У Смаленскай вобласьці ад 23 да 25 ліпеня зьнішчана 104,37 тоны ўвезенай зь Беларусі расьлінаводчай прадукцыі невядомага паходжаньня, паведаміў Рассельгаснагляд.
Спэцыялісты ведамства выявілі, што шэсьць партый яблыкаў, тры зь якіх перавозіліся пад выглядам тавару прыкрыцьця — рызьзя, а таксама лук-парэй, каранёвая салера, капуста брокалі, ліставая салера, сьвежая салата, сьвежы шпінат, сьвежая рукала былі безь фітасанітарных сэртыфікатаў і іншых суправаджальных дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць паходжаньне і бясьпечнасьць прадукцыі. Грузы зьнішчаны «шляхам пахаваньня пасьля папярэдняга драбненьня».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пад Смаленскам і Бранскам за тыдзень зьнішчылі 110 тон яблыкаў, увезеных зь БеларусіАкрамя таго, на адной з рэгіянальных аўтадарог пры руху ў абыход афіцыйнага пункту ўліку расейская паліцыя затрымала транспартны сродак, кіраваны грамадзянінам Беларусі, які перавозіў 100 рагоў лася і аленя. Паляўнічыя трафэі перавозіліся без вэтэрынарных суправаджальных дакумэнтаў. Прынята рашэньне вярнуць рогі «на сумежную тэрыторыю».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Накрылі бульбай. Рассельгаснагляд паведаміў пра новую схему незаконнага ўвозу яблыкаў зь Беларусі