Лішнія кіляграмы вельмі лёгка могуць абмежаваць або і зусім спыніць ваша сэксуальнае жыцьцё. Пра гэта на сайце sharecare. com піша Тэйлар Лупаў.
Сёньня ўсе ведаюць, што вага цела ўплывае на здароўе. Лішнія кіляграмы нясуць пагрозу сардэчна-сасудзістых хваробаў, захворваньня суставаў і іншых праблем са здароўем. Але ўсё яшчэ мала хто задумваецца над уплывам вагі на якасьць сэксу ці яго адсутнасьць.
Бясьпечны і рэгулярны сэкс мае вялікі пазытыўны ўплыў на жыцьцё чалавека — ад павышэньня прадукцыйнасьці працы да зьніжэньня ўзроўню стрэсу і большай сувязі з партнэрам.
Залішняя вага цела стварае шэраг перашкод для здаровага і рэгулярнага сэксу.
Фізычныя абмежаваньні
І для жанчын, і для мужчын з атлусьценьнем сэкс можа аказацца фізычна немагчымым ці складаным з прычыны цяжкай даступнасьці палавых органаў.
Але гэта яшчэ ня ўсё. Залішняя вага выклікае хваробы мікрасасудаў, якія ўскладняюць доступ крыві да органаў таза, а гэта згубна ўплывае як на мужчын, так і на жанчын. Парушэньне крывацёку выклікае ня толькі дысфункцыю эрэкцыі ў мужчын, але і праблемы з узбуджэньнем у жанчын.
Доктар мэдыцыны са штату Каларада ў ЗША Мэцью Мэтц кажа, што калі для жанчын з празьмернай вагой сам па сабе сэкс магчымы, то дасягненьне задавальненьня абмежаванае. Мікрасасудзістыя хваробы памяншаюць крывацёк у клітары, што ў сваю чаргу пагаршае адчувальнасьць, стымуляцыю і здольнасьць да аргазму.
Нізкае лібіда
Палавая цяга або лібіда можа зьніжацца з шэрагу прычын. Гэта можа быць стомленасьць, дыябэт, высокі крывяны ціск і сардэчныя хваробы. Праблема ў тым, што ўсе гэтыя прычыны могуць быць вынікам празьмернай вагі.
На нізкае лібіда ўплывае таксама гарманальны статус арганізму. Лішні тлушч зьмяншае ўзровень палавых гармонаў, што, у сваю чаргу, зьмяншае лібіда, а таксама пачуцьцё сэксуальнага задавальненьня і стымуляцыю.
Вядома, калі вы маеце лішнія кіляграмы і займаецеся сэксам — гэта добра. Але трэба памятаць, што вага часта аказвае і эмацыйнае ўзьдзеяньне на лібіда.
Уплыў псыхікі на лібіда
Нізкая самаацэнка і дрэнная ацэнка свайго цела — гэта два псыхалягічныя фактары, якія зьмяншаюць палавую цягу.
Зьніжэньне ўпэўненасьці ў сабе і больш нізкая ацэнка свайго цела шкодна адбіваюцца на сэксуальным узбуджэньні і сэксуальнасьці, — кажа доктар Мэтц, — а гэта памяншае гатоўнасьць чалавека да інтымнасьці з партнэрам.
Што можна зрабіць
Сэкс не павінен залежаць ад вашага памеру і вагі.
Сакрэт атрыманьня асалоды ад сэксу можа хавацца ўсяго ў некалькіх кіляграмах.
Добрая навіна — пры страце вагі мікрасасудзістыя хваробы могуць зьнікаць, а лібіда, адпаведна, зьяўляцца і павялічвацца.
Важна не запускаць свой стан і хваробы занадта далёка. Калі сытуацыя будзе ўзятая пад кантроль своечасова — і лібіда, і прадукцыйнасьць, і здольнасьць да аргазму вернуцца.
Як схуднець
Найлепш зьвярнуцца да лекара-спэцыяліста.
Сярод клясычных парадаў — павелічэньне фізычнай актыўнасьці, зьмяншэньне спажываньня цукру, здаровая дыета, багатая на садавіну, гародніну, цэлае зерне, расьлінны бялок і здаровыя тлушчы.
Страта вагі таксама павялічвае выпрацоўку палавых гармонаў.