Мінабароны прызнала сапраўднасьць здарэньня. Вядзецца сьледзтва.
Пра інцыдэнт у вёсцы Расошнае Жодзінскага сельскага савету Свабодзе паведамілі відавочцы. Паводле папярэдняй інфармацыі, блізка да поўначы 29 ліпеня ў адным з дамоў (у рэдакцыі Свабоды ёсьць дакладны адрас і імя ўласьніцы) выбухам моцна пашкодзіла некалькі пралётаў мэталічнага профілю.
«Сказаць дакладна, што там быў снарад, я не магу, — расказаў у размове са Свабодай жыхар Расошнага Барыс, дом якога знаходзіцца побач з домам пацярпелай. — Міліцыя прыяжджала сёньня, „разьмінаваньне“ было. Што яны там знайшлі, я ня ведаю, інфармацыяй не валодаю. Агароджа з профнасьцілу пашкоджаная, нешта такое там было. Але без варонкі. У гародзе ў бабкі гэтай знайшлі паглыбленьні, агароджа моцна пашкоджаная, там шмат дзірак наскрозь. І ён як быццам адарваны са слупоў, на якіх мацаваўся».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Танк крыху панесла», — Міністэрства абароны пра інцыдэнт пасьля парадуПа словах Барыса, у вёсцы цяпер ня ўсе дамы заселеныя. Вайсковы палігон знаходзіцца параўнальна побач, пад Барысавам. Там праходзяць навучаньне салдаты зь Печаў.
«Бабка, якая жыве тут, была ўчора дома тады, калі гэта адбылося, — гаворыць Барыс. — Расказвала, што моцна бахнула. Усё здарылася ўчора ўвечары, а палове 12-й гадзіны. На палігоне ўвесь вечар стралялі ўчора, вучэньні там ішлі. Раней не было ніколі такога. Толькі пры Саюзе балванкі сюды даляталі. Гэта яшчэ ў 80-х гадах было».
Міністэрства абароны выступіла з афіцыйным камэнтаром.
«Камісія вайсковага ведамства і сьледчай апэратыўнай групы МУС высьвятляе прычыны пашкоджаньня агароджы на адным зь зямельных участкаў у населеным пункце Расошнае Смалявіцкага раёну, — гаворыцца ў ім. — Устаноўлена, што 29 ліпеня на 227-м агульнавайсковым палігоне праводзілася вучэньне. Ці зьвязана пашкоджаньне агароджы з правядзеньнем вучэньня, высьветліць сьледзтва. Пацярпелых няма».