Як высьветліў журналіст Naviny.by, дзьве шатляндзкія кампаніі, якія валодаюць 11% і 11,5% акцыяў ЗАТ «Беларуская нацыянальная біятэхналягічная карпарацыя», больш як на 75% належаць аднаму чалавеку.
Гэты чалавек — 31-гадовы Асылбек Саліеў, сын былога начальніка Службы дзяржаўнай аховы Жаныша Бакіева, брата зрынутага прэзыдэнта Кіргізстану Курманбека Бакіева, які хаваецца ў Беларусі. У брытанскім рэестры, дзе знайшліся зьвесткі пра афшоры, пазначана, што Саліеў таксама жыве ў Беларусі і мае беларускае грамадзянства.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуска-кіргіскі дэтэктыў. Ці хутка каля Драздоў зьявіцца пасёлак «Беглыя злачынцы»Курманбек і Жаныш Бакіевы жывуць у Беларусі — яны ўцяклі з радзімы пасьля антыўрадавых мітынгаў у 2010 годзе, падчас якіх загінулі 104 чалавекі. Іхны фінансавы дарадца кажа, што Бакіевы вывезьлі з краіны 200–300 млн даляраў.
Што за БНБК
Гэтая карпарацыя зь 2018 году будуе пад Рудзенскам комплекс вытворчасьці амінакіслотаў, камбікармоў і прэміксаў. Завяршэньне будаўніцтва заплянаванае на 2032 год, праект ацэньваюць у 733 млн даляраў, ад Кітаю на яго атрыманы крэдыт у 628 млн даляраў. Беларускай дзяржаве належыць 25% кампаніі, кітайскім інвэстарам — 29%, яшчэ 45% дзеляць дзьве эмірацкія кампаніі (каму яны належаць, невядома) і дзьве шатляндзкія кампаніі, 1% належыць расейскаму інвэстару.
Нядаўна зьявіліся зьвесткі пра тое, што «БНБК» пазначыла сярэднія заробкі на прадпрыемстве роўнымі амаль 26 тысячам даляраў. Пазьней апублікаваную дакумэнтацыю «выправілі», заробкі сталі меншымі за 1500 даляраў. «Праўку» патлумачылі памылкай бухгальтара.
Дырэктарам карпарацыі прызначаны Данііл Урыцкі, у якім у Кіргізстане апазналі зьбеглага былога прэм’ера Даніяра Ўсенава, якога на радзіме чакае пажыцьцёвае зьняволеньне за саўдзел у забойстве дэманстрантаў у 2010 годзе (беларускія ўлады лічаць перасьлед палітычна матываваным).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жонка Бакіева звольнілася з пасады дырэктаркі гатэля «Мінск»У ліку намесьнікаў Урыцкага — былая намесьніца кіраўніка справамі прэзыдэнта Беларусі Надзея Каткавец і сын намесьніка кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Ільля Снапкоў.
Штат кампаніі сёлета складаецца з 31 супрацоўніка, зь якіх 14 чалавек ва ўзросьце 26–35 гадоў, пяцёра маюць толькі сярэднюю адукацыю, а адзін — базавую.