Споведзь беларускі, якая 7 год правяла ў калёніі за наркотыкі і зьнялася ў кіно

Ганна Пячыніна

За апошнія сем гадоў у жыцьці Ганны Пячынінай адбылося шмат зьменаў. Яна нарадзіла трэцяе дзіця — сына. Выйшла на сцэну тэатру. Зьнялася ў вядомым фільме «Дэбют». Незвычайна тое, што ўсе гэтыя падзеі адбыліся ў калёніі, дзе Ганна адбывала пакараньне.

«Свабода» сустрэлася з жыхаркай Горадні ў дзень яе вызваленьня з гомельскай калёніі. Пагутарылі праз тры дні на волі. Пра турму, вызваленьне, сямʼю, дзяцей, прыгажосьць, несправядлівасьць, тэатар, кіно. Пра тое, як выжыць за кратамі і застацца чалавекам.

«Найбольш балючае і страшнае за гэты час — тое, што дзеці расьлі безь мяне», — кажа Ганна.

Кадар зь фільму «Дэбют»

Каротка пра гераіню

  • Ганьне 40 год.
  • Жыве ў Горадні.
  • У 2012 годзе трапіла ў калёнію па артыкуле 328 Крымінальнага кодэксу — за наркотыкі.
  • Атрымала на судзе 8 гадоў пазбаўленьня волі.
  • Год скінулі па амністыі.
  • Пакараньне адбывала ў Гомельскай жаночай калёніі.
  • Калі трапіла за краты, яе дочкам было 7 і 12 гадоў. Цяпер ім 14 і 20.
  • У калёніі нарадзіўся сын Ваня. Сёлета ён ідзе ў першую клясу.
  • Удзельнічала ў спэктаклі турэмнага тэатру «Сонца сьвеціць усім», які ў 2016 годзе паставілі ў Гомельскім абласным драмтэатры.
  • Пра пастаноўку выйшаў дакумэнтальны фільм Анастасіі Мірашнічэнкі «Дэбют» (2018), дзе адна з гераінь — Ганна.

Першы год у калёніі не распакоўвала рэчы

«Спачатку я не разумела — чаму я тут? Першы год нават не распакоўвала рэчы, бо была ўпэўненая, што гэта памылка, я хутка адсюль выйду. Потым пачала думаць — для чагосьці мне гэта патрэбна. Напрыклад, я шмат чаму навучылася ў стасунках зь людзьмі. Раней ніколі не была сярод такога мноства людзей з катастрофамі цела і душы. Многія жанчыны сядзелі за алімэнты, яны на волі злоўжывалі алькаголем, у іх былі зламаныя насы, перакошаныя вусны, распухлыя твары. Былі дзетазабойцы. У звычайным жыцьці можна дыстанцыявацца ад непрыемных людзей. У калёніі такой магчымасьці няма. Хочаш ці не — але знаходзісься поруч з такімі людзьмі. Тут я навучылася паводзінам у розных сытуацыях».

Калёнія як жыцьцёвы досьвед

«Гэта досьвед, якога я не змагла б атрымаць тут, на волі. На волі я пазьбягала непрыемных людзей, сытуацый, непрыгожых месцаў, рэчаў. Я любіла хадзіць на выставы, у тэатар, гуляць зь дзецьмі ў парку. Усё выдатна, жыцьцё — суцэльнае сьвята. І раптам усё афарбоўваецца ў панылыя колеры.

У калёніі ніколі не застаесься сам-насам з сабой, нават у прыбіральні — кабінкі ня маюць дзьвярэй. Ты пастаянна зь некім побач. Нас там вельмі шмат, як шпротаў у бляшанцы. Праблема нават ранкам прыбраць ложак, трапіць у прыбіральню за пэўны кароткі час.

Таму нехта прачынаецца раней, іншыя церпяць да прыбіральні на фабрыцы.

Калі ня можаш аддаліцца ад людзей фізычна — то вучысься быць сам-насам псыхалягічна. Я навучылася чытаць кнігу і ня чуць нічога навокал — гучнага радыё, размоў.

Гэтыя гады можна расцаніць як тайм-аўт. Час на тое, каб адумацца, прааналізаваць — як ты жыла, што і калі пайшло ня так».

