У першую пятніцу жніўня шэраг краінаў сьвету адзначаюць Міжнародны дзень піва. Статыстычнае ведамства Эўразьвязу адзначыла гэты дзень публікацыяй статыстыкі пра вытворчасьць, імпарт і экспарт піва.
Паводле Эўрастату, у 2018 годзе Нямеччына засталася лідэрам па вытворчасьці піва ў Эўразьвязе з 8,3 млрд літраў, або 21% рынку. Сьледам за немцамі — Вялікая Брытанія (12%), Польшча (10%), Гішпанія (9%), Нідэрлянды і Бэльгія (у абедзьвюх па 6%).
Але Нідэрлянды аказаліся галоўным экспартэрам з 1,9 млрд літраў піва за 2018 год, сьледам — Бэльгія і Нямеччына з 1,6 млрд.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Піўная мапа Беларусі: Ад заводаў да крафтуПастаўкі піва ў Эўразьвяз зь іншых краінаў параўнальна малыя, усяго паўмільярда літраў (супраць 39,2 млрд вырабленых у ЭЗ). Лідэры ў пастаўках за 2018 год такія:
- Мэксыка — 250 млн літраў (52% экспарту);
- Сэрбія — 57 млн;
- ЗША — 43 млн;
- Беларусь — 23 млн (5%);
- Украіна — 19 млн;
- Кітай — 17 млн;
- Расея — 14 млн.
Хто выпіў беларускае піва?
Літоўцы. На паўночную суседку Беларусі прыпадае абсалютная бальшыня паставак беларускага піва ў Эўразьвяз.
У 2018 годзе з 22,7 млн літраў піва ў бутэльках, што Беларусь паставіла ў ЭЗ, 21,3 млн паехалі ў Літву, яшчэ 0,9 млн трапіла ў Латвію, 0,4 млн — у Эстонію, 77 тысяч — у Нямеччыну, 36 тысяч — у Польшчу, і 14 тысяч — у Баўгарыю. Нейкім чынам у Славаччыну аказалася пастаўлена 15 літраў беларускага піва, у Фінляндыю — 4 літры. З 635 тысяч літраў піва, пастаўленых Беларусьсю ў Эўразьвяз у тарах больш за 10 л, амаль усё — 629 тысяч літраў — паехала ў Літву.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як алькаголь уваходзіў у жыцьцё беларусаў. Гутарка з прафэсарам Захарам ШыбекамЭкспарт піва зь Беларусі ў Эўразьвяз паволі расьце, але прапорцыі па краінах паставак застаюцца прыблізна тыя самыя. У 2017 годзе ў Літву — 20,2 млн, ва ўвесь Эўразьвяз — 21,7 млн. У 2016-м у Літву — 19,2 млн, ва ўвесь Эўразьвяз — 20,4 млн.
Але, напрыклад, у 2017 годзе славакам дасталася толькі 4 літры беларускага піва праз афіцыйныя пастаўкі, затое фінам — аж 10 літраў, нідэрляндцам — 16 літраў, бэльгійцам — 9. За год да таго 18 літраў пайшлі ў Нідэрлянды, 9 літраў — у Бэльгію, 6 — у Фінляндыю, а ў Славаччыну афіцыйных паставак не было зусім.
У самой Беларусі за 2018 год вырабілі 472,8 млн літраў піва, а агулам паставілі на экспарт 92 млн, імпартавалі 93 млн літраў. У Літве ж вырабілі 290,5 млн літраў пры насельніцтве ў тры з паловай разы меншым, чым у Беларусі.
Але калі ў Беларусі на піва прыпадае менш як кожны пяты літар умоўнага чыстага алькаголю (паводле Ўсясьветнай арганізацыі здароўя, 2010), то ў Літве — амаль кожны другі. У Беларусі значна больш за піва спажываюць гарэлку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як зрабіць, каб беларусы менш пілі алькаголю. Шэсьць канкрэтных прапановаў