«Ніхто з тых, хто за гэтыя 25 гадоў сядзеў з палітычных прычын, ня здаў сваіх паплечнікаў уладам», — кажа кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі.
4 жніўня 2011 году яго ўзялі пад варту, а пазьней асудзілі на 4,5 года турмы. Па ўсім сьвеце разгарнулася беспрэцэдэнтная кампанія салідарнасьці. Бяляцкага прызналі палітвязьнем.
З таго часу 4 жніўня ў Беларусі адзначаецца Дзень салідарнасьці з грамадзянскай супольнасьцю.
Чаму «справа Бяляцкага» важная?
Алесь Бяляцкі заснаваў «Вясну» ў 1996-м. Яна застаецца найбуйнейшай праваабарончай арганізацыяй у Беларусі.
4 жніўня 2011 году Алесь Бяляцкі быў затрыманы супрацоўнікамі Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў і зьмешчаны ў СІЗА на вуліцы Валадарскага. Праваабаронцу абвінавацілі ва ўтойваньні прыбыткаў у асабліва буйным памеры. 24 лістапада таго ж году Бяляцкага асудзілі на 4,5 года пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці. Сам Бяляцкі сваёй віны не прызнаў. Алесь Бяляцкі быў вызвалены па амністыі 21 чэрвеня 2014 году.
З нагоды Дня салідарнасьці з грамадзянскай супольнасьцю Беларусі Свабода задала Алесю Бяляцкаму тры пытаньні.
Чаму ў Беларусі лідэраў шануюць больш, калі яны ў турме?
Тут вельмі цяжка нешта спрагназаваць, па-рознаму бывае. Але вельмі часта сапраўды, пакуль чалавек сядзіць у зьняволеньні, салідарнасьць зь ім робіць зь яго троху героя. Уздымае яго над рэчаіснасьцю. А потым, калі чалавек выходзіць, адбываецца расчараваньне. І сам чалавек можа памяняцца. У нас яшчэ ня самыя кантрастныя варыянты.
Вы паглядзіце, што ва Ўкраіне з Надзеяй Саўчанкай адбылося. Выйшаў чалавек, яе праз год зноў пасадзілі. За тое, што гранаты ў парлямэнт пранесла. У людзей, якія сядзяць, адбываюцца зьмены ў псыхалёгіі. Гэта ўсё ня так проста. Згадайце нашыя выпадкі, калі людзі пасьля турмы адыходзілі ад усякай дзейнасьці. Аляксандар Казулін, напрыклад. А некаторыя працягваюць сваю працу. Вельмі розныя варыянты бываюць.
У нашым грамадзтве няма ідалапаклонства, калі людзі бескрытычна вераць лідэру, дзе б ён ні быў — на волі, у турме ці яшчэ дзе. І я для сябе лічу, што гэта, у прынцыпе, нармальна. Мы, тыя, хто сядзеў, звычайныя людзі. Людзі зь вялікімі заганамі. Але што характэрна — з тых, хто за гэтыя 25 гадоў сядзеў з палітычных прычын, ніхто не перакрэсьліў таго, што было зроблена. Ніхто ня стаў зьневажаць паплечнікаў, ня здаў іх уладам з вантробамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сшыткі свабоды зэка БяляцкагаЛёс людзей па-рознаму складаецца ў турме, пасьля турмы. Але сам па сабе чын трываньня, цярпеньня, які адбываецца ў турме, грамадзянскія актывісты перажылі годна. І лідэры, і шараговыя актывісты. У мяне гэта выклікае вялікую павагу, нягледзячы на тое, што нашы погляды часта моцна разыходзяцца.
А тое, што німб героя пасьля турмы робіцца менш яскравым альбо здымаецца, то гэта жыцьцё. Гэтыя гады, што грамадзянскія актывісты правялі ў турме, якія я адседзеў, яны не дарэмныя. Таму што мы складаем пэўныя ўзоры, скажам так, адданасьці пэўным ідэям, служэньня ім і цярпеньня за гэтыя ідэі. Чаго ў прынцыпе беларускаму грамадзтву не хапала. Бо яму патрэбныя ўзоры, аўтарытэты, біяграфіі, якія б паказвалі, што можна ісьці наперад, не зважаючы на пакуты.
У 2019 годзе ў беларускіх турмах амаль не засталося палітвязьняў. Улада стала менш крыважэрнай?
Беларускія ўлады ўспрымалі і ўспрымаюць грамадзянскую супольнасьць як патэнцыйную пагрозу для сваёй стабільнасьці. Таму што сама сыстэма, выбудаваная Лукашэнкам і яго асяродзьдзем, супярэчыць прынцыпам дэмакратычных стасункаў паміж грамадзянамі і ўладай.
