Жыхар казахскага гораду Актобэ Нагашыбай Жусупаў, ліквідатар аварыі на Чарнобыльскай АЭС, скончыў жыцьцё самагубствам. Ён выскачыў з акна пятага паверху, як сказала дачка, папярэдне паглядзеўшы новы сэрыял «Чарнобыль» тэлеканалу HBO. Пра гэта паведамляе Daily Mail.
Мужчына скончыў жыцьцё самагубствам яшчэ ў чэрвені, але вядома пра гэта стала толькі цяпер.
61-гадовы Нагашыбай Жусупаў у 1986 годзе быў удзельнікам ліквідацыі наступстваў аварыі ў Чарнобылі — у ліку першых салдат-запасьнікаў, якіх мабілізавалі ў якасьці ліквідатараў. Працаваў непасрэдна ў чацьвёртым блёку, зусім побач з рэактарам. Пасьля ліквідацыі аварыі на ЧАЭС працаваў на савецкім ядзерным палігоне ў Сяміпалацінску.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як навуковец спрабаваў пераканаць улады ратаваць людзей пасьля Чарнобыльскай катастрофыСябры расказалі, што Жусупаў адчуваў сябе падманутым, бо многія чарнобыльцы атрымалі кватэры і павышаныя пэнсіі ад урадаў былога СССР, а яму нічога не далі.
Пасьля ЧАЭС ён шмат гадоў спрабаваў атрымаць кватэру ад дзяржавы. Ад 1997 году разам з жонкай і пяцьцю дзецьмі жыў у інтэрнаце, больш за 10 гадоў стаяў у чарзе па кватэру, пакуль не даведаўся, што яго выкрасьлілі са сьпісу. Жусупаў падаў у суд, але нічога і не дамогся.
«Я лічу, што ён скокнуў з вышыні ад адчаю, бо шмат гадоў ня мог атрымаць жытло. Цяпер у вобласьці жыве 244 ліквідатары аварыі ў Чарнобылі, усе мы інваліды. Калісьці нас было больш за 2 тысячы чалавек. Каля 20 ліквідатараў дагэтуль стаяць у чарзе на жытло. Я буду ўзьнімаць пытаньне перад акіматам, каб удава Нагашыбая ўсё ж атрымала кватэру», — сказаў кіраўнік грамадзкай арганізацыі «Інваліды Чарнобыля Акцюбінскай вобласьці» Бакітжан Сатаў казахстанскаму выданьню «Актобэ Таймз».
25-гадовая дачка ліквідатара Гаўхар сказала, што бацька паглядзеў нашумелы сэрыял «Чарнобыль» і пасьля гэтага знаходзіўся ў прыгнечаным стане, нават плакаў, бо ўсё ўбачанае выклікала цяжкія ўспаміны. У канцы чэрвеня ён выскачыў з даху пяціпавярховага дома.
Сэрыял тэлеканалу НВО «Чарнобыль», які выйшаў у траўні сёлета, быў прызнаны найпапулярнейшым сэрыялам усіх часоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сэрыял «Чарнобыль» атрымаў 19 намінацый на прэмію «Эмі»