Кіраўнік замежнапалітычнага ведамства Беларусі Ўладзімер Макей падкрэсьліў, што МЗС працягвае палітыку лібэралізацыі і ўдасканаленьня ўмоваў для наведваньня беларускай дзяржавы грамадзянамі іншых краін.
«Як вы ведаеце, уведзена 30-дзённы бязьвізавы рэжым для грамадзян амаль 80 краін. Мы не спыняемся на гэтым і працуем над далейшымі крокамі. Цяпер падрыхтавалі для ўраду прапановы па магчымым ўкараненьні электроннай візы ў дачыненьні да грамадзян трэціх краін».
Паводле Макея, на гэта спатрэбіцца год-паўтара.
У чым перавагі электроннай візы
Працэдура атрыманьня электроннай візы выключае неабходнасьць асабістай падачы дакумэнтаў у амбасаду краіны, дзе яна запрошваецца. Усе дакумэнты запаўняюцца і перадаюцца праз інтэрнэт.
Штамп электроннай візы звычайна ставіцца ў аэрапорце прыбыцьця.
У шэрагу краін, дзе ўжо дзейнічае сыстэма электронных візаў, яны выдаюцца толькі для турыстычных паездак і на кароткі тэрмін.
Афармленьне электроннай візы, як правіла, ажыцьцяўляецца ў больш кароткія тэрміны.
Беларусь ня стане першай
Электронная віза на прасторах СНД, як адзначаюць экспэрты, пасьпяхова працуе ў Азэрбайджане і Армэніі. Тут дастаткова зайсьці на сайт МЗС, запоўніць візавыя анкеты, аплаціць праз банкаўскія карты адмысловы збор і атрымаць візавае пацьверджаньне для ўезду. У Азэрбайджане на ўсе працэдуры траціцца 5-6 дзён, а ў Армэніі — усяго адны суткі.
Над увядзеньнем электроннай візы таксама працуюць Кыргызстан і Ўзбэкістан.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калі беларусам чакаць «шэнген» за 35 эўра