Раніцай 21 ліпеня менскім праваахоўнікам паступіла паведамленьне пра біцьцё дзіцяці: паводле сьледчых, 38-гадовая жанчына ў кватэры на вуліцы Налібацкай некалькі разоў ударыла малатком 8-гадовую дачку. Сьледчы камітэт паведаміў у Telegram дэталі справы.
Што расказалі сьледчыя:
- дзяўчынка шпіталізаваная ў вельмі цяжкім стане;
- жанчыну спыніў бацька дзяўчынкі, які кажа, што падчас зьбіваньня быў у суседнім пакоі і пачуў крыкі;
- падазраваную затрымалі і зьмясьцілі ў РНПЦ псыхічнага здароўя для абсьледаваньня;
- у дачыненьні яе распачалі крымінальную справу за «прычыненьне цяжкіх цялесных пашкоджаньняў заведама малалетняму» (ч. 2 арт.147, што прадугледжвае пакараньне ад 5 да 10 гадоў пазбаўленьня волі).
Як расказала Свабодзе прэс-сакратарка Сьледчага камітэту Юлія Ганчарова, наконт жанчыны ад блізкіх сваякоў і да інцыдэнту паступалі просьбы аб мэдыцынскай дапамозе ў сувязі з асаблівасьцямі яе паводзінаў. Таксама стала вядома, што затрыманая мае яшчэ дзяцей старэйшага ўзросту.