Як у мяне пачынаецца дачны сэзон, у маіх сваякоў настае катаваньне ўраджаем. Ну які дачнік не ўпіхне родным людзям кабачок, парэчкі ці кроп? Для таго ж і росьцім.
Асабліва дастаецца майму брату, тым больш што ў кішэні маёй маецца казырны туз: пляменьнічак. Самі вы, дарагія брацік і братавая, можаце зусім ня есьці тых кабачкоў, я ня вам перадаю, а Францішаку — на экалягічна чыстыя пюрэшкі і кампоцік. А таму трывайце і бярыце.
Вось і ў гэтыя выходныя дамаўляюся з Волечкай, што падвезьці з гародніны, а Павал каб падбег да электрычкі і прыняў торбы і вёдры. Абмяркавалі падрабязна асартымэнт, і я тэлефаную Паўлу.
Гутарка ў нас зь ім адбываецца такая:
— Павал! Я тут табе вязу...
— Я ў курсе.
— Тады Менск-Паўночны, 21.02, другі вагон, першыя дзьверы.
— Зразумеў. Буду.
Каротка і ясна, што тут тлумачыць.
І вось еду я ў электрычцы. У торбах — бульба, кабачок, бурак, кроп, шчэ вядзерца парэчак і смароды. Нішто не абяцае прыгодаў. Нават тое, што ў Заслаўі ў дамоўлены тамбур заходзяць двое міліцыянтаў у поўным узбраеньні, ажно з дубінкамі, таксама ніякіх прыгодаў не абяцае. Ну ці мала што трэба міліцыянтам у тамбуры электрычкі.
Але ж цягнік ідзе, а суворыя хлопцы так і едуць у тамбуры. Ані ў вагон не ідуць, ані на плятформы не выходзяць. Гм, думаю я. Ня тое каб манія перасьледу, але гэтае вось спалучэньне — Павал і міліцыянты — мяне зь юнацтва крышачку напружвае. Неяк няўтульна мне.
Зноў набіраю.
— Павал, тут у тамбуры нешта ня тое. Міліцыянты нейкія едуць ажно ад Заслаўя, аглядаюць усіх, хто ўваходзіць і выходзіць. Цябе там часам не пільнуюць?
— Здаецца, не. У нас проста шмат міліцыянтаў.
— Але ж давай памяняем дзьверы. Няхай яны будуць ня першыя, а другія.
Ладна. Пад’яжджаем да Менску-Паўночнага, Павал падыходзіць да другіх дзьвярэй, бярэ ў мяне перадачку і пачынае пасьмейвацца, бо ў гэты самы момант зь першых дзьвярэй выходзяць міліцыянты з дубінкамі, становяцца сьценкай насупраць выхаду з вагона і пачынаюць мацаць вачыма ўвесь паток пасажыраў, што коцяцца зь першага тамбура на плятформу.
Тады наш хуліган — я маю на ўвазе свайго брата-рэцыдывіста — нясьпешнай хадой падыходзіць да гэтай брутальнай кампазыцыі, глядзіць на мяне ў акно, кідае пару вясёлых словаў на разьвітаньне, сьмяецца, перахоплівае торбы ў адну руку і вольнай паказвае «но пасаран».
Электрычка кранаецца зь месца, Павал спускаецца ў мэтро, а нашыя заслаўскія вандроўнікі так і застаюцца на пэроне — поплеч, з сумнымі тварамі і нескарыстанымі дубінкамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму больш не крычаць «Міліцыя з народам»Сказаць папраўдзе, я даволі спакойна стаўлюся да міліцыянтаў і, нягледзячы на досьвед сям’і, ня маю да іх нянавісьці. Сярод іх мне неаднаразова сустракаліся адказныя, ветлівыя, неблагія людзі. Шчэ я ведаю, што любы адказны, ветлівы і наогул неблагі чалавек, апрануты ў форму і ўзброены дубінкаю, у лічанае імгненьне можа пераўтварыцца ў зьвера і сам нават не заўважыць, як гэта ў яго атрымалася. Я ведаю, што чалавек наогул слабы, а чалавек з дубінкай слабы асабліва, бо не належыць сам сабе.
Таму мне стала вельмі шкада маіх спадарожнікаў у першым тамбуры. Мы з Паўлам хаця пасьмяяліся і крыху разьвеяліся, а яны, гаротнікі, дарма толькі каталіся ў сьпёку, стоячы ў тамбуры электрацягніка эканом-клясы.
Наступным разам трэба захапіць які экалягічны кабачок ім таксама.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.