У Менскім абласным судзе пачаліся спрэчкі ў справе аб забойстве бізнэсоўца Сяргея Мяцельскага пад Бярэзаньню (Беразіно) ў верасьні 2016 году, паведамляе Tut.by.
На лаве падсудных 41-гадовы Аляксей Сінькевіч, якому выстаўлена абвінавачаньне ў забойстве, вымаганьні, незаконных дзеяньнях са зброяй і падпале машыны бізнэсоўца. Другі фігурант справы — 29-гадовы Расьціслаў Сьветчыкаў, яго абвінавачваюць у вымаганьні.
«Іх віна цалкам даказаная. У судзе былі дэталёва дасьледаваныя абставіны забойства», — заявіў у пачатку спрэчак дзяржаўны абвінаваўца Вадзім Кісель.
Пракурор папрасіў прысудзіць Аляксею Сінькевічу пажыцьцёвае зняволеньне, а Расьціславу Сьветчыкаву — 24 гады зьняволеньня (з улікам раней прызначанага тэрміну за іншае злачынства). Сінькевіч і Сьветчыкаў ужо адбываюць пакараньне за забойства менскага мэнэджэра Андрэя Касяка. Іхныя прысуды — 23 і 24 гады зьняволеньня адпаведна. Сінькевіч не прызнаў сябе вінаватым у забойстве бізнэсоўца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як выбівалі пазыкі зь бізнэсмэна Мяцельскага. Абвінавачаны ў забойстве не прызнае вінуСуд таксама спытаў маці забітага бізнэсоўца, якога пакараньня яна просіць для абвінавачаных.
«Я страціла сына, дзеці страцілі бацьку. Самае высокае пакараньне прашу...» — заплакала Любоў Мяцельская. Яна заявіла да галоўнага фігуранта пазоў аб кампэнсацыі маральнай шкоды ў 30 тысяч рублёў.
Сінькевіч у апошнім слове: «Я ніколі не быў у Беразіно!»
У апошнім слове галоўны фігурант у справе, былы старшы прапаршчык в/ч 3214 Аляксей Сінькевіч назваў справу сфабрыкаванай, паўтарыў, што не прызнае сваю віну, а абвінавачаньне яго як былога вайскоўца незаслужана кідае цень на калегаў па цэху, паведамляе Tut.by.
«У справе 25 тамоў. 22 тамы — відаць, што займаліся працай. Але яшчэ 2 тамы — стукачоў, інфарматараў і іншых зацікаўленых асобаў, якія даюць супярэчлівыя і нічым не пацьверджаныя паказаньні. Я ўвесь час прасіў прайсьці паліграф, заяўляю: я гатовы, я ня ведаў Касяка і Мяцельскага, я ніколі ня быў у Беразіно!» — сказаў Сінькевіч.
Ён заклікаў суд арганізаваць дарасьсьледаваньне справы і «знайсьці злачынца».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падсеў у аўтамабіль і стрэліў з абрэза ў галаву. Пачынаецца суд у справе аб забойстве бізнэсоўца зь БярэзаніДругі абвінавачаны Расьціслаў Сьветчыкаў у апошнім слове папрасіў прабачэньня ў маці і сям’і Сяргея Мяцельскага і сказаў, што шкадуе, што не зьвярнуўся ў праваахоўныя органы адразу як даведаўся пра забойства.
«Тады не было б зьдзейсьнена другое злачынства, і быў бы жывы блізкі мне чалавек, мой былы працадаўца Андрэй Касяк», — дадаў Сьветчыкаў.
Прысуд абвесьцяць 26 ліпеня, у 11.30.
Што адбылося
26 верасьня 2016 году на аўтамабільнай разьвязцы пад Бярэзаньню згарэў дарагі аўтамабіль. У салёне знайшлі абгарэлае цела мясцовага бізнэсоўца Сяргея Мяцельскага з агнястрэльным раненьнем у галаву. Каб выйсьці на сьлед забойцы, затрымаць яго і сабраць доказы віны, сьледзтву спатрэбіліся два гады. У верасьні 2018 году Аляксей Сінькевіч напісаў яўку з павіннай.
Каго забілі
Сяргей Мяцельскі — бізнэсовец, былы супрацоўнік Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў.
Сьледзтва вызначыла, што ў 2011 годзе расходы бізнэсоўца значна перавышалі афіцыйныя прыбыткі. Нібыта ён купляў нерухомасьць і пазычаў іншым людзям буйныя сумы грошай. Называюць нават суму ў 100 тысяч даляраў. Мяцельскі супрацоўнічаў зь фірмамі і арганізацыямі ў Расеі. Зь імі ж меў справы менскі мэнэджэр Андрэй Касяк, якога забілі праз паўтара месяца пасьля Мяцельскага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У справе забойства бізнэсмэна Мяцельскага — вялікі доўг перад расейскай кампаніяйКаго абвінавачваюць
Аляксей Сінькевіч «не адзін дзясятак гадоў служыў у спэцпадразьдзяленьні РБ, падрыхтаваны, валодае зброяй», — характарызуе абвінавачанага намесьнік начальніка ГУБАЗіК МУС Уладзімер Ціхіня. Сінькевіча характарызуюць як дзёрзкага чалавека з прагай да лідэрства.
Расьціслаў Сьветчыкаў, паводле матэрыялаў сьледзтва, меў часовыя падпрацоўкі, займаўся спортам, працаваў кіроўцам мэнэджэра Андрэя Касяка.
Што вядома пра матыў злачынцаў
Сьветчыкаў у інтарэсах трэцяй асобы меўся спагнаць зь Мяцельскага пазыку ў 400 тысяч даляраў. Выканаўцам павінен быў быць Сінькевіч, але забойства Мяцельскага не плянавалася. Нібыта Сінькевіч выйшаў за межы дамоўленасьцяў. Таму Сьветчыкаў абвінавачваецца ў вымаганьні, а Сінькевіч — у забойстве, падпале машыны, вымаганьні і незаконных дзеяньнях са зброяй.