На сайце petitions.by зьявілася пэтыцыя з патрабаваньнем прыбраць зь Менску тытунёвыя кіёскі «Табакерка», якія ўжо зьявіліся ў горадзе, і патрабаваньнем да ўладальніка правесьці агульнагарадзкі рэфэрэндум, ці патрэбны яны.
Пэтыцыя зьявілася 2 ліпеня, за выходныя сабрана ўжо больш за паўтары тысячы подпісаў (1599 на момант публікацыі). Пэтыцыю плянуюць накіраваць у Менскі гарвыканкам і Мінгандлю Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Палаце прадстаўнікоў выступілі супраць «Табакерак», стварэньне якіх ухваліў ЛукашэнкаАўтары пэтыцыі патрабуюць адказаў на наступныя пытаньні:
- як тое, што кіёскі розьнічнага гандлю дазволілі паставіць толькі аднаму бізнэсоўцу, суадносіцца з антыманапольным заканадаўствам Беларусі?
- ці ўзгоднена ўстаноўка кіёскаў з санітарна-эпідэміялагічнай службай?
- на падставе якіх дакумэнтаў было прынята станоўчае рашэньне аб прымальным для гораду вонкавым выглядзе кіёскаў? (Аўтары пэтыцыі нагадваюць, як у 2017 годзе гарадзкія ўлады прыбралі зь Менску ўсе камэрцыйныя кіёскі, патлумачыўшы рашэньне парушэньнем санітарных нормаў і тым, што «кіёскі псуюць выгляд гораду», але, на думку аўтараў пэтыцыі, «Табакеркі» таксама псуюць выгляд гораду.)
- чаму не пыталіся думкі ў жыхароў Менску, ці згодныя яны з усталяваньнем у горадзе 500 кіёскаў раздробнага гандлю?
У пэтыцыі патрабуюць:
- дэмантаваць ужо пастаўленыя кіёскі «Табакерка» ў Менску;
- забараніць далейшую ўстаноўку любых кіёскаў раздробнага гандлю як састарэлага фармату;
- у выпадку калі Аляксей Алексін (або іншыя бізнэсоўцы) хочуць вярнуць кіёскі ў Менску — хай правядуць мясцовы рэфэрэндум, куды вынесуць пытаньне на галасаваньне для жыхароў гораду.
У пэтыцыі адзначаецца, што ў Палаце прадстаўнікоў таксама выступілі супраць «Табакерак».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пратэст віцяблян супраць «Табакерак» улады палічылі «беспадстаўным»Кіёскі «Табакерка» ўжо зьявіліся ў многіх гарадах Беларусі і выклікалі пратэсты людзей. Супраць «Табакерак» выказаліся і ў Палаце прадстаўнікоў, але мясцовыя ўлады адмаўляюцца прыбіраць кіёскі з вуліц. Менгарвыканкам забараніў ставіць «Табакеркі» ў цэнтры гораду, але ў астатніх месцах дазволіў.
Хто стаіць за экспансіяй «Табакерак»
У кастрычніку 2018 году Tut.by са спасылкай на інфармаваныя крыніцы паведаміў, што кампанія «Энерга-Оіл», падкантрольная аднаму з найбагацейшых людзей Беларусі Аляксею Алексіну, створыць у краіне амаль 2500 гандлёвых пунктаў продажу цыгарэт, у тым ліку 500 у Менску.
Паводле крыніц, выканкамы мусяць без аўкцыёну перадаць у арэнду інвэстару зямельныя ўчасткі для будаўніцтва і абслугоўваньня гандлёвых аб’ектаў.
У сьнежні 2017-га Лукашэнка даручыў Алексіну стварыць «адзіную тавараправодную сетку» для тытунёвай прадукцыі на ўнутраным і замежным рынках.
Ад жніўня 2018 году «Энерга-Оіл» — адзіны апэратар продажу вырабаў Горадзенскай тытунёвай фабрыкі «Нёман».
«Энэрга-Оіл» — другі імпартэр цыгарэт у Беларусь. Раней права ўвозіць цыгарэты ў краіну меў толькі «Беларусьгандаль» Упраўленьня справамі прэзыдэнта.
У рэйтынгу часопіса «Ежедневник» Аляксей Алексін займаў 4-е месца сярод самых пасьпяховых і ўплывовых бізнэсоўцаў 2019 году. У ліку ягоных актываў былі беларускія «Белнафтагаз» і «Энерга-Оіл» (займаецца ня толькі нафтай, але і гатэльным, банкаўскім і тытунёвым бізнэсам), літоўская Neonafta ды іншыя нафтавыя кампаніі, МТБанк, маладэчанская мясная кампанія «Вялес-Міт», шэраг аб’ектаў нерухомасьці, лягістычныя кампаніі ў Беларусі і гандлёвыя фірмы ў Латвіі ды іншае. Да 2012 году быў партнэрам Юрыя Чыжа.
Пасьля пагрозы ўвядзеньня санкцый супраць Аляксея Алексіна ў 2020 годзе ён выйшаў з складу ўласьнікаў «Энэрга-Ойл» і «Белнафтагазу». Асноўнымі акцыянэрамі «МТБанку» цяпер запісаныя ягоныя сыны Віталь і Дзьмітрый і іх маці Іна — яны валодаюць больш як 99% акцый банку.