Кіраўніца прэзыдэнцкай адміністрацыі Натальля Качанава праінспэктавала Сьвята-Ўсьпенскі мужчынскі манастыр у Жыровічах на Горадзеншчыне. Адзін з галоўных цэнтраў беларускага хрысьціянства разам са сваёй сядзібай — архітэктурным ансамблем XVI–XVIII стагодзьдзяў налета адзначыць 500-годзьдзе заснаваньня. Сярод іншага, чыноўніца распарадзілася завяршыць да канца сакавіка 2020-га рэканструкцыю званіцы і брацкага корпусу.
Аўрал у чаканьні сталічнай чыноўніцы
Журналісты Свабоды пабывалі ў Жыровічах напярэдадні прыезду сталічнай чыноўніцы і трапілі якраз на аўральную падрыхтоўку да візыту. Зь невялікага ставу ў цэнтры мястэчка камунальнікі вылоўлівалі ціну, іншыя фарбавалі лаўкі, паўсюль касілі траву, студэнты парадкавалі тэрыторыю аграрнага тэхнікуму. Складалася ўражаньне, што ідзе падрыхтоўка да «Дажынак».
«Юбілейныя даты не застануцца без увагі, важна правесьці сьвята на самым высокім узроўні, — цытуе Качанаву БелТА. — Бліжэйшым часам будзе створаны аргкамітэт, які прапрацуе агульную канцэпцыю».
Да юбілею нарэшце скончылі даўгабуд трапезнай з гатэлем для паломнікаў — шмат гадоў на яго завяршэньне не маглі знайсьці сродкаў. Аднаўляюць драўляны дом, дзе ў свой час жылі царкоўныя герархі. У бліжэйшых плянах — капітальны рамонт брацкага корпусу і званіцы. Для брацкага корпусу праект ужо ўхвалены і праходзіць экспэртызу, для званіцы «праектныя пошукі» перад рэстаўрацыяй працягваюцца. Агулам у Жыровічах маюць прывесьці да ладу блізу трох дзясяткаў аб’ектаў.
Пра нюансы ў справе аднаўленьня званіцы Свабода нядаўна пісала. Сытуацыя ўскладняецца тым, што ў прыбудовах да яе жывуць людзі і месьціцца праваслаўная місія. Дзеля справядлівасьці, місіянэрскія дзьверы наглуха зачыненыя — ня выключана, што супрацоўнікаў ужо перасялілі ў манастырскія пакоі. А вось пераезд жыхароў патрабуе немалых выдаткаў, якіх у раённым бюджэце заўсёды бракуе.
Праблема яшчэ і ў тым, што дагэтуль ня вызначана, ці маюць тыя прыземістыя дамкі гісторыка-культурную каштоўнасьць. Ад гэтага залежыць, пойдуць яны пад знос ці будуць перапрафіляваныя пад патрэбы духоўнай установы.
Згодна з архіўнай дакумэнтацыяй, у другой палове XVII стагодзьдзя пры бакавых фасадах званіцы зьявіліся два невялікія будынкі — захаваўся дакумэнт 1823 году, які сьведчыць пра іх рамонт. У апошняй чвэрці ХІХ стагодзьдзя ўзьвялі паўкруглую агароджу з «разынкавай» муроўкай і брамкай. Сьляды такой самай муроўкі, як адзначаюць археолягі, захаваліся на ніжніх частках прыбудоў. Такім чынам, без прыбудоў званіца існавала прыблізна сотню гадоў, а зь імі — больш за 200.
Жыльлё з выгодамі на вуліцы
У двух крылах абапал званіцы жывуць дзьве сям’і, гэтыя памяшканьні прыватызаваныя. Адзін з жыхароў сказаў нашаму карэспандэнту, што ён прапісаны ў прыбудове больш за 30 гадоў, да таго тут таксама жылі людзі. На двух дзясятках мэтраў ніякіх выгодаў. Каналізацыі няма, прыбіральня на вуліцы. Побач невялікі хляўчук, агародзік.
Нядаўна яны атрымалі прадпісаньне пакінуць свае памяшканьні да верасьня — на гэты час заплянавана пачаць рэстаўрацыю званіцы. Варыянты з падменнага фонду ў Слоніме людзей не задавальняюць: кватэры там старыя, у іх рамонт давядзецца ўкласьці нашмат больш за прапанаваную кампэнсацыю (яе памер суразмоўца не ўдакладніў). Зрэшты, кажа гаспадар, альтэрнатывы няма, бо выселяць у любым выпадку. І дадае, што вырашылі купляць кватэру самастойна.