Жаночая калёнія, архіўнае фота

Узялі, калі везла для сябе «траву»

«Гэта былі марыхуана і гашыш. Так атрымалася. Нават ня ведаю. Мне здаецца, што наркотыкі былі заўсёды, і гэта ўспрымалася нармальна — падумаеш, пакурылі на дыскатэцы, падумаеш — пакурылі на лецішчы. У нейкі момант я везла для сябе „траву“ — і мяне ўзялі.

Калі я першы раз у жыцьці ўзяла ў рукі наркотыкі — мне здаецца, я тады адразу адчула, што мяне пасадзяць. Ты здаесься сам сабе несьмяротным — раз прайшло без наступстваў, другі раз. Думаеш — але я ня краду, не валяюся пад плотам, я працую, гадую дзяцей, нікому не перашкаджаю, куру сабе час ад часу. Не адразу прыходзіць разуменьне, што ты робіш нешта няправільна».

Ганна Пячыніна. Кадар зь фільму «Дэбют»

Знаёмая выйшла з калёніі — і памерла празь дзесяць дзён

«Спачатку ў калёніі я нават думала, што ня кіну ўжываць „траву“, калі вызвалюся. Але маё стаўленьне зьмянілася пасьля таго, як прагучалі два выразныя званочкі. З намі сядзела дзяўчына. Яна вызвалілася і пісала нам лісты. Потым — маўчаньне. Прыйшоў ліст ад яе маці. Яна пісала, што дачка памерла ад перадазіроўкі. Яна ехала ў аўтобусе, вывалілася зь дзьвярэй і памерла проста за прыпынкам.

Потым вызвалілася яшчэ адна жанчына. Яна была эрудытка, адукаваная, мела шмат цікавых ідэй, малявала, выдумляла розныя рэчы. І памерла празь дзесяць дзён пасьля вызваленьня. Гэта мяне прыбіла. Уразіла. Пасьля гэтага я зразумела, што калі вазьму ў рукі наркотык — то гэта альбо калёнія, альбо сьмерць. Я не гатовая плаціць такую вялікую цану».

Муж не даваў дзецям забыць маці

«Старэйшая дачка пачала ўжо жыць самастойна. Сярэдняй амаль 15 гадоў. Сёлета Ванька ідзе ў школу. Ён такі вялікі, самастойны, вельмі сурʼёзны. Ванька саромеецца, а потым — раз, і прыцісьнецца да мяне. Ён робіць выгляд, што заняты сваімі важнымі справамі, а сам прыйдзе на кухню, праверыць — ці на месцы я. Гэта родны чалавек — а трэба зь ім наноў знаёміцца. Уявіце, што я ня ведаю, у якія гульні гуляе мой сын. Мне шмат трэба вучыцца.

Ганна Пячыніна. Кадар зь фільму «Дэбют»

Мне надта пашанцавала з мужам. Ён ня кінуў мяне, дзяцей. Ён забраў Ваньку з Дому дзіцяці пры калёніі, калі яму было паўтара года. Ільля зарабляў грошы, прыяжджаў на спатканьні, прывозіў дзяцей. Ён не даваў ім забыць мяне. Для мяне ж клапатліва зьбіраў „архіў“ — дакумэнтаваў, здымаў, як расьлі дзеці».

У паўтара года бацька забраў сына з калёніі

«Ваня нарадзіўся, калі я ўжо шэсьць месяцаў была за кратамі. Яго аддалі ў Дом дзіцяці пры калёніі. Хто меў грудное малако — мог наведаць сваё дзіця шэсьць разоў на дзень. Хто ня меў — гадзіну на дзень. Мне пашанцавала, што я здолела захаваць малако.

Калі Ваньку было паўтара года, мы вырашылі з мужам, што ён забярэ сына дахаты. Па вяртаньні дахаты Ваню паклалі з татам у шпіталь з бранхітам. Быў такі момант — Ільля памыўся і кінуў на ложак ручнік. Ваня — а яму паўтара года ўсяго было — узяў ручнік, акуратна склаў і павесіў на край ложка. Вечарам зайшла мэдсястра, загадала дзецям зьбіраць цацкі і класьціся спаць. Натуральна, „хатнія“ дзеці як і ня чулі — працягвалі гуляць. Ваня хуценька і свае цацкі склаў, і ў дзяцей забраў. Лёг, склаў ручкі роўненька, заплюшчыў вочы...

