У Маскве патрабуюць справядлівых выбараў. Затрыманыя больш за 600 чалавек

Затрыманьні ў Маскве

27 ліпеня ў цэнтры Масквы больш за дзесятак апазыцыйных і незалежных палітыкаў, якіх Маскоўскі выбаркам не дапусьціў да выбараў у Масгардуму, зьбіраліся правесьці масавую сустрэчу з выбаршчыкамі. Зрабіць гэта ім не ўдалося: паліцыя спачатку затрымала палітыкаў, а потым жорстка затрымлівала ўсіх, хто прыйшоў на акцыю. Ужо затрыманыя (па дадзеных «ОВД-Инфо») больш за 600 чалавек.

Паліцыя ўжывала дубінкі, карэспандэнты Настоящего времени паказалі, як яны ўдарылі да крыві муніцыпальнага дэпутата раёну Хамоўнікі Аляксандру Парушину. Ёсьць і іншыя параненыя.

Маскоўская паліцыя сьцьвярджае, што на акцыю прыйшлі толькі каля 3500 чалавек «зь якіх каля 700 журналістаў і блогераў», хоць людзей відавочна было больш.

Помнік Юрыю Далгарукаму каля мэрыі з раніцы быў абгароджаны будаўнічымі агароджамі, а ўся Цьвярская вуліца была застаўлена аўтазакамі. Да 12.30 уваход на Цьвярскую вуліцу быў цалкам перакрыты, людзей затрымлівалі нават у падземных пераходах. Паліцыя старалася «разьбіць» групы людзей і выцясьняла пратэстуючых з Цьвярской у суседнія завулкі. Там сутыкненьні з паліцыяй былі асабліва небясьпечныя для пратэстуючых, таму што іх штурхалі наўпрост на прыпаркаваныя аўтамабілі і агароджы.

Брутальныя затрыманьні на акцыі пратэсту ў Маскве. Фотагалерэя

Спачатку акцыя праходзіла мірна, але калі пачаліся затрыманьні, людзі пачалі скандаваць «Дапускай», «Расея без Пуціна!», «Далоў уладу чэкістаў», «Масква без Сабяніна!» і «Каго вы б’яце!» Некалькі СМІ пачулі інструкцыі, перададзеныя паліцыянтам па рацыі: затрымліваць усіх, акрамя журналістаў.

У раёне чатырох гадзін па Маскве паліцыя ўварвалася ў студыю канала Navalny.Live, які вёў трансьляцыю пратэстаў у Маскве і перапыніла трансьляцыю.

***

Да выбараў не дапусьцілі Дзьмітрыя Гудкова, Любоў Собаль, Ільлю Яшына, Канстанціна Янкаўскаса, Івана Жданава, Юлію Галяміну, Алену Русакову і іншых палітыкаў.

За некалькі гадзін да акцыі, у ноч з 26 на 27 ліпеня, сьледчы камітэт і паліцыя правялі ператрусы ў штабах і кватэрах у найбольш актыўных незарэгістраваных кандыдатаў. Па іх выніках былі затрыманыя Ільля Яшын, Юлія Галяміна, Дзьмітрый Гудкоў і Іван Жданаў.

Увечары 24 ліпеня на 30 сутак быў арыштаваны палітык Аляксей Навальны. Падставай для арышту стаў ягоны заклік да правядзеньня акцыі каля мэрыі Масквы ў падтрымку незалежных кандыдатаў, а таксама ягоны пост у Facebook з заклікам прачытаць заяву саміх кандыдатаў з гэтай нагоды.