Лукашэнкаўскі незалежнік. Чаму не зьдзівіла інтэрвію НН Уладзімера Дзялендзіка

Беларуска-расейская мяжа

Уладзімер Дзялендзік проста выказаў вельмі распаўсюджаныя, напэўна нават даміноўныя ўяўленьні, якія ёсьць і сярод эліты, і сярод народу: «Што Пуціну перашкаджае проста сябраваць? Калі ласка ж, мы супрацоўнічаем, давайце жыць, працаваць, межы вашыя мы абараняем, на адной мове размаўляем».

Сьцісла:

  • Уладзімер Дзялендзік проста выказаў вельмі распаўсюджаныя ўяўленьні, якія ёсьць, і сярод эліты і сярод народу
  • Матывацыя — дык мы ж беларусы, мы ж асобныя, што тут яшчэ тлумачыць?
  • Ня выключана, што на рашучасьць Дзялендзіка выказаць свае погляды паўплывалі сямейныя абставіны бізнэсоўца — досьвед зяця-каталёнца
  • Бачаньне сьвету: Лукашэнка — гаспадар, без гаспадара нельга, ні ў бізнэсе, ні ў краіне, калі б ня ён, невядома яшчэ, што было б з незалежнасьцю
  • Дзялендзік — люстэрка беларускай эвалюцыі
  • Паводле Рэнана нацыя — штодзённы рэфэрэндум
  • На гэтым «штодзённым рэфэрэндуме» такія, як Уладзімер Дзялендзік, і «галасавалі» за незалежнасьць гэтыя 28 гадоў

Зьдзівіла форма

Інтэрвію выдатнае і вельмі цікавае, павучальны досьвед беларускага пэрыяду першапачатковага назапашваньня капіталу 90-х, ацэнкі калегаў па бізнэсе.

Але, у адрозьненьні ад іншых, мяне зусім не зьдзівіў зьмест выказваньняў героя інтэрвію наконт незалежнасьці і расейскіх інтэграцыйных заляцаньняў. Форма — крыху зьдзівіла. Сярод чыноўнікаў і буйных бізнэсоўцаў не прынята так выразна і рэзка выказвацца на гэтыя тэмы.

Але, па сутнасьці, Уладзімер Дзялендзік проста выказаў вельмі распаўсюджаныя, напэўна нават даміноўныя ўяўленьні, якія ёсьць і сярод эліты, і сярод народу: «Што Пуціну перашкаджае проста сябраваць? Вось вы мне адкажыце — што перашкаджае? Што, трэба Савецкі Саюз стварыць зноў? Што, трэба, каб мы ў складзе Расеі былі? Калі ласка ж, мы супрацоўнічаем, давайце жыць, працаваць, межы вашыя мы абараняем, на адной мове размаўляем».

І без асаблівых культурніцкіх складанасьцяў, без глыбокіх развагаў пра нацыянальную ідэю, нават са спалучэньнем рэвэрансаў на адрас беларускай мовы і канстатацыяй — «на адной мове размаўляем».

Зь немудрагелістай такой матывацыяй — дык мы ж беларусы, мы ж асобныя, што тут яшчэ тлумачыць? Але гэтая матывацыя даволі цьвёрдая.

Бізнэсовец не гаворыць нават, што без Расеі беларусы будуць жыць багацей. Ён кажа пра тое, што за незалежнасьць магчыма давядзецца дорага заплаціць, і гэтую цану варта заплаціць.

І пры гэтым — ані каліва непрыязі да Расеі, адчуваньня яе чужасьці. Наадварот, глыбокая сувязь з Расеяй, пачынаючы зь першага, абсалютна шалёнага досьведу бізнэсу з прыежджым піцерцам.

Не чужы, але да мяжы

Ня выключана, што на рашучасьць Дзялендзіка выказаць свае погляды паўплывалі сямейныя абставіны бізнэсоўца. Досьвед зяця-каталёнца — асабістая датычнасьць да апантанай барацьбы за сваю незалежнасьць іншага народу. Але наўрад ці гэта вырашальны момант. Падштурхнуць да шчырых выказваньняў — магло, але адпаведныя погляды не ўзьнікаюць ад замежнага досьведу, хай сабе і ўспрынятага празь сям’ю.

Ну і пры гэтым — цалкам лукашыст. Залежнасьць айчыннага буйнога бізнэсу ад улады — рэч агульнавядомая. Але хваласьпевы Дзялендзіка на адрас вышэйшага начальства — неабавязкова спроба дагадзіць і ўлесьціць. Такое бачаньне сьвету: Лукашэнка — гаспадар, без гаспадара нельга, ні ў бізнэсе, ні ў краіне, калі б ня ён, невядома яшчэ, што было б з незалежнасьцю.

А спытаў бы яго журналіст НН — дык Лукашэнка ж і паставіў пад пагрозу незалежнасьць, мяркую, што бізнэсовец знайшоў бы, што адказаць. Добра пашытую тэорыю не абвяргаюць ніякія факты, яна іх адаптуе і пераінтэрпрэтоўвае.

Люстра эвалюцыі

Погляды Ўладзімера Дзялендзіка насамрэч вельмі тыповыя, ён, перафразуючы клясыка, пэўнае люстэрка беларускай эвалюцыі.

За 28 гадоў беларускай незалежнасьці яна захавалася, а Лукашэнка з рэстаўратара СССР ператварыўся ў незалежніка не адно дзякуючы самаахвярным змагарам за незалежнасьць. Але хіба ня ў першую чаргу дзякуючы такім вось Дзялендзікам.

Знакаміты францускі філёзаф Эрнст Рэнан у ХІХ стагодзьдзі пісаў, што нацыя — гэта штодзённы рэфэрэндум, рашэньне грамадзтва жыць разам і асобна ад іншых.

Вось на гэтым «штодзённым рэфэрэндуме» такія, як Уладзімер Дзялендзік, і «галасавалі» за незалежнасьць гэтыя 28 гадоў.

Ну і з уладай у нечым падобна. Зараз бізнэсовец Дзялендзік — не вясковая бабуля з пачатковай адукацыяй. Пасьпяховы чалавек, дасягнуўшы калі не ўсяго, то многага ў жыцьці, сваёй працай. А Захаду зусім не чужы, цяпер ужо і па сямейных абставінах. І таксама — калі б Лукашэнку падтрымлівалі адно вясковыя бабулі і мэханізатары, а не ў тым ліку і такія, як Дзялендзік, дык і не кіраваў бы прэзыдэнт краінай 25 гадоў.

Быць настолькі тыповым — гэта ўнікальнасьць.