Кіеўскі апэляцыйны суд вызваліў пад хатні арышт колішняга народнага дэпутата ад Партыі рэгіёнаў Аляксандра Яфрэмава, які амаль тры гады ўтрымліваўся ў сьледчым ізалятары паводле абвінавачаньня ў дзяржаўнай здрадзе і замаху на тэрытарыяльную цэласьць краіны.
Судзьдзі абвясьцілі толькі рашэньне аб зьмене меры стрыманьня. Поўны тэкст рашэньня зь ягоным абгрунтаваньнем будзе абвешчаны 25 ліпеня.
Аляксандар Яфрэмаў быў затрыманы 30 ліпеня 2016 году ў аэрапорце Кіева. Паводле сьледзтва, ён датычны да арганізацыі захопу вясной 2014 году будынку Луганскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі, садзейнічаў захопу будынку Ўпраўленьня Службы бясьпекі Ўкраіны ў Луганскай вобласьці і падтрымцы гэтак званай «Луганскай народнай рэспублікі».
Увесь гэты час ён утрымліваўся ў сьледчым ізалятары ў Старабельску Луганскай вобласьці, пакуль адвакаты не зьвярнуліся ў Кіеўскі апэляцыйны суд са скаргай на падоўжаньне арышту Аляксандру Яфрэмаву.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экс-кіраўнік фракцыі Партыі рэгіёнаў пойдзе пад суд за стварэньне «ЛНлѸлета ў чэрвені Канстытуцыйны суд Украіны прызнаў неканстытуцыйнай норму Крымінальнага працэсуальнага кодэксу аб безальтэрнатыўнасьці арышту асобаў, якія абвінавачваюцца ў тэрарызьме, дзяржаўнай здрадзе, сэпаратызьме і іншых злачынствах супраць асноваў дзяржаўнай бясьпекі.
Гэтае рашэньне было ўхваленае па выніках звароту народнай дэпутаткі Надзеі Саўчанкі, якая амаль год заставалася пад вартай у сувязі з выстаўленым ёй падазрэньнем у падрыхтоўцы тэрарыстычнага акту і падрыхтоўцы да захопу ўлады.
Тады ж генэральны пракурор Украіны Юры Луцэнка заявіў, што гэтае рашэньне Канстытуцыйнага суду прывядзе да вызваленьня 1127 падазраваных пад хатні арышт. Ён прапанаваў Вярхоўнай радзе паўторна разгледзець адпаведны артыкул Крымінальнага працэсуальнага кодэксу і зноў ухваліць артыкул аб безальтэрнатыўнасьці арышту для тых грамадзян, якія падазраюцца ў тэрарызьме. Але Вярхоўная Рада не разгледзела адпаведны законапраект.