Мэтрапалітэн перадумаў здымаць бел-чырвона-белую рэкляму Symbal.by

Рэклямны банэр беларускай патрыятычнай кармы symbal.by «Родная Беларусь»

Рэклямны банэр беларускай патрыятычнай крамы Symbal.by «Родная Беларусь» застанецца на сваім месцы. Раней дырэктар крамы Павал Белавус у «Фэйсбуку» паведаміў, што праз два дні рэклямна-інфармацыйны аддзел Менскага мэтрапалітэну запатрабаваў ад агенцтва «Мэдыя Альянс» тэрмінова зьняць і замяніць яго.

Супрацоўніца рэклямнага агенцтва «Мэдыя Альянс» Аксана Пляшкевіч ўдакладніла, што зьняць ці замяніць банэр Symbal.by ім загадалі ў ноч на 1 жніўня, хоць дагэтуль разьмяшчэньне рэклямы абгаворвалася тэрмінам на 3 месяцы з магчымасьцю працягу. Аднак пасьля таго, як інфармацыя набыла шырокую агалоску, рашэньне было перагледжанае.

Гэта ў гутарцы са Свабодай пацьвердзіла і загадчыца рэклямна-інфармацыйнага аддзелу Менскага мэтрапалітэну Сьвятлана Зізіка.

«Вісіць банэр, у чым пытаньне? Не магу зразумець, што такое адбываецца, адкуль гэты шум? Калі ласка, хацелі на тры месяцы — хай рэклямуюцца. Я ня чула, каб ім былі нейкія прадпісаньні, паняцьця ня маю, пра што вы кажаце. Рэкляма будзе роўна столькі, колькі захоча «Мэдыя Альянс», — запэўніла кіраўніца рэклямна-інфармацыйнага аддзелу Менскага мэтрапалітэну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Білборды зь Някляевым і Жыгамонтам у Менску зьнялі празь некалькі гадзін

Білборды з паэтам Уладзімерам Някляевым і акторам Юрыем Жыгамонтам, якія зьявіліся ў цэнтры Менску ў раёне плошчы Перамогі ў верасьні 2018 году і рэклямавалі тую ж краму, зьнялі празь некалькі гадзін. У рэклямнай кампаніі, зь якой Symbal.by супрацоўнічаў, Белавусу тады сказалі, што «зьвярнуліся з высокіх органаў і загадалі зьняць», але ў аддзеле кантролю за рэклямай упраўленьня гандлю Менгарвыканкаму сказалі, што «нікому нічога не забаранялі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пасылаюць па зачараваным коле». Хто загадаў прыбраць рэкляму зь Някляевым у цэнтры Менску?

Пазьней рэклямная агенцыя «МК Реклама» адмовілася разьмяшчаць лайтпостэры крамы symbal.by зь вершамі Ўладзімера Някляева. Аўтарства паэта на плякатах пазначана не было.

У кастрычніку 2017 году, калі Павал Белавус хацеў разьмясьціць банэры symbal.by на скрыжаваньні праспэктаў Незалежнасьці і Машэрава, камісія «Менскрэклямы» адмовілася зацьвярджаць банэр, папрасіўшы прыбраць у слогане на плякаце «Крама, дзе жыве Беларусь» слова «жыве». Праз тыдзень крама адправіла на ўзгадненьне ў «Менскрэкляму» шэсьць новых варыянтаў банэраў, і ў выніку камісія зацьвердзіла два зь іх: «Крама, дзе дыхае Беларусь» і «Крама, дзе знойдзеш Беларусь».