрыстыя, каб грамадзтва мела давер да вынікаў, чаго 25 гадоў у Беларусі няма. Але лета — нармальны час, каб зрабіць нармальную, моцную кампанію».
Што цікавага ў даце 30 жніўня 2020 году?
Раней гэта быў дзень нараджэньня Аляксандра Лукашэнкі, але ў 2010 годзе ён яго памяняў на 31 жніўня, дзень нараджэньня сына Мікалая. У 2020 годзе кіраўніку Беларусі споўніцца 66 гадоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ровар, «Майбах», карова, шапка... Што дарылі ЛукашэнкуЯк паведамлялася, у пасланьні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў 2019 годзе ў Беларусі адбудуцца выбары ў Палату прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі. Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі, як і плянавалася, пройдуць у 2020 годзе. Чакаецца, што выбары ў Савет Рэспублікі адбудуцца 7 лістапада, у Палату прадстаўнікоў — 17 лістапада.
Хто яшчэ зьбіраецца ў прэзыдэнты?
Пра свой намер удзельнічаць у чарговай прэзыдэнцкай кампаніі ўжо заявілі:
- Аляксандар Лукашэнка — першы і дагэтуль адзіны прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь;
- Алег Гайдукевіч — першы намесьнік старшыні Лібэральна-дэмакратычнай партыі;
- Грамадзянская кампанія «Гавары праўду» — кандыдата назавуць пазьней;
- Сяргей Скрабец — былы палітвязень і дэпутат;
- Мікола Статкевіч — ад Беларускага нацыянальнага кангрэсу.
Аляксандар Лукашэнка кіруе краінай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі (2001, 2016, 2010, 2015), за выключэньнем выбараў 1994 году, на якіх упершыню яго абралі прэзыдэнтам, не былі прызнаныя дэмакратычнымі.