Экспэрты выказваюць асьцярогу, што з прыняцьцем закону аб адтэрміноўках моладзь масава паедзе паступаць у замежныя ВНУ. І гэта павялічвае пагрозу «ўцёкаў мазгоў». А прадстаўнікі Міністэрства абароны і дэпутаты перакананыя, што гэта «штучна створаная праблема», масавай эміграцыі чакаць ня варта.
Свабода выслухала аргумэнты абодвух бакоў.
Мінабароны: «Мы не чакаем масавага ад’езду студэнтаў за мяжу»
Прадстаўнікі Мінабароны, Мінадукацыі і дэпутаты Палаты прадстаўнікоў былі зьдзіўленыя пытаньнямі журналістаў, ці не асьцерагаюцца яны, што Беларусь сутыкнецца з масавай эміграцыяй маладых людзей, якія ня хочуць служыць, а паедуць вучыцца за мяжу і застануцца там працаваць.
«Назавіце хоць адну прычыну, што яны будуць зьяжджаць? Мы не чакаем масавага ад’езду за мяжу. На наш погляд, гэта штучна створаная праблема, каб ня даць прыняць гэты закон. Аб’ектыўнай прычыны, каб зьехаць за мяжу праз гэты закон, няма. Нічога не памянялася карэнным чынам. Адмянілі толькі адзін зь відаў адтэрміноўкі, прычым самы шматлікі. Аднак сацыяльна значных адтэрміновак не кранулі. На наш погляд, за мяжу зьяжджаюць з зусім іншых матывацыйных прычын», — перакананы кансультант арганізацыйна-мабілізацыйнага ўпраўленьня Мінабароны Андрэй Мурашоў.
Не бянтэжыць Мінабароны і дэпутатаў і тое, што тых, хто ўжо паступіў у магістратуру і меў сур’ёзныя намеры займацца навукай, забяруць у войска. Адзін аргумэнт — іх ня так шмат, кажа дэпутат, намесьнік старшыні камісіі па нацыянальнай бясьпецы Сяргей Бобрыкаў.
«У магістратуру ідуць прыкладна 3 тысячы на бюджэт. Палова — дзяўчаты. Палова юнакоў будуць не прыдатныя да службы, застанецца каля 700 чалавек. Яны могуць служыць у рэзэрве і працягваць вучыцца паводле індывідуальнага пляну».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Служыць Радзіме ці служыць рэжыму? Улада і грамадзтва па-рознаму ўяўляюць службу ў войскуЯк лічыць дэпутат Ігар Мартынаў, у асьпірантуру і магістратуру паступаюць тыя, хто ўхіляецца ад войска. Ён наагул даволі скептычна ставіцца да маладых навукоўцаў і іх унёску ў разьвіцьцё беларускай навукі.
«Давайце глядзець праўдзе ў вочы. Хто ў нас паступаў у магістратуру і асьпірантуру? Гэта толькі тыя, хто хацеў ухіліцца ад службы ва Ўзброеных Сілах. На пэўным этапе. І гэта праўда. Хто з тых, хто скончыў магістратуру і асьпірантуру, абараніў дысэртацыі? Далёка ня 100%. Адзін працэнт. Гэта толькі тыя, хто заточаны на навуку.
Ніякага ажыятажу быць ня можа, і масавага выезду за мяжу ня будзе», — мяркуе дэпутат Мартынаў.
«Вайскоўцы ўсё бачаць праз прызму адтэрміноўкі ад войска»
На думку аналітыка Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў (BISS) Вадзіма Мажэйкі, ахвотных вучыцца за мяжой стане больш.
«Мэтанакіраваныя знойдуць сабе і стыпэндыі, і гранты, каб вучыцца за мяжой. І гэта павялічвае пагрозу „ўцёкаў мазгоў“. Гэта вельмі непрадуманы крок Мінабароны і Мінадукацыі», — перакананы экспэрт.
На яго думку, даволі дзіўна выглядае, калі вайскоўцы са сваіх штабоў пачынаюць аналізаваць матывацыю моладзі, якая паступае ў асьпірантуру ці магістратуру.
«Вайскоўцы ўсё бачаць праз прызму адтэрміноўкі ад войска. Насамрэч у навуку ідзе ня так шмат людзей, але нельга думаць, што нічога страшнага не адбудзецца, калі яны замест навукі пойдуць у войска. Бо сапраўды беларуская навука і так ня ў самым лепшым стане, і адна з праблемаў — якраз недахоп моладзі. Калі іх забраць у войска — велізарныя страты для будучыні беларускай навукі», — перакананы спадар Мажэйка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нібыта армія, нібыта адукацыя, нібыта дзяржаваЭкспэрт прывёў прыклад: у Беларусі толькі 20 кандыдатаў навук ва ўзросьце да 30 гадоў. На яго думку, Мінабароны па-вайсковаму груба і рашуча ламае вельмі тонкую сыстэму, пра якую няшмат ведае.
«А адбываецца гэта таму, што Мінадукацыі не лабіруе інтарэсы адукацыі, а міністар Карпенка падпарадкаваўся вайскоўцам і гаворыць тое, што ім падабаецца. Гэта сьведчыць пра тое, што Мінадукацыі ня надта клапоціцца пра моладзь, якая прагне вучыцца і хоча займацца навукай», — выказаў меркаваньне Вадзім Мажэйка..
«Ідзе жангліраваньне аргумэнтамі»
Аналітык арганізацыі EAST Center Андрэй Елісееў таксама адзначае, што вайскоўцы выказваюць дзіўныя меркаваньні наконт магістратуры і асьпірантуры.
«Ідзе жангліраваньне аргумэнтамі. Беларуская ідэалёгія і прапаганда, калі дзяржаве гэта патрэбна, кажа, якая добрая і якасная ў нас адукацыя. А калі зараз трэба загнаць усіх у армію, вайскоўцы пачынаюць прыводзіць аргумэнты, што толькі мізэрная частка асьпірантаў і магістрантаў абараняецца, няма значных навуковых адкрыцьцяў для краіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Не студэнт, а салдат. Гісторыі хлапцоў, жыцьцё якіх памяняў закон аб адтэрміноўкахАле ва ўсім сьвеце мала дактарантаў, якія зробяць значны ўнёсак у навуку, вялікія адкрыцьці.
Аднак рашэньне прынятае на самым версе, таму аргумэнтацыя можа набываць самыя дзіўныя формы», — кажа Андрэй Елісееў.
Колькі беларусаў вучыцца за мяжой?
Летась падчас сустрэчы з гарадзенскімі студэнтамі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што за мяжой вучыцца толькі каля 2 тысяч беларусаў.
Аднак, паводле дадзеных UNESCO, за мяжой вучацца каля 26 тысяч студэнтаў зь Беларусі (для параўнаньня — у 2000 годзе за мяжой вучыўся толькі 7271 беларус).
Больш за ўсё — 15,5 тысячы — вучацца ў Расеі. На другім месцы Польшча — каля 5 тысяч. Крыху больш за 1 тысячу — у Літве, крыху больш за 700 чалавек — у Чэхіі, каля 500 — у Італіі, 335 — у ЗША.
На 10 тысяч насельніцтва ў Беларусі прыпадае 27 студэнтаў, што вучацца за мяжой. Для параўнаньня: у Расеі — 3,4, ва Ўкраіне — 9,3, у Літве — 42, Туркмэністане — 52.
Колькасьць беларускіх студэнтаў, што едуць вучыцца за мяжу, штогод павялічваецца. Пры гэтым колькасьць тых, хто хоча вярнуцца ў Беларусь, сёлета ў параўнаньні з 2016 годам зьменшылася на 10–12%. Калі раней гэта было 57%, то цяпер — крыху больш за 40%. Такія высновы пілётнага сацыялягічнага дасьледаваньня агенцтва «Тваё заўтра», якія былі апублікаваныя ў сакавіку 2019 году.
Ці вырастуць гэтыя лічбы пасьля прыняцьця закону і на колькі, пакуль прагназаваць цяжка.
«Закон аб адтэрміноўках». Што важна ведаць
24 ліпеня Аляксандар Лукашэнка падпісаў закон «Аб зьменах законаў па пытаньнях эфэктыўнага функцыянаваньня вайсковай арганізацыі дзяржавы» (так званы «закон аб адтэрміноўках»).
Прыняты ў другім чытаньні законапраект прадугледжвае, што:
- адтэрміноўку ад прызыву для працягу адукацыі ў Беларусі будуць даваць толькі адзін раз (калі адтэрміноўкай студэнт ужо скарыстаўся, то на час службы ва Ўзброеных сілах яму будзе давацца акадэмічны водпуск);
- тым, хто «належным чынам» атрымаў позву аб прызыве, але ўхіляецца ад прызыву, абмяжуюць выезд за мяжу (паводле міністра абароны Раўкова, абмежаваньне на выезд будзе тычыцца і тых, каго ваенкамат не знайшоў і ня змог уручыць позву);
- у вайсковым білеце могуць зрабіць пазнаку «адсутнасьць законных падставаў» для непраходжаньня службы, калі чалавек да 27 гадоў ухіляўся ад прызыву;
- тых, хто мае такую пазнаку, ня будуць браць на дзяржаўную службу, у Міністэрства ўнутраных спраў і Міністэрства надзвычайных сытуацый, органы фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю, Сьледчы камітэт і Камітэт судовых экспэртызаў;
- замест разьмеркаваньня пасьля навучаньня ў ВНУ дазволяць служыць у войску па кантракце і не плаціць тады за адмову ад разьмеркаваньня.
Тэкст закону афіцыйна апублікаваны 30 ліпеня, асноўныя нормы набудуць моц праз 10 дзён. Гэта значыць, што прызыў, які адбудзецца ў жніўні-лістападзе, пройдзе паводле новых правілаў, але падобна, што ў тых, хто сёлета ўжо атрымаў адтэрміноўку і паступіў, напрыклад ,у магістратуру, права на адтэрміноўку адбіраць ня будуць.