Актывістка Марына Касінерава апублікавала на Facebook ліст ад зьняволенага анархіста Дзьмітрыя Паліенкі.
Вязень расказвае, што супраць яго завялі яшчэ дзьве крымінальныя справы:
1. За абразу цяпер ужо былога міністра ўнутраных справаў Ігара Шуневіча паводле арт.369 КК РБ. Касінерава кажа, гэтая абраза выявілася ў «карцінцы ў роліку». Пакараньні, якія прадугледжвае артыкул, — штраф, грамадзкія працы, папраўчыя працы на тэрмін да 2 гадоў, арышт або абмежаваньне волі да 3 гадоў).
2. За графіці ў Курапатах у падтрымку мэмарыялу паводле арт. 341 КК РБ. Магчымыя пакараньні — штраф, грамадзкія работы, арышт.
Адносна Паліенкі ўжо распачалі справы паводле трох артыкулаў:
3. За графіці «Менты убивают людей» паводле арт. 341 КК РБ.
4. За распальваньне варожасьці да міліцыі за відэаролік пра гэтае графіці паводле арт. 130 КК РБ. Магчымыя пакараньні — штраф, арышт, абмежаваньне або пазбаўленьне волі на тэрмін да 5 гадоў (калі групай асобаў, то ад 5 да 12 гадоў турмы).
5. За хуліганства, якое ён і ягоныя сябры называюць самаабаронай ад п’янога нападніка, паводле ч.3 арт.339 КК РБ. Магчымыя пакараньні — абмежаваньне волі на тэрмін ад 3 да 5 гадоў або пазбаўленьне волі на тэрмін ад 3 да 10 гадоў.
Паліенку затрымалі 20 сакавіка, яго трымалі пад вартай без выстаўленьня абвінавачаньня да 5 красавіка (хоць можна толькі 10 дзён). Розныя абвінавачаньні аб’ядналі ў адну справу:
- Увечары 13 сакавіка, як сьцьвярджае СК, Паліенка распыліў пярцовы газ з балёнчыка ў твар чалавеку, які нібыта зрабіў яму заўвагу за курэньне ў пад’езьдзе (паводле сяброўкі Паліенкі, гэта была самаабарона — да Зьмітра чапляўся «п’яны агрэсіўны мужчына»);
- 23 студзеня распачалі таксама крымінальную справу за графіці «Міліцыянты забіваюць людзей» на будынку ў Заводзкім раёне Менску. Разам з Паліенкам у справе фігуруюць Яўген Чуліцкі і Настасься Гусева.
Паліенку пагражае ад 3 да 10 гадоў пазбаўленьня волі. Сёлета яго ўжо штрафавалі за «экстрэмісцкую шапку».
У 2016 годзе Паліенку асудзілі за «гвалт або пагрозу ўжываньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў» і «выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару». Ён выйшаў на волю ў кастрычніку 2018 году, праз два з паловай гады зьняволеньня.
Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала яго вязьнем сумленьня. Віны ён не прызнаў. Беларускія праваабаронцы патрабавалі вызваліць актывіста. Прысуд яму называлі палітычна матываваным.
У зьняволеньні Паліенка абвяшчаў галадоўку, патрабаваў аказаньня мэдычнай дапамогі і права на лісты сябрам. СК сьцьвярджаў, што галадоўкі не было.