На менскім стадыёне «Трактар» праходзіць штогадовы кангрэс Сьведак Яговы. Свабода паглядзела, хто на яго прыйшоў і як гэта адбываецца.
Да менскага стадыёну «Трактар» удзельнікі кангрэсу Сьведак Яговы пачынаюць зьбірацца ўжо а 8-й раніцы. Людзі проста ідуць натоўпам з розных бакоў, на прыпынку побач са стадыёнам увесь час спыняюцца таксоўкі.
Многія прыходзяць зь вялікімі торбамі. Людзі прыехалі з розных беларускіх гарадоў. Сьпярша яны ідуць на кангрэс, а пасьля ўжо зьбіраюцца засяляцца ў гатэлі.
Агулам на кангрэс чакаюць да 8 тысяч чалавек. У першы дзень зьбіраецца каля 6 тысяч. Столькі ж і прадстаўнікоў рэлігійнай грамады Сьведак Яговы ў Беларусі. Астатнія дзьве тысячы не ўваходзяць у грамаду, але наведваюць імпрэзы, у тым ліку кангрэс.
Гэты форум лічыцца галоўным для Сьведак Яговы, да яго рыхтуюцца цэлы год. Удзельнікі апранутыя сьвяточна.
Сябра кіроўнага камітэту Сьведак Яговы ў Беларусі Юры Галай кажа Свабодзе, што для людзей, якія сюды прыйшлі, гэта сапраўды сьвята.
«Да гэтага рыхтуюцца цэлы год, каб прыехаць. Некаторыя зьбіраюць грошы. Людзі прыяжджаюць з розных куткоў Беларусі, першы дзень пасьля прыезду адразу ідуць сюды з рэчамі», — кажа Юры Галай.
На ўваходзе няма мэталадэтэктараў і міліцыі, але ёсьць прадстаўнікі ад арганізатараў, якія адначасова і ахоўваюць форум, і дапамагаюць людзям знайсьці сваё месца. Агулам у арганізацыі задзейнічана больш за сотню чалавек.
Міліцыі ня відаць, хаця кангрэс яна ахоўвае.
Пачынаецца ўсё каля 10 гадзіны раніцы. Са сцэны гучаць прамовы выступоўцаў, за тры дні іх тут будзе шмат.
Стадыён «Трактар» адкрыты, тут лёгка можна трапіць пад дождж. Але калі той пачынаецца, людзі не сыходзяць, раскрываюць парасоны.
Прыхільнікі рэлігійнай плыні «Сьведкі Яговы» вераць у адзінага бога Ягову і адмаўляюць вучэньне пра Тройцу ды бесьсьмяротнасьць душы. Асаблівую ўвагу сьведкі Яговы аддаюць умацаваньню сям’і, адмаўляюцца ваяваць і захоўваюць палітычны нэўтралітэт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 17 забаронаў. За што ў постсталінскім СССР выганялі з працы, судзілі ці нават расстрэльвалі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Элітны грэшнік». Навошта схаваўся за манастырскімі мурамі музыка, філёзаф, дысыдэнт Алег Бембель