Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Выкарысталі як лялек». Як ва Ўзбэкістане напярэдадні візыту прэзыдэнта падаравалі дамы, а потым забралі


35-гадовая жыхарка Андыжану Хуршыда Цільляева напярэдадні візыту прэзыдэнта Ўзбэкістану Шаўката Мірзіёева ў Андыжанскую вобласьць выступіла па мясцовым тэлебачаньні і радасна паведаміла аб тым, што атрымала жытло ад дзяржавы. Аднак ужо на наступны дзень пасьля ад’езду кіраўніка дзяржавы яе папрасілі вызваліць дом.

Гісторыю, як яна стала «гаспадыняй дома на гадзіну», Хуршыда Цільляева расказала карэспандэнту ўзбэцкай службы Радыё Свабода.

Гаспадыня дома на адну гадзіну

— Я працую ў швейным цэху, падавала заяву на атрыманьне жытла. У дзень прыезду прэзыдэнта да мяне прыйшлі супрацоўнікі Камітэту ў справах жанчын пры адміністрацыі Андыжану і сказалі, каб я заехала ў новае жытло. Аказваецца, супрацоўніцы дзіцячага садка абставілі жытло ўсім неабходным. У той жа дзень карэспандэнт тэлеканалу «Узбэкістан 24» узяў у мяне інтэрвію.

Бацька ў мяне памёр, а прэзыдэнт з бацькоўскім клопатам выдаў мне жытло

У сваім інтэрвію я са сьлязамі на вачах распавяла, што бацька ў мяне памёр, а прэзыдэнт [прэзыдэнт Шаўкат Мірзіёеў тады наведаў Андыжанскі вобласьць] з бацькоўскім клопатам выдаў мне жытло. Пасьля даведалася, што ўвесь Андыжан бачыў маё інтэрвію тэлеканалу. Усе знаёмыя павіншавалі мяне.

Але як толькі прэзыдэнт зьехаў з Андыжану, мне заявілі, што ў гэтага дома ўжо ёсьць уладальнік, і сказалі, што выдадуць мне жытло пазьней. Тады я зразумела, што апынулася ахвярай падстаўнога шоў, — распавяла маці дваіх дзяцей, швачка з Андыжану Хуршыда Цільляева.

Паводле яе у дзень прыезду кіраўніка дзяржавы ў Андыжанскую вобласьць кватэры ў новых катэджах выдалі васьмі жыхаркам, але пасьля адʼезду прэзыдэнта шасьцярых жанчын папрасілі вызваліць кватэры.

Карэспандэнт узбэцкай службы Радыё Свабода пагутарыў яшчэ з адной «гаспадыняй дома», 30-гадовай жыхаркай Андыжанц Муясар Рахімавай.

— Даведаўшыся пра тое, што мне выдалі новую кватэру, я заплакала і пачала маліцца за прэзыдэнта. Мне сказалі, каб свае старыя рэчы я прывезла на наступны дзень, каб яны не сапсавалі дызайн кватэры. Акрамя таго, да прыезду прэзыдэнта мяне папрасілі за свой кошт пашыць новую сукенку. Мне давялося заплаціць за сукенку 300 тысяч сумаў. У дадатак нашы чыноўнікі папрасілі мяне, каб я і сваіх дзяцей апранула папрыстойней. «У дзень прыезду прэзыдэнта вы ўсе павінны быць апранутыя папрыстойней, як шчасьлівая сямʼя, якая атрымала кватэру», — сказалі мне чыноўнікі.

Але пасьля яны выставілі мяне з гэтай кватэры. Аказалася, гэта была ўсяго толькі гульня на адну гадзіну. Яны выкарысталі нас як лялек, каб падмануць прэзыдэнта, — сказала Рахімава.

Як арганізавалі сустрэчу з прэзыдэнтам

16 траўня тэлеканал «Узбэкістан 24», які асьвятляў візыт прэзыдэнта ў Андыжанскую вобласьць, паведамляў, што ў новыя дамы — таўнхаусы — пераехалі 164 сямʼі. Адзін зь мясцовых журналістаў, які прымаў удзел у асьвятленьні візыту кіраўніка дзяржавы ў вобласьць, распавёў некаторыя падрабязнасьці падрыхтоўкі візыту:

Адабралі некалькіх жанчын і па рэкамэндацыі дызайнэра апранулі іх у нацыянальныя сукенкі з шоўку

— Мясцовыя чыноўнікі выбралі дзесяць кватэр, у якія, як мяркуецца, павінен быў зайсьці прэзыдэнт. Супрацоўнікам упраўленьня культуры і дзіцячых садкоў далі заданьне абставіць гэтыя кватэры. Акрамя таго, яны адабралі некалькіх жанчын, зь якімі мог сустрэцца кіраўнік дзяржавы, і па рэкамэндацыі дызайнэра адзеньня апранулі іх у нацыянальныя сукенкі з шоўку. За лічаныя гадзіны да прыезду прэзыдэнта стала вядома, што ён наведае дом Дыльфузы Хаджыматавай. Чыноўнікі ў тэрміновым парадку пачалі абстаўляць яе дом усім неабходным. Аднекуль прывезьлі дарагія крэслы, — распавёў журналіст.

— Уся мэбля і бытавая тэхніка, у тым ліку наборы для сьпецыяў і фатаграфіі пальмаў на кухні, паказаныя ў рэпартажы, былі дастаўлены прадстаўнікамі гарадзкой адміністрацыі часова. Арганізатары папрасілі жанчын, каб падчас сустрэчы з прэзыдэнтам яны не задавалі яму лішніх пытаньняў, а толькі маліліся за яго і дзякавалі за новае жытло, — распавяла Муясар Рахімава. Яе таксама рыхтавалі да сустрэчы з Шаўкатам Мірзіёевым.

Прадстаўнік адміністрацыі Андыжану ў тэлефоннай размове паведаміў, што Дыльфуза Хаджыматава, якая сустрэлася з Шаўкатам Мірзіёевым, ужо жыве ў новым доме, а праблема з жытлом астатніх удзельніц сустрэчы з прэзыдэнтам будзе вырашаная ў найбліжэйшай будучыні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG