Злучаныя Штаты і Эўразьвяз асудзілі сілавы разгон у Маскве няўзгодненай акцыі ў падтрымку незалежных кандыдатаў на выбарах у Масгардуму 3 жніўня і запатрабавалі вызваленьня затрыманых.
«Улады Расеі працягваюць абмяжоўваць правы грамадзянаў на выказваньне свайго меркаваньня шляхам свабодных і сумленных выбараў і на правядзеньне мірных сходаў, гарантаваныя Канстытуцыяй. Дзеяньні ўладаў 3 жніўня парушаюць правы грамадзянаў на ўсебаковы ўдзел у дэмакратычным працэсе», - гаворыцца ў заяве прадстаўніка амбасады ЗША ў Маскве. Прадстаўніца зьнешнепалітычнага ведамства ЭЗ Мая Каціянчыч заявіла, што ЭЗ чакае ад Расеі неадкладнага вызваленьня 600 затрыманых падчас акцыі. Кіраўніца МЗС Швэцыі Маргат Вальстрэм заклікала ўлады Расеі дапусьціць незалежных кандыдатаў да выбараў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці зьяўляюцца прыкладам для Беларусі пратэсты ў МасквеАб затрыманьні 600 удзельнікаў акцыі пратэсту заявілі напярэдадні ў МУС Расеі. Па дадзеных сайта «ОВД-Инфо» затрыманы быў 1001 чалавек. Раней гэты сайт паведамляў пра 828 затрыманых. Вялікую іх частку ўжо адпусьцілі. Пры затрыманьнях некаторых людзей зьбівалі. Паведамляецца, што пяць чалавек былі шпіталізаваныя з траўмамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Разгонам акцыі ў Маскве кіруе былы палкоўнік украінскага «Беркута, які разганяў «Майдан»Акцыі за допуск незалежных кандыдатаў праходзяць у Маскве амаль месяц - пасьля таго як выбаркамы адмовілі амаль усім прыхільнікам Аляксея Навальнага і Дзьмітрыя Гудкова, мноству кандыдатаў ад партыі «Яблык» і іншым актывістам. Найбольш масавая няўзгодненыя акцыя ў цэнтры Масквы прайшла 27 ліпеня. Пасьля яе былі затрыманыя больш за 1300 чалавек. Была заведзеная крымінальная справа аб «масавых беспарадках», шэсьць чалавек ужо адпраўленыя пад арышт па гэтай справе, яшчэ тром выстаўленыя абвінавачаньні.