Бацька забітага ў Стоўпцах хлопца: «Хай бы працэс быў адкрытым»

Сяргей Раманаў (у цэнтры) на пахаваньні свайго сына, 13 лютага 2019 году

Разгляд справы аб двайным забойстве ў стаўпецкай школе пачнецца ў Менску 19 жніўня.

Працэс будзе закрытым, ён пройдзе ў Менскім абласным судзе. У залю суду змогуць трапіць толькі зацікаўленыя бакі (пацярпелыя, іхныя адвакаты, а таксама родныя абвінавачанага), пракурор, судзьдзя і сьведкі. Журналістаў на працэс не дапусьцяць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прызначана дата суду аб двайным забойстве ў Стоўпцах

Бацька аднаго з загінулых, 11-клясьніка Аляксандра Раманава, у размове са Свабодай паведаміў, што не прасіў рабіць працэс закрытым. На ягоную думку, у залю суду можна было б дапусьціць усіх ахвотных сачыць за разглядам справы.

«Чаму працэс пройдзе ў закрытым рэжыме? Цяжка сказаць. Я думаю, што лепш бы працэс быў адкрыты, — сказаў у размове са Свабодай бацька загінулага Аляксандра Раманава Сяргей. — У мяне засталіся пытаньні да таго, як вялося сьледзтва. Толькі што ад гэтага цяпер, які сэнс? Суд, сьледзтва, цяпер гэта ўжо фармальнасьці. Мая думка такая, што тут, хутчэй за ўсё, псыхалягічны фактар, з гэтым злачынствам. Я маю сваю думку, але не хачу пакуль распаўсюджваць плёткі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ён добры хлопец, заўсёды вітаецца». Рэпартаж са Стоўпцаў, дзе падлетак забіў настаўніцу на ўроку гісторыі

Сяргей Раманаў таксама паведаміў, што зьбіраецца наведваць судовыя паседжаньні асабіста. Пакуль ён не атрымліваў паведамленьня пра пачатак разгляду справы аб забойстве сына.

Коратка пра справу

Раніцай 11 лютага адзін з вучняў стаўпецкай сярэдняй школы № 2, Вадзім М., 2003 году нараджэньня, напаў з нажом на настаўніцу і некалькіх вучняў. Настаўніца і адзін вучань загінулі на месцы, яшчэ двое вучняў трапілі ў шпіталь. Нападнік уцёк. Затрымалі хлопца празь некалькі гадзін у пад’езьдзе аднаго са стаўпецкіх шматпавярховікаў. Пазьней высьветлілася, што акрамя нажа, нападнік быў узброены таксама малатком, а пацярпелых было больш.

Вадзіма М. абвінавачваюць у злачынствах, прадугледжаных

  • ч. 3 арт. 339 (хуліганства з выкарыстаньнем зброі),
  • пп.1, 6, 13 ч. 2 арт.139 (забойства дзьвюх і больш асобаў з асаблівай жорсткасьцю з хуліганскімі матывамі),
  • ч.1 арт.14 (замах на злачынства) і
  • пп.1, 6, 10, 13 ч. 2 арт. 139 (забойства дзьвюх і больш асобаў з асаблівай жорсткасьцю з хуліганскімі матывамі і забойства асобы у сувязі з выкананьнем ёй службовых абавязкаў).

Разгляд справы будзе закрыты (паводле ч. 2 арт.23 УПК), бо М. не дасягнуў 16-гадовага ўзросту на момант злачынстваў, у якіх яго абвінавачваюць. Да таго ж у матэрыялах справы ёсьць зьвесткі пра стан ягонага здароўя, якія складаюць мэдыцынскую тайну (арт. 46 закону «Аб ахове здароўя»).

Забойства ў стаўпецкай школе. Асноўнае

  • Паводле сьледзтва 11 лютага ў стаўпецкай сярэдняй школе № 2 вучань 10 клясы напаў з нажом на настаўніцу і трох вучняў.
  • 50-гадовая настаўніца гісторыі і грамадазнаўства і вучань 11 клясы загінулі, двух аднаклясьнікаў нападніка шпіталізавалі з раненьнямі.
  • Сьледчы камітэт завёў крымінальныя справы за забойства двух і больш чалавек і спробу забойства. Паводле ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусі нападніку могуць прысудзіць ад 8 да 12 гадоў турмы.