У тэхнічным пашпарце гісторыка-культурнай каштоўнасьці — а званіца мае такі статус — абедзьве прыбудовы адзначаныя. І калі кіравацца гэтым дакумэнтам, падстаў для зносу няма. Затое ў Дзяржаўным сьпісе гісторыка-культурных каштоўнасьцяў яна запісаная без дадатковых элемэнтаў. Свабода паспрабавала даведацца, як улады зьбіраюцца вырашаць падобныя супярэчнасьці, аднак пытаньне, па сутнасьці, засталося без адказу.
Ва ўпраўленьні культуры Горадзенскага аблвыканкаму сказалі толькі, што «ўсё будзе зроблена ў адпаведнасьці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь». У Слонімскім райвыканкаме таксама не змаглі патлумачыць, які лёс чакае старыя будынкі — у аддзеле архітэктуры і будаўніцтва сказалі, што ня ў курсе канчатковых вынікаў перамоваў з удзелам Натальлі Качанавай.
Спрэчка прыхільнікаў і праціўнікаў
Наколькі вядома, ад «неўласьцівых фрагмэнтаў» усё ж вырашана пазбавіцца. Так, кіраўніцтва Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва лічыць мэтазгодным зьнесьці прыбудовы і мураваную агароджу. У ведамстве наогул выказваюць дапушчэньне, што прыбудовы адносяцца да паваеннага часу.
Манастырскае кіраўніцтва таксама за знос. Раман Сабіла, памочнік уладыкі Гурыя, нядаўна меў сустрэчу зь міністрам культуры Юрыем Бондарам, дзе выкладаў свае аргумэнты.
У сваю чаргу, колішні начальнік упраўленьня па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Ігар Чарняўскі рашэньне зьнесьці гістарычныя прыбудовы пры званіцы лічыць пасьпешлівым. Па яго словах, прыток турыстаў у Жыровічы ўсё большы, а інфраструктура пры гэтым слабая. Таму гатовыя плошчы можна пераабсталяваць пад інфармацыйны цэнтар, музэй ці невялікую кавярню.
«Калі абʼект гістарычны, значыць, трэба яго як мінімум прыводзіць да ладу з пэрспэктывай больш актыўнага выкарыстаньня, — кажа ён. — Таму зацікаўленыя ведамствы павінны былі б узьняць пытаньне аб удакладненьні пазыцыі ў Дзяржаўным сьпісе, дапоўніўшы званіцу дзьвюма прыбудовамі і агароджай. А ўжо наступны крок — падпісаньне ўсімі ўласьнікамі ахоўных абавязаньняў».
Жыровічы недалёка ад Слоніма. Асноўная славутасьць мястэчка — мужчынскі Сьвята-Ўсьпенскі манастыр, заснаваны ў сярэдзіне XV стагодзьдзя. У саборы захоўваецца сьвяты цудатворны Жыровіцкі абраз Маці Божай, якому налета споўніцца 550 гадоў.
У 1613 годзе праваслаўны манастыр перадалі ўніяцкім манахам — базыльянам. У сярэдзіне XVII стагодзьдзя здарыўся вялікі пажар, і драўляныя будынкі згарэлі. Пасьля гэтага манастыр адбудоўвалі з каменя. У 1839 годзе манастыр зноў стаў праваслаўным, і адносны заняпад для яго пачаўся з адыходам земляў да міжваеннай Польшчы.
Нягледзячы на войны і атэістычную палітыку савецкай улады, манастыр бесьперапынна функцыянаваў цягам усяго ХХ стагодзьдзя. За савецкім часам тут знайшлі прытулак манахі і манахіні, выгнаныя зь іншых месцаў.
З атрыманьнем Беларусьсю незалежнасьці на пачатку 1990-х манастыр зноў пачаў разьвівацца. Тут адна з найбуйнейшых у краіне праваслаўных духоўных сэмінарый і блізу паўсотні манахаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пад юбілей Жыровіцкага манастыра хочуць зьнесьці 200-гадовыя прыбудовы да званіцы ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навабуды ў горадзенскім Старым замку. ФОТА