Мэксыканскі наркабарон Хаакін Гусман, называны «Эль Чапа», быў пакараны пажыцьцёвым зьняволеньнем і дадаткова 30 гадамі турмы, а таксама будзе павінен заплаціць 12,6 мільярдаў даляраў.
Яшчэ ў лютым суд у ЗША прызнаў «Эль Чапа» вінаватым па 10 эпізодах, у тым ліку ў кантрабандзе наркотыкаў і кіраваньні злачыннай арганізацыяй. Прысуд па справе быў вынесены 17 ліпеня.
Сьведкі на працэсе давалі паказаньні, што Гусман асабіста ўдзельнічаў у катаваньнях і забойствах меркаваных ворагаў свайго наркакартэлю.
«Эль Чапа» мае адбываць пакараньне ў турме амэрыканскага штату Каларада. Адвакатка асуджанага заявіла тэлеканалу CNN, што ён будзе абскарджваць вырак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я ведаю, што ты ўжываеш насвай». Спартоўца судзяць за сьмерць цяжкаатлета з алімпійскай вучэльніГусман ўзначальвае найбуйнейшы ў Мэксыцы наркакартэль «Сіналоа». Яго штогадовы прыбытак ад продажу наркотыкаў у ЗША ацэньваецца больш як на 320 мільёнаў даляраў. Часопіс Forbes назваў «Эль Чапа» адным з самых уплывовых людзей у сьвеце, які практычна ў адзіночку кантралюе ўвесь какаінавы рынак ЗША.
Раней Эль Чапа ужо быў асуджаны ў Мэксыцы, але двойчы зьбег з турмы. Першы раз — у 2001 годзе з турмы «Пуэнтэ-Грандэ». У плян яго ўцёкаў былі ўцягнутыя амаль 80 чалавек. Другія ўцёкі Гусман зрабіў у 2015 годзе з мэксыканскай турмы строгага рэжыму з найбольшай аховай. Для ўцёкаў наркабарон выкарыстаў тунэль даўжынёй паўтара кілямэтра, які пачынаўся ў ягонай камэры.