Заводу «Омск карбон Магілёў» адмоўлена ў выдачы экспэртнага заключэньня для павелічэньня вытворчасьці

  • БелаПАН

Рэспубліканскі цэнтар дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы і павышэньня кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спэцыялістаў Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя адмовіўся выдаць заводу «Омск карбон Магілёў» заключэньне для павелічэньня магутнасьці вытворчасьці, паведаміў каардынатар кампаніі «За здаровы Магілёў» Андрэй Бадылёў.

«Мы віншуем магілёўцаў з маленькай, але ўсё ж перамогай, — цытуе Бадылёва праваабарончы сайт mspring. online. — Намі атрыманы адказ ад цэнтру дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, у якім паведамляецца, што 21 чэрвеня 2019 году цэнтар адмовіўся выдаваць экспэртнае заключэньне па павелічэньні магутнасьці вытворчасьці «Омск карбон Магілёў».

Андрэй Бадылёў адзначыў, што на некаторы час «магілёўцы пазьбеглі яшчэ большых экалягічных праблем, якія магло прынесьці павелічэньне магутнасьці вытворчасьці».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Омск Карбон Магілёў» зьбіраецца запусьціцца. Мясцовыя жыхары кажуць, што гэта будзе «швах»

Як вынікае зь ліста намесьніка дырэктара цэнтру па экалягічнай дзяржаўнай экспэртызе Яўгена Рачэўскага, паводле стану на 5 ліпеня дакумэнтацыя для павелічэньня магутнасьці паўторна не паступала.

Згодна з праектам, прынятым у 2016 годзе, прадпрыемства плянавала выпускаць 200 тыс. тон тэхнічнага вугляроду за год на пяці вытворчых пляцоўках. Першая ўжо пабудаваная, другая — будуецца, трэцяя і чацьвёртая — праектуюцца. Аднак на прадпрыемстве вырашылі адмовіцца ад вытворчасьці на пятай пляцоўцы, разьмясьціўшы там лягістычны цэнтар для гатовай прадукцыі.

Каб аб’ёмы вытворчасьці засталіся ранейшыя, неабходна павялічыць магутнасьці на трэцяй і чацьвёртай пляцоўках. Такія зьмены праекту запатрабавалі ня толькі тэхнічных і тэхналягічных дапрацовак, але і новай ацэнкі ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе (АУНА), грамадзкага абмеркаваньня АУНА з далейшай дзяржаўнай экалягічнай экспэртызай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Супраць якіх шкодных вытворчасьцяў пратэставалі беларусы і чаго дамагліся. МАПА

11 траўня ў пасёлку Вейна Магілёўскага раёну прайшлі грамадзкія слуханьні аб АУНА з удзелам больш як 50 чалавек, якія большасьцю галасоў прынялі рэзалюцыю з патрабаваньнем не нарошчваць вытворчыя магутнасьці заводу «Омск карбон Магілёў», што там будуецца.

У лістападзе 2018 году пры пробным запуску прадпрыемства здарыўся выкід сажы, якая накрыла жылыя масівы найбліжэйшых тэрыторый.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У нас усё па законе, а яны бунтуюць». Жыхары Заслаўя супраць заводаў