Таму сытуацыя, з аднаго боку, лепшая, міжнародная супольнасьць прызнае існаваньне ў Беларусі толькі аднаго палітвязьня, Міхаіла Жамчужнага. І гэта, натуральна, не параўнаць з тым, што было ў 2011 годзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітвязень Жамчужны правёў у штрафным ізалятары 30 дзён летаАльбо тады, калі быў запачаткаваны Дзень салідарнасьці з грамадзянскай супольнасьцю і ў турмах сядзелі дзясяткі палітычных зьняволеных. І кожны год былі новыя палітызаваныя працэсы. Хтосьці выходзіў на волю, некага саджалі. Была такая бясконцая карусэль. Цяпер сытуацыя сьцішылася. Але, тым ня менш, самі праблемы нікуды ня зьніклі.
Мы пастаянна займаемся крымінальнымі працэсамі і іншымі справамі, якія падкрэсьліваюць, што сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі і ўзаемаадносіны паміж дэмакратычнай часткай беларускага грамадзтва і грамадзянскай супольнасьцю застаюцца вельмі напружанымі. Іх ніяк нельга назваць ні партнэрскімі, ні нармальнымі. Пра гэта сьведчаць хаця б справы, якія маюць палітычны падтэкст. Яны не даводзяць да рэальнага зьняволеньня абвінавачаных, але гэтыя працэсы, тым ня менш, адбываюцца, і людзі атрымліваюць рэальнае пакараньне.
У мінулым годзе — крымінальны працэс над лідэрамі незалежных прафсаюзаў, якія атрымалі «хатнюю хімію» і знаходзяцца пад пільным кантролем. Справа Алеся Ліпая. Сёлета — працэс па справе БелТА. Гэтыя справы ня скончыліся зьняволеньнем абвінавачаных, але ўлады выканалі пастаўленую задачу. Падвысілі ўзровень страху і ўнутраных абмежаваньняў сярод журналістаў, уладальнікаў інфармацыйных рэсурсаў, актывістаў. Над блогерам Сяргеем Пятрухіным прайшоў працэс, амаль прайшоў суд над Аляксандрам Кабанавым.
Сытуацыя спакайнейшая, але нішто не гаворыць пра тое, што ёсьць палітычнае рашэньне на паляпшэньне гэтай сытуацыі. Яна ў любы момант можа пагоршыцца. Пытаньне ў тым, калі наступіць палітычны ці эканамічны крызіс. Усе інструмэнты ўлады для перасьледу існуюць, яны гатовыя. У любы момант рэпрэсіўная машына можа запусьціцца на поўную хаду.
Грамадзянская супольнасьць Беларусі канчаткова дыстанцыявалася ад палітыкі?
Беларуская аўтарытарная сыстэма стварыла невялічкі загон, гета для палітычных партый, якія, па вялікім рахунку, нічога не вырашаюць у беларускай палітыцы. Няма сумленных выбараў, іх не дапускаюць да хаця б нейкага, частковага ўдзелу ў кіраваньні палітычнымі працэсамі. Гэта зьвяло ўвесь палітычны працэс да сур’ёзнага крызісу, а палітычныя партыі ператварыліся ў такія пэўныя палітычныя групоўкі і клюбы. Безумоўна, добра, што яны ёсьць. Бяз гэтага было б значна горш. А так прынамсі хаця б застаюцца нейкія рэшткі дэмакратычных інструмэнтаў, якія звычайна ёсьць у дэмакратычнай дзяржаве.
І ў гэтай сытуацыі здараецца так, што непалітычная дзейнасьць набывае палітычнае адценьне. Хто можа сказаць, што беларускія няўрадавыя культурніцкія арганізацыі, якія займаюцца праблемамі культуры, аховай мовы, нацыянальных традыцый, — гэта не палітычныя арганізацыі? Што ахова беларускай мовы сёньня — гэта не палітычнае пытаньне? Так немагчыма сказаць.
Тое ж датычыцца і іншых грамадзянскіх ініцыятыў, якія нечакана маюць палітычны кантэкст. Экалягічныя ініцыятывы, ініцыятыва супраць зьменаў правілаў прызыву ў войска. Яна, па вялікім рахунку, павінна была вырашацца на палітычным узроўні, але хто яе там будзе вырашаць?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 10 тысяч подпісаў за адзін дзень. Як Мінабароны за месяц стварыла ў Беларусі новы пратэставы рухГэта ў нас ня першы раз адбываецца. Пасьля 1907 году лідэры беларускага адраджэньня, лідэры першых беларускіх партый сышлі ў грамадзянскую дзейнасьць. Выдавалі газэты, кнігі, адчынялі школы. Яны разумелі, што ў тых умовах заняткі грамадзянскай дзейнасьцю значна больш эфэктыўныя, чым фармальнае палітычнае жыцьцё, якое не дае станоўчых вынікаў. А ў любой дзейнасьці вельмі важна, каб былі станоўчыя вынікі, хай і невялікія. Нельга ўвесь час прайграваць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Забытыя. Андрэй Клімаў: «Мару памерці раней, чым перастане існаваць Беларусь»