Можа здацца, што гэта забаўная сытуацыя. Але мяне гэты аповед прывёў у жах. Я зразумела тады слушнасьць свайго рашэньня не трымаць Ваню пры сабе ў турме і аддаць яго дахаты».

«Адміністрацыя калёніі казала, што гэта іх дзіця, а не маё»

«Калі ўжо ня корміш дзіця грудным малаком, то можна ўбачыць яго толькі гадзіну на дзень. За гэты кароткі час хочацца нешта зрабіць максымальна прыемнае для дзіцяці. Але прынесьці, напрыклад, цукерку ці зэфір нельга — парушэньне санітарна-гігіенічных правілаў.

Мяне неяк злавілі за гэтым злачынствам — прынесла цукерку Ваню. Загадалі пісаць тлумачальную, выклікалі на камісію, пачалі мяне адчытваць. Я выбачалася перад імі. Стаю, мну гэтую сукенку, вочы ў падлогу. У нейкі момант гучыць фраза: „Вы разумееце, што гэта наша дзіця? Мы за яго адказваем“. Тут ува мне прачнулася злосная тыгрыца, якая абараняе сваё кацяня. Я кажу, што вельмі вам удзячная, што ён накормлены і чысьценькі, але гэта мой сын, мой, ня ваш, і ён заўсёды будзе маім! У мяне былі шалёныя вочы тады».

Ганна Пячыніна. Кадар зь фільму «Дэбют»

«Калёнія ня робіць зь цябе іншага чалавека»

«Яна выцягвае зь цябе тое, што было ўнутры, нешта схаванае на волі ад цябе і іншых. Добра, калі гэтыя схаваныя рэзэрвы — добрыя. Бывае так, што чалавек пачынае пісаць даносы, красьці ў сваіх суседак, робіць за пачак цыгарэт страшныя рэчы.

Чалавеку трэба працаваць над сабой, выхоўваць неяк сябе. Іншыя людзі пра гэта не задумваюцца — могуць спусьціць на цябе ўсіх сабак. Я да такога не прывыкла. У калёніі гэта норма, што людзі дазваляюць сабе такія паводзіны. Могуць украсьці памаду і прадаць у суседні атрад — і гэта норма».

Жаночая калёнія, архіўнае фота

Цяжка дараваць некаторыя рэчы

«Памятаю — цёмны марозны ранак, завіруха. Чакаю, пакуль адчыняць брамку, каб ісьці ў Дом дзіцяці і пакарміць Ваню. Чую, як маё дзіця плача. Брамку ніяк не адчыняюць. Прашу адчыніць. Супрацоўніца глядзіць на гадзіньнік і жорстка адказвае: „Яшчэ пяць хвілін!“ Плачу — і сьлёзы зьмешваюцца на твары са сьнегам.

Я не асуджаю, гэта выбар кожнага — ісьці на супрацоўніцтва з адміністрацыяй, сачыць за іншымі, даносіць. Гэта агідна.

У жаночай калёніі нельга праносіць ежу, нават цукерку, на фабрыку. Нельга касмэтыку мець на працы. А так хочацца падфарбаваць вусны. Наконт гэтага даносяць. Галаву памыла не ў дазволены дзень — можна толькі два дні на тыдзень. Цукерку пранесла на фабрыку. За ўсё гэта можаш атрымаць пакараньне, калі цябе „здадуць“. Чаму? Таму што ім будзе палёгка, ці ты ім проста не падабаесься, ці адмовіла ў той жа цукерцы, і табе так адпомсьцілі.

У калёніі хочацца мець прыгожую рэч. Вось бранзалет. Яго мне зрабіла адна дзяўчына. Ён на ліпучцы, без матузкоў. Матузкі — нельга».

