Сёньня на сустрэчы з кіраўніком дзяржавы Аляксандрам Лукашэнкам старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына прапанавала абраць чальцоў верхняй палаты Нацыянальнага Сходу Беларусі — Савету Рэспублікі — 7 лістапада.
Свабода тлумачыць асаблівасьці фармаваньня Савету Рэспублікі.
Згодна з Канстытуцыяй Савет Рэспублікі — палата тэрытарыяльнага прадстаўніцтва.
Ад кожнай вобласьці і асобна ад Менску выбіраюцца па восем чалавек.
Яшчэ восем чальцоў прызначае асабіста прэзыдэнт. Такім чынам, поўны склад верхняй палаты — 64 асобы.
Аднак звычайна Аляксандар Лукашэнка «трымае» некалькі месцаў на запас. Так, у цяперашнім складзе верхняй палаты толькі два вылучэнцы Лукашэнкі — Генадзь Давыдзька і Аляксандар Папкоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ярмошына перахітрыла Лукашэнку? Што з датамі выбараў — адной карцінкайНаўпрост у Савет Рэспублікі не абіраюць. Кожная вобласьць праводзіць адмысловы сход дэпутатаў гарадзкіх і раённых саветаў, якія і абіраюць сваіх прадстаўнікоў. У Менску абіраюць толькі на пасяджэньні гарадзкога савету дэпутатаў, бо адміністрацыйныя раёны ўнутры сталіцы ня маюць раённых прадстаўнічых органаў.
Пасьля праграмных выступленьняў кандыдатаў і публічнага абмеркаваньня іх кандыдатур праводзіцца патаемнае галасаваньне. Абраным лічыцца кандыдат, які атрымаў больш за палову галасоў дэпутатаў, што ўдзельнічалі ў галасаваньні.
Да чальца Савету Рэспублікі ёсьць чатыры абавязковыя патрабаваньні:
- ён павінен мець беларускае грамадзянства;
- быць не маладзейшым за 30 гадоў;
- пражыць на тэрыторыі адпаведнай вобласьці альбо Менску ня менш за пяць гадоў;
- ня мець судзімасьці.
Тэрмін дзейнасьці верхняй палаты — чатыры гады.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады ня хочуць палітызаваць прэзыдэнцкія выбары і ўраўноўваць іх з парлямэнцкімі