Пракуратура штату Масачусэтс закрыла крымінальную справу супраць актора Кевіна Спэйсі пасьля таго, як меркаваны пацярпелы адмовіўся даць паказаньні.
Выканаўцу галоўнай ролі ў тэлесэрыяле «Дамок з картаў» абвінавачвалі ў сэксуальных дамаганьнях да 18-гадовага юнака. Паводле вэрсіі абвінавачаньня, гэта адбылося ў 2016 годзе ў бары гораду Нантакет, штат Масачусэтс.
У пракуратуры паведамілі, што рашэньне аб закрыцьці справы і зьняцьці абвінавачаньняў з Спэйсі было прынята пасьля таго, як пацярпелы скарыстаўся канстытуцыйным правам, адмовіўшыся даваць паказаньні супраць самога сябе.
Адвакаты Спэйсі сьцьвярджалі, што маладзён зьнішчыў некаторыя тэкставыя паведамленьні, якія захоўваліся ў ягоным тэлефоне і маглі паслужыць доказам вінаватасьці Спэйсі. Пазоўнік, імя якога не раскрываецца, заявіў, што ён згубіў тэлефон і таму ня змог даць яго ў распараджэньне сьледзтва.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Двухразоваму ляўрэату «Оскара» афіцыйна прад’явілі абвінавачваньні ў дамаганьніАмэрыканскага актора абвінавачваюць у непрыстойных паводзінах і сэксуальных дамаганьнях каля 30 чалавек.
Абвінавачаньні супраць Спэйсі былі выстаўленыя пасьля таго, як актор Энтані Рэп абвінаваціў яго ў тым, што ў 1986 годзе, калі Рэпу было 14 гадоў, Спэйсі нібыта спрабаваў яго спакусіць. Наступныя выкрыцьці прывялі да таго, што Спэйсі вывелі з акторскага складу «Дамка з картаў», у якім ён выконваў галоўную ролю. Акрамя таго, зь фільму «Ўсе грошы сьвету» былі выразаныя ўсе сцэны з удзелам актора.
Кевін Спэйсі зьняўся ў дзясятках фільмаў. Ён двойчы станавіўся ляўрэатам прэміі «Оскар».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ЗША рэзка вырасла колькасьць скаргаў на сэксуальныя дамаганьні