Па якіх правілах жыве жаночая калёнія

«Жаночая калёнія не жыве „па паняцьцях“, як мужчынская. Але ёсьць свае непісаныя правілы. У сварцы, канфлікце, на якой бы глебе яны ні ўзьнікалі — ніколі нельга чапаць сямʼю. Казаць: „А твой муж, а твая маці, а твае дзеці...“ Калі так нехта зачэпіць — 100% будзе бойка. Шмат знойдзецца ахвотных падтрымаць той ці іншы бок. Чужая сямʼя — таямніца. Хай людзі нават сядзяць за алімэнты. Нельга ўзгадваць сямʼю — кропка».

Што дапамагае выжыць у калёніі

«Вельмі важная падтрымка сямʼі. Муж вельмі мяне апякаў, клапаціўся пра ўсё. На спатканьнях ня хочаш расстройваць блізкіх, таму ня скардзісься, ня плачаш. Бо разумееш — пачнеш плакаць і ня спынісься.

Дапамагала вытрымаць усё адчуваньне, што цябе чакаюць, што ты патрэбная, што ты маеш моцны тыл.

Дабівала часам бясьсільле — што ня можаш дапамагчы хворай маці, што ня можаш зь дзецьмі зрабіць урокі.

Цяжка, калі ты адзін. Былі ў калёніі жанчыны, якія пачыналі панікаваць ад таго, што хутка вызваленьне. Нават прасіліся ў начальніка калёніі застацца. Яны баяцца вызваляцца. Ім часам няма куды ісьці. Са мной вызвалілася жанчына — у той жа сукенцы, у якой мы ўсе ходзім у калёніі. Выйшла з маленькім пакуначкам. Я разумею, што гэта ўсё, што ў яе ёсьць. І грошы на квіток, якія далі ў калёніі. Яна ў разгубленасьці».

«Тэатар мяне пераканаў, што ёсьць жыцьцё на Марсе»

«Я брала ўдзел у спэктаклі „Сонца сьвеціць усім“, які паказвалі на сцэне Гомельскага абласнога драматычнага тэатру ў 2016 годзе. Паралельна Анастасія Мірашнічэнка здымала свой фільм пра нас „Дэбют“, які выйшаў на экраны летась.

На волі я, можа, задумвалася ў глыбіні душы, каб выйсьці на сцэну ці зьняцца ў кіно. Мне перашкаджаў мой панічны страх публічных выступаў. У калёніі я трапіла ў тэатар. Ён там існуе ўжо 12 гадоў дзякуючы рэжысэру Аляксею Бычкову. Ён займаўся з намі, не даваў забыць, што мы жанчыны, людзі. Ён ставіўся да нас па-чалавечы.

Аляксей Міхайлавіч не ламаў мяне, не прымушаў нешта рабіць. Ён даставаў зь мяне тое, пра што я сама не падазравала.

Аляксей Міхайлавіч быў адным з тых, хто захаваў ува мне веру, што жыцьцё на Марсе — ёсьць. Калі глядзіш праз шчыліну ў плоце на горад — насупраць жаночай калёніі супэрмаркет, шматпавярховік, думаеш пра іншае жыцьцё, дзе людзі вяртаюцца з працы, гатуюць вячэру... А ты мерзьнеш у сіняй целагрэйцы і думаеш — ці ёсьць жыцьцё на Марсе».

«Калёнія спрабуе перакруціць цябе на мясарубку»

«Калёнія — гэта асаблівы сьвет. Вельмі цяжка там захаваць сябе. Калёнія падмінае цябе, спрабуе перакруціць на мясарубку. Цяжка быць не такім, як большасьць, мець сваю думку. Гэта і тут цяжка, а там — пагатоў. Ёсьць невыносныя людзі. Ёсьць моманты, якія для цябе прынцыпова недапушчальныя. Калі ты маеш цьвёрдыя перакананьні і прынцыпы — гэта перашкаджае табе жыць. Але яны дапамагаюць захаваць сябе.

Кадар зь фільму «Дэбют»

Па вызваленьні так хацелася бегчы як мага хутчэй з калёніі, выдыхнуць, не азірацца назад. Прачнуцца — не ад лепшага сну. Гэта ня быў жах, але панылы сон, які сьніцца табе штодзень на працягу сямі гадоў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Піў бязбожна». Як ананімны алькаголік Васіль выкараскаўся са дна

Алена Струвэ. Турма, мужчына і жанчына