Адміністрацыя прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага прапануе Крамлю вызваліць украінскага рэжысэра Алега Сянцова, зьняволенага ў Расеі, адначасна з вызваленьнем у Кіеве кіраўніка «РИА Новости-Україна» Кірыла Вышынскага.
Пра гэта напісала ў Фэсбуку прэсавая сакратарка Зяленскага Юлія Мэндэль.
Напярэдадні прэс-сакратар Пуціна Дзьмітры Пяскоў заявіў, што першым крокам для нармалізацыі стасункаў Масквы і Кіеву магло б стаць вяртаньне ў Расею Кірыла Вышынскага.
Затрыманаму 15 траўня ў Кіеве Вышынскаму інкрымінуюць дзяржаўную здраду і правядзеньне падрыўной інфармацыйнай дзейнасьці супраць Украіны. Суд над ім пачаўся ў Кіеве ўвесну. Вышынскаму пагражае да 15 гадоў пазбаўленьня волі ў выпадку прызнаньня вінаватым. Ён усе абвінавачваньні абвяргае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кіеве будуць судзіць кіраўніка «РИА Новости Украина»Паводле дадзеных СБУ, Вышынскі на заданьне Масквы рыхтаваў інфармацыйныя матэрыялы ў Крыме для апраўданьня анэксіі Расеяй украінскага паўвострава, пазьней у Кіеве — для падтрыманьня груповак «ДНР» і «ЛНР». Як заяўляюць у СБУ, штомесяц ён атрымліваў на гэтую дзейнасьць 53000 эўра, якія паступалі з Расеі праз Сэрбію.
Алег Сянцоў — ураджэнец Крыму, неаднаразова выступаў супраць анэксіі паўвострава Расеяй. У жніўні 2015 году Паўночна-Каўкаскі акруговы вайсковы суд у Растове-на-Доне прысудзіў яго да 20 гадоў калёніі строгага рэжыму па абвінавачваньні ў падрыхтоўцы тэрактаў у Крыме.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кіеве, Менску, Лёндане, Нью-Ёрку і іншых гарадах праходзяць акцыі салідарнасьці з Алегам Сянцовым