31 ліпеня пачынаецца візыт у Беларусь прэзыдэнта Ўзбэкістану Шаўката Мірзіёева.
Летась у верасьні Аляксандар Лукашэнка быў зь візытам ва Ўзбэкістане. Раней у рангу кіраўнікоў дзяржаваў Лукашэнка і Мірзіёеў сустракаліся некалькі разаў – у 2016 годзе, калі беларускі кіраўнік наведаў Узбэкістан, каб аддаць даніну памяці памерламу прэзыдэнту Ісламу Карымову, у 2017 годзе ў Сочы на саміце СНД, і ў 2018 годзе на саміце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў Кітаі.
Параўнайма лідэраў дзьвюх дзяржаваў.
Таямніцы сям’і: хто бацька Лукашэнкі і якое імя маці Мірзіёева
Шаўкат Мірзіёеў нарадзіўся ў Зааміне — пасёлку гарадзкога тыпу Джызацкай вобласьці Ўзбэкістану.
Яго бацька Мірамон Мірзіёеў быў галоўным лекарам сухотнага дыспансэру ў Зааміне. Імя маці цяперашняга прэзыдэнта ніколі не агучвалася, вядома, што яна працавала санітаркай у шпіталі, якім кіраваў яе муж, памерла ў маладосьці ад сухотаў костак, якімі заразілася выпадкова на працы.
Шаўкат Мірзіёеў мае дзьвюх родных сясьцёр і адзінакроўных брата і сястру ад другога шлюбу бацькі.
Пра бацьку кіраўніка Беларусі наадварот, афіцыйна вядомае толькі яго імя — Рыгор.
Знаўцы вясковых праблемаў
Алясандар Лукашэнка завочна скончыў эканамічны факультэт Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, працаваў намесьнікам старшыні калгасу «Ўдарнік», сакратаром парткаму калгасу імя Леніна, потым стаў дырэктарам саўгасу «Гарадзец» (усе ў Шклоўскім раёне Магілёўскай вобласьці).
Шаўкат Мірзіёеў скончыў Ташкенцкі інстытут інжынэраў ірыгацыі і мэханізацыі сельскай гаспадаркі (ТІІІМСГ). У 1981–1992 гадах працаваў у інстытуце, які скончыў, — ад малодшага навуковага супрацоўніка да першага прарэктара. Падчас працы ў інстытуце атрымаў ступень кандыдата тэхнічных навук.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Узбэкістан прапануе Беларусі разам здабываць нафту і перапрацоўваць бавоўну
Мясцовы кіраўнік і дэпутат парлямэнту
У 1990 годзе, яшчэ за савецкім часам, падчас працы ў інстытуце інжынэраў ірыгацыі, Мірзіёеў быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савету Ўзбэкістану.
Далейшая службовая карʼера — кіраўнік адміністрацыі (хакім) розных тэрытарыяльных адзінак: раёну Ташкенту, потым спачатку роднай Джызацкай вобласьці, у 2001–2003 гадох — хакім адной з найбуйнейшых вобласьцяў краіны, Самаркандзкай.
Аляксандар Лукашэнка да прыходу ў палітыку высокіх пасадаў не займаў. У Вярхоўны Савет Беларусі ён быў абраны ў той жа год, што і Мірзіёеў — у ВС УзССР.
Лукашэнка заставаўся дэпутатам (стаўшы кіраўніком часовай антыкарупцыйнай парлямэнцкай камісіі) і з дэпутатаў быў абраны прэзыдэнтам.
«Моцны гаспадарнік» і «цяжкавагавік»
У 2003–2016 гадох Шаўкат Мірзіяеў узначальваў урад Узбэкістану. Прэмʼер-міністар (2003–2016).
«Элегантныя перамогі»
Пасьля сьмерці ў 2016 годзе шматгадовага кіраўніка Ўзбэкістану Іслама Карымава ў сьнежні таго ж году Мірзіёеў быў абраны прэзыдэнтам Узбэкістану.
Паводле афіцыйных дадзеных, яўка на выбарах склала каля 88%, пры гэтым пераможца атрымаў 89%.
Гэта больш, чым у Аляксандра Лукашэнкі за ўвесь час яго кіраваньня, хаця і сувымерна з афіцыйнымі вынікамі апошніх прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі.
Паводле ЦВК Беларусі, Лукашэнка на прэзыдэнцкіх выбарах атрымліваў наступныя адсоткі галасоў падтрымкі: 1994 — 80%, 2001 — 76%, 2006 — 83%, 2010 — 80%, 2015 — 83%.
Адносна свабоднымі ў Беларусі былі толькі першыя прэзыдэнцкія выбары, ва Ўзбэкістане ніякія не былі свабоднымі.
«Мяккая лібэралізацыя» Мірзіёева
Узбэкістан за Карымава быў адным з самых жорсткіх, рэпрэсіўных рэжымаў у сьвеце, міжнародныя рэйтынгавыя агенцтвы ставілі краіну паводле ўзроўню палітычных і грамадзянскіх свабодаў у самы канец сьпісу, побач з Туркмэністанам і Паўночнай Карэяй.
Мірзіёеў пачаў рабіць невялікія крокі ў бок лібэралізацыі ў розных сфэрах грамадзкага жыцьця.
Былі вызваленыя 18 палітычных зьняволеных, хаця тысячы палітвязьняў застаюцца за кратамі. Каля 16 тысяч чалавек былі зьнятыя з уліку ў якасьці «патэнцыйных экстрэмістаў».
У 2017 годзе Мірзіёеў скасаваў выязныя візы для грамадзян краіны і ўвёў біямэтрычныя замежныя пашпарты. Таксама былі скасаваныя некаторыя абмежаваньні на ўязны турызм. У 2018 годзе ўведзены бязьвізавы рэжым тэрмінам на 30 дзён для грамадзян сямі дзяржаваў — Ізраілю, Інданэзіі, Паўднёвай Карэі, Малайзіі, Сынгапуру, Турэччыны і Японіі.
Сярод іншага прэзыдэнт Мірзіёеў прыняў рашэньне адкрыць пасольства Ўзбэкістану ў Беларусі. Пасольства пачало працу ў Менску ў чэрвені 2018 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Выкарысталі як лялек». Як ва Ўзбэкістане напярэдадні візыту прэзыдэнта падаравалі дамы, а потым забралі«Вялікая чыстка» і сьціраньне памяці пра Карымава
Ужо напачатку прэзыдэнцтва Мірзіёева пачалася чыстка сілавых і праваахоўных структураў краіны. У 2017 годзе ён абвясьціў, што органы пракуратуры варта цалкам ачысьціць ад супрацоўнікаў, якія пачалі працаваць пры Карымаву. Паводле новага прэзыдэнта, «пракуроры ёсьць найбольшымі злодзеямі, якія засталіся ад старой сьмецьцевай сыстэмы». Ужо ў жніўні 2017 году былі замененыя 80% супрацоўнікаў пракуратуры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Высокапастаўленых супрацоўнікаў МУС Узбэкістану панізілі да ўчастковых пасьля выступу прэзыдэнтаБыў адпраўлены ў адстаўку шэраг кіраўнікоў Службы нацыянальнай бясьпекі, у тым ліку і яе шматгадовы кіраўнік Рустам Інаятаў.
У жніўні 2018 году рэдактараў усіх тэлеканалаў у складзе Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Ўзбэкістану папярэдзілі, каб імя нябожчыка прэзыдэнта Іслама Карымава ад гэтага часу наагул ня згадвалася ў эфіры.
Партрэты і скульптуры былога прэзыдэнта па ўсёй краіне прыбіраюцца, у некаторых ВНУ яго кнігі адпраўляюць на макулятуру.
Супраць родзічаў былога прэзыдэнта распачалі шэраг крымінальных справаў, дачка Карымава Гульнара у 2017 годзе за фінансавыя злоўжываньні была асуджаная да 5 гадоў зьняволеньня, яна трапіла спачатку пад хатні арышт, а ў сакавіку 2019 году – у жаночую калёнію.
Яна паведаміла, што вярнула ўзбэцкай дзяржаве 1.2 мільярды даляраў і выказала гатоўнасьць вярнуць яшчэ 686 мільёнаў даляраў.
Пацісканьне рук з прэзыдэнтам ЗША
Першы замежны візыт у рангу прэзыдэнта Мірзіёеў зрабіў у суседні Туркмэністан.
У 2018 годзе ў чэрвені Шаўкат Мірзіёеў наведаў з афіцыйным візытам Злучаныя Штаты Амэрыкі, дзе сустрэўся з прэзыдэнтам Дональдам Трампам. Гэта першы афіцыйны візыт кіраўніка Ўзбэкістану ў ЗША ад 2002 году.
Аляксандар Лукашэнка ніводнага разу падчас свайго прэзыдэнцтва не наведваў Злучаныя Штаты з афіцыйнымі візытамі, ён там бываў ці для выступаў у ААН, ці на прыватныя запрашэньні.
Трое дзяцей
У Шаўката Мірзіёева, як і ў Аляксандра Лукашэнкі, трое дзяцей, толькі ва ўзбэцкага лідэра адзін сын — Алішэр — і дзьве дачкі — Саіда і Шахназа.
Са сваёй будучай жонкай Зіраатхон Хашымавай Шаўкат Мірзіёеў пазнаёміўся падчас навучаньня ў Ташкенцкім інстытуце інжынэраў мэліярацыі.
Лукашэнка пра Мірзіёева
«Я яму сказаў, мы глядзім на цябе празь вялікае павелічальнае шкло і радуемся. Вы проста малайцы. Вы за два гады зрабілі тое, што не было зроблена за чвэрць стагодзьдзя. І вы сьмела пайшлі на гэта — адкрыліся для сьвету. Не спыняйцеся!.. Мы — пакаленьне, якое яшчэ не старое, але ўжо адыходзіць».
Лукашэнка пра Беларусь і Ўзбэкістан
«У нас жа дыктатура — і ва Ўзбэкістане, і ў Беларусі, у добрым сэнсе слова. Ніхто нікога ні за што не саджае, да сьценкі ня ставіць. Але калі ты заслужыў, ты сваё атрымаеш».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Уга, Муамар, Рэджэп і Валодзя. Хто ў Лукашэнкі «браты», а хто «